Украінская кампанія «Укртранснафта» атрымала больш за 4 мільёны эўра ад расейскага прадпрыемства «Транснафта» ў якасьці капэнсацыі за трапляньне ў нафтатранспартную сыстэму сыравіны з падвышаным утрыманьнем хлёрарганічных злучэньняў.
У Кіеве ўдакладнілі, што сума не канчатковая, бо «Транснафта» працягвае рэзэрваваць магутнасьці «Укртранснафты», паведамляе Інтэрфакс.
У канцы красавіка 2019 году пасьля фіксацыі ў нафтаправодзе «Дружба» расейскай бруднай нафты і адмовы яе прыёму эўрапейскімі кампаніямі быў прыпынены транзыт па тэрыторыі Беларусі і Ўкраіны.
Аднавіць пкастаўкі ўдалося 11 траўня пасьля пацьверджаньня эўрапейскім бокам гатоўнасьці прымаць сыравіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белнафтахім» праз пастаўкі бруднай нафты з РФ зьнізіў экспарт прадукцыі на $ 800 млнПра значны эканамічны ўрон ад бруднай нафты з Расеі заяўляла і Беларусь. Так, кіраўніцтва Міністэрства эканомікі канстатавала, што сытуацыя з пастаўкамі няякаснай нафты прывяла да зьніжэння экспарту прадукцыі прадпрыемстваў канцэрну «Белнафтахім» на 800 мільёнаў даляраў.
Масква і Менск вядуць перамовы адносна памеру кампэнсацыі, аднак пакуль што ў гэтым пытаньні бакі кампрамісу не дасягнулі.
Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае
- 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
- Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
- 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
- Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
- Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
- 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
- Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
- Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
-
26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.
27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».
- 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту