Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Нідэрляндаў заклікаў расьсьледаваць ролю Ўкраіны ў справе пра MH17


Вільбэрт Паўлісэн з Аб'яднанай сьледчай групы (JIT) на прэс-канфэрэнцыі JIT наконт расьсьледаваньня катастрофы MH17 Malaysia Airlines у 2014 годзе
Вільбэрт Паўлісэн з Аб'яднанай сьледчай групы (JIT) на прэс-канфэрэнцыі JIT наконт расьсьледаваньня катастрофы MH17 Malaysia Airlines у 2014 годзе

Дэпутаты парлямэнта Нідэрляндаў хочуць ведаць, чаму Украіна не зачыніла паветраную прастору над усходам краіны падчас баявых дзеяньняў. Урад Нідэрляндаў ня бачыць неабходнасьці ў спэцыяльным расьсьледаваньні, але не пярэчыць супраць збору фактаў — паведамляе Deutsche Welle.

У Нідэрляндах дэпутаты Другой палаты парлямэнта выказаліся за расьсьледаваньне ролі Ўкраіны ў справе аб зьнішчэньні малайзійскага самалёта MH17 над Данбасам у ліпені 2014 года. Адпаведная ініцыятыва ідзе ад сацыялістаў і партыі «Хрысьціянска-дэмакратычны заклік» (ХДЗ). Аб гэтым яны выказаліся ўвечары ў аўторак 1 кастрычніка — іх падтрымалі дэпутаты ад усіх прадстаўленых у парлямэнце партый, у тым ліку, і ад кіруючых.

Дэпутаты хочуць высьветліць, чаму Украіна не зачыніла паветраную прастору над Данбасам падчас баявых дзеяньняў, паведаміла тэлерадыёкампанія NOS, якая зьяўляецца часткай сыстэмы грамадзкага вяшчаньня Нідэрляндаў.

Міністар замежных спраў Нідэрляндаў Стэф Блёк стрымана адрэагаваў на заклік парлямэнтарыяў, заявіўшы, што ўрад ня бачыць неабходнасьці ў правядзеньні падобнага расьсьледаваньня. Ён адзначыў, што такое расьсьледаваньне будзе складанай задачай, паколькі спатрэбіцца і садзейнічаньне Расеі, «бо гаворка ідзе і пра яе паветраную прастору». У той жа час Блёк заявіў, што ня мае нічога супраць збору фактаў для вывучэньня магчымасці правядзення расследаваньня.

Ня трэба псаваць адносінаў з Украінай

Дэпутат ад ХДЗ Крыс ван Дам выказаў меркаваньне, што з правядзеньнем расследаваньня марудзіць нельга.

«Гэта важна для сваякоў загінулых. Важна даведацца, ці можна было прадухіліць тое, што здарылася, зразумець, што адбылося. Гаворка ідзе і аб справядлівасьці, а таксама пра тое, каб зрабіць высновы на выпадак новых аналягічных сытуацый», — растлумачыў ван Дам.

У Нідэрляндах структура, якая адказвае за пытаньні бясьпекі, яшчэ ў 2015 годзе прыйшла да высновы, што Ўкраіне варта было зачыніць сваю паветраную прастору, паколькі ў гэтым выпадку MH17 паляцеў бы ў Куала-Лумпур іншым маршрутам і ня быў бы зьбіты.

Тым не менш, урад Нідэрляндаў да гэтага часу так і не прыняў ніякіх мераў супраць Украіны. У рамках міжнароднага расьсьледаваньня па справе аб знішчэньні MH17 урад палічыў важным захоўваць добрыя адносіны з Кіевам, адзначае NOS.

Калі будзе суд і каго абвінавачваюць?

Сярод тых, хто абвінавачваецца ў дачыненьні да выбуху самалёта, фігуруе грамадзянін Расеі і былы «міністар абароны» так званай «ДНР» Ігар Гіркін, генэрал-маёр Сяргей Дубінскі, палкоўнік Алег Пулатаў (Гюрза) і грамадзянін Украіны Леанід Харчанка. Уладзімір Цэмах, якога Ўкраіна перадала Расеі падчас абмену палоннымі таксама зьяўляецца падазраваным у справе па зьбіцьці самалёта.

Суд над галоўнымі падазраванымі павінен адбыцца 9 сакавіка 2020 года Гаагскім судзе нават у выпадку адсутнасьці падазраваных.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG