У міжрэччы Сажа і Дняпра схаваліся нешматлікія пасёлкі. Яны частка Лоеўскага раёну, але «хуткая» да іх езьдзіць з Гомля. Да Лоева — 15 кілямэтраў, але ехаць туды «па зямлі» — 130 кілямэтраў. Па вадзе ходзіць паром — толькі да зімы. Дарогі паміж вёскамі часта лясныя, з калюжынамі і паваленымі дрэвамі, на некаторых мапах іх нават няма.
Карэспандэнты Свабоды зьезьдзілі да вяскоўцаў, якія часьцей бачаць ваўкоў і рысяў, чым прадстаўнікоў улады, мэдыцыны і гандлю.
«Не пайшоў галасаваць — расстралялі». Як у Славе жыве дачка рэпрэсаванага
З Гомля да пасёлку Слава можна дабрацца па дарозе Гомель — Абакумы, а далей па гравійцы. За могілкамі Славы дарога скончылася — тупік. Да Лоева жыхарам пасёлку можна дабрацца двума шляхамі: на пароме ад вёскі Абакумы (ён ходзіць да зімы, шэсьць разоў на дзень) ці па шашы — каля 130 кілямэтраў. Аўталаўка езьдзіць два разы на тыдзень.
У вёсцы засталіся дзьве сямʼі мясцовых і некалькі дачнікаў.
87-гадовая Валянціна Верамʼёва жыве тут са сваім сынам Мікалаем. Нарадзілася ў суседняй Хамінцы. Апроч Лоева, за ўсё жыцьцё нідзе не была.
У шэсьць гадоў яна засталася бяз бацькі.
«Тата не пайшоў галасаваць — расстралялі. Далі „вышку“ — і гатова, з канцамі. Памятаю, што суд быў у Лоеве. Мая бабуля мяне прывезла, кажа — стань каля таты. Я стаяла каля яго. А ці ён белы быў, ці чорны — ня памятаю! Ён верыў у Бога, не хацеў галасаваць — вось і будзь здароў. Потым прыслалі паперку, што ён не вінаваты быў, рэабілітаваны — а што нам з той паперкі, калі яго расстралялі?» — кажа Валянціна.
На той час яе маці была цяжарная, пасьля «суду» над мужам яна нарадзіла малодшую дачку. Усяго ў сямʼі было чацьвёра дзяцей.
«Як бацьку забралі, я ў школу пайшла ў Абакумы. Адзін раз мне там далі падʼесьці. А як даведаліся, што бацька не пайшоў галасаваць — дык нам зь сястрой не далі есьці ў школе. Мы стаім і пазіраем — а ці ж мы вінаватыя, што ён не пайшоў галасаваць? Два клясы скончыла — і ўсё на гэтым. Зімой замяце, загудзе — ідзі па полі. Бедната. Бульбіну зьясі — і сядзі глядзі на нішчымнае», — узгадвае Валянціна.
Цяпер і да яе прыяжджаюць са скрынкай для галасаваньня.
«За каго я буду галасаваць? За каго скажуць — за таго і буду. Скажуць за вас галасаваць — і за вас прагаласую», — кажа Валянціна.
Яе сын Мікалай дзівіцца з нас: «Ой, вы як першы раз. Хіба ня ведаеце, як галасуюць? Гэта ня толькі ў нас так — паўсюль. Скажуць: „Кідай за таго“ — за таго і кінуць», — сьмяецца Мікалай.
Дзікіх зьвяроў яны не баяцца. Кажуць — і ваўкі ходзяць тут, і дзікі. Адзін дзік нават па двары хадзіў, а потым цыбулю ў гародзе перарыў.
«Я жыву ў лесе. Каго баяцца?». Як жыве Падрачыцкае, ад якога да райцэнтру 130 кілямэтраў
Да пасёлку Падрачы́цкае (Лоеўскі раён) зручней дабрацца ад вёсак Рудня Марымонава і Рудня Каменева (Гомельскі раён). Дарога гравійная. Мясцовыя кажуць — «як пральная дошка». Гадоў шэсьць таму і такой не было.
Ад пасёлку Слава да Падрачыцкага дабірацца мусім па лясной дарозе, якой няма на мапе, фарсіруючы калюжыны, праз суцэльнае бездарожжа — і гэта ў «сухую» пару. Зімой, у мокрую восень і брудную вясну тут наўрад ці праскочыш.
Раней сюды пошту вазілі на трактары з Гомля. Але новая дарога праз Рудню-Марымонаву і паром на Лоеў, які запусьцілі пяць гадоў таму, спрасьцілі жыцьцё вяскоўцам. Ад Падрачыцкага з Лоева — каля 15 кілямэтраў. Але ўзімку, калі не працуе паром, трэба ехаць у абʼезд — больш за 130 кілямэтраў. Да сельскага Савету ў вёсцы Стра́дубка, на тым жа правым беразе Дняпра, таксама ехаць у абʼезд, праз Цыкуны і Гарошкаў, каля 120 кілямэтраў.
Хоць да Лоева напрасткі 15 кілямэтраў, але па лясных калдобінах ня кожны легкавік праедзе да парому. Узімку паром стане — і зусім ня будзе сэнсу «прарывацца» празь бездарожжа.
Падрачыцкае — гэта каля 20 мясцовых людзей і некалькі дачнікаў.
Самая старэйшая жыхарка пасёлку — 89-гадовая Валянціна Равянок. Да яе з Кіева часта прыяжджае дачка з унукамі.
«Я тут нарадзілася, на левым беразе Дняпра. Цяпер жыву ў Кіеве — на правым беразе», — жартуе дачка Тацяна.
Маршрутка ходзіць у Лоеў з суседняга Першамайску два разы на месяц. Яна таксама едзе кругам — праз Цыкуны і Гарошкаў, каля 120 кілямэтраў. Пусьцілі маршрутку і ў Гомель — гэта каля 70 кілямэтраў. «Хуткая» таксама едзе з Гомля, гэта мінімум 45–50 хвілін.
Тацьцяна была б усьцешаная, каб маці пераехала жыць да яе ў Кіеў, хоць на зіму. Але Валянціна Трафімаўна цьвёрда вырашыла і абвясьціла пры нас: «Са свайго кутка — нікуды!»
«Я жыву ў лесе. Тут нікога старэйшага за мяне няма. Мне ня страшна — каго баяцца? Што Бог дасьць — тое і будзе. Лісы, ваўкі, дзікі ў хату не палезуць. Паганы чалавек можа палезьці, але пакуль яны сюды не дабраліся», — усьміхаецца Валянціна Трафімаўна. Усе ручнікі, дыванкі і абразы, якія ўпрыгожваюць яе хату, вышывала яна сама.
Заснаваў вёску і паехаў на Салаўкі. Як жыве (малая) Мядзьведзіца
У зарэчнай зоне Гомельскага раёну нас чакаў космас: вёскі Пуцяводная Зьвязда, Мядзьведзіца і фантастычнае круглае возера. Вакол яго не сьціхаюць спрэчкі.
Аргентынскі пісьменьнік нямецкага паходжаньня Ганс-Ульрых фон Кранц напісаў у сваёй кнізе «Таемная зброя Трэцяга Рэйху» пра сакрэтныя выпрабаваньні нацыстамі ядзернай зброі. Пісьменьнік сьцьвярджаў (хоць ягоную інфармацыю зьняпраўдзілі), што нацысты выпрабоўвалі ядзерную зброю на поўдні Гомельскай вобласьці. І гэтае круглае возера — нібыта кратэр ад першага ў гісторыі атамнага выбуху. Адмыслоўцы прыкінулі па датах — не сыходзіцца.
Другая вэрсія ўзьнікненьня возера — сакрэтная, толькі для «спэцыялістаў». За савецкім часам вадасховішча вырашала касьмічныя задачы.
«Круглае возера, хутчэй за ўсё, выкарыстоўвалася ў СССР пры распрацоўцы навігацыйнай спадарожнікавай сыстэмы. Вадасховішча было абʼектам для тэставаньня сыстэмы. Магчыма, як люстэрка адбівала сыгнал для сувязі абʼектаў у космасе. Пасьля тэстаў вадаём аддалі сельскай гаспадарцы», — казаў астраном Уладзімер Ларыёнаў.
Дарэчы, мясцовыя прытрымліваюцца менавіта гэтай вэрсіі ўзьнікненьня возера.
Трэцяя вэрсія — празаічная: вадасховішча выкапалі ў часы мэліярацыі. Але нешта пайшло ня так. Цяпер яго здалі ў арэнду і выкарыстоўваюць для рыбалкі.
Кілямэтраў за сем ад круглага возера — вёска з касьмічнай назвай Мядзьведзіца. Дабірацца да яе — зноў бездарожжам.
Мясцовая жыхарка Ірына працуе ў краме ў суседняй вёсцы Пуцяводная Зьвязда. На працу дабіраецца на матаблёку. Па-іншаму ніяк.
У Мядзьведзіцы нас чакала расчараваньне — паходжаньне назвы аказалася зусім не рамантычным. Першыя жыхары, якія прыйшлі на гэтыя землі, мелі прозьвішча Мядзьведзевы. Яны і далі назву пасёлку.
У самы найлепшы час у пасёлку было 17 хат. Цяпер — чатыры.
Заснаваў вёску дзядуля Веры Іванаўны Каленчуковай. Але яго і сваякоў савецкія ўлады прымусілі абʼяднацца з суседнім калгасам. Вясковец заўпарціўся: «У нас усё сваё, нам ніхто ня трэба». Вынік — саслалі яго на Салаўкі. Бабуля паехала за ім. Два гады яны там жылі, потым уцяклі — дахаты хацелі надта. У Вятцы трапіліся міліцыі. У выніку бабуля вярнулася зь дзецьмі дахаты, сюды, а дзядулю адправілі на Беламорканал. Ён там моцна прастыў, захварэў і памёр«, — апавядае Вера Іванаўна.
На сьцяне яе дому — фатаграфія дзядулі і бабулі.
Вера нарадзілася ў Мядзьведзіцы, потым, як і ўся моладзь, зьехала ў горад. У 2002 годзе яе маці захварэла — і яна вярнулася з мужам на радзіму даглядаць старую. Праз год маці памерла. Сямʼя вырашыла застацца тут. Разьвялі парсючкоў, трусікаў, коз, прыдбалі каня, маюць 25 сотак гароду.
«Не хачу я ў горад. Там гвалт, мітусьня, я надта стамляюся ад гэтага шуму», — кажа Вера Іванаўна.
Калі трэба выбірацца ў горад, яны едуць на кані да суседняй вёскі, а адтуль ужо на аўтобусе ў Гомель. «Конь — гэта нашы ногі», — сьмяецца вяскоўка.
І дзікі, і ваўкі ходзяць вакол і ў Мядзьведзіцы. Адзін год дзікі так перакапалі гарод, што не было чаго і зьбіраць. Ваўкі нават падбіраліся да каня, ды гаспадар закрычаў — зьбеглі.
У жыхароў Мядзьведзіцы праблемы такія: «паганыя дарогі, разьбітыя лесавозамі», і цёмныя вуліцы — ліхтары не працуюць. Напярэдадні выбараў вяскоўцы кажуць, што можа і ня будуць нікога выбіраць «з тых, каго нам прывязуць», бо няма сьвятла — няма і выбараў.
«Страшна мне ці не — а трэба жыць»
Людміла жыве ў Гомлі. У Мядзьведзіцу прыяжджае да 86-гадовай маці, Ганны Адамаўны Грышкавец.
Жанчына наракае, што дарогі разьбітыя, няма аўтобуса і не заўсёды маці можа ў час атрымаць мэдыцынскую дапамогу — то «хуткая» не прыедзе, то ўрача няма.
«Ат, жывеш і пакутуеш толькі. Страшна мне тут адной ці ня страшна — а што зробіш, трэба жыць. Зь сельсавету таго ніхто не прыяжджае, толькі на выбары скрынку прывозяць. Скажуць, за каго галасаваць. А мы мо і ня будзем — ліхтары не гараць, хай сьвятло нам дадуць», — кажа Ганна Адамаўна.
«Што рабіць у тым горадзе?» Як жывуць «вялікалесы» ў «Кліне»
Уезд у зарэчную зону пачынаецца з тлустага саламянага парсюка ля вёскі Бабовічы.
Вёскі Міхайлаўск і Пуцяводная Зьвязда падзеленыя канавай. Міхайлаўск і Пуцяводную Зьвязду мясцовыя называюць Клінам — бо паселішча разьмешчана ў «кліне» Дняпра і Сажа.
«Яшчэ нас жыхары суседніх вёсак называлі „вялікалесы“ — бо гляньце, які ў нас вялікі лес», — кажа мясцовы жыхар Рыгор. Праўда, ён «летні» жыхар Міхайлаўску. Кватэра і праца ў яго ў Гомлі, а дом і сэрца — у роднай вёсцы.
«Я ў горадзе не магу нармальна паспаць — так, каб адпачыць. Тут жа пяць, максымум шэсьць гадзін паспаў — і так адпачыў! Тут такое паветра», — захапляецца Рыгор.
Тамара таксама нарадзілася ў Міхайлаўску. Цяпер жыве ў Гомлі. У вёсцы — бацькоўская хата. Улетку Тамара звычайна тут.
«Што ў тым горадзе рабіць? Прыйсьці з працы, вочы вылупіць у тэлевізар ці інтэрнэт? Тут у нас грады, грыбы-ягады, лес. Лес — наша вялікая бяда. Карчуюць яго бязбожна. Тралююць тымі лесавозамі, разьбілі ўсе дарогі. Якія ў нас асаблівасьці? Дзікі бегаюць, ваўкі бегаюць, і паляўнічыя бегаюць. Рысь хадзіла тут па вуліцы неяк. Прыгожая, шкада, не пасьпелі сфатаграфаваць», — кажа Тамара.
У Міхайлаўск толькі два дні на тыдзень ходзіць аўтобус. Улетку пускаюць больш рэйсаў.
Крама — у суседняй Пуцяводнай Зорцы. Там працуе Ірына зь Мядзьведзіцы. Жыхары Міхайлаўску наракаюць і на асартымэнт (ніякі), і на кошты — «чамусьці даражэйшыя, чым у горадзе», нават на хлеб і батон.
«Надбаўкі такія — нават да 30% могуць паставіць», — кажа прадавец Ірына.
Адметнасьць Міхайлаўску — у сяброўскіх адносінах паміж вяскоўцамі. Пакуль мы сядзелі ў хаце Сяргея, сюды ж прыйшлі Тамара і Рыгор.
У іх свае традыцыі — паліць лазьню на ўсіх.
«Эх, палын абавязкова павесім у лазьні — ад яго такі пах!», — кажа Рыгор.
Яшчэ ў 70-я ў Міхайлаўску была пачатковая школа. Потым моладзь зьехала ў гарады, калгас заняпаў, працы ня стала. Раней тут было 102 двары, цяпер 34, і толькі ў 12 зь іх — мясцовыя. Астатнія дачнікі.
Сяргей працуе ў сфэры грузаперавозак. Але найлепшы адпачынак для яго — бацькоўская хата.
«Што мне ў тым Гомлі? Інтэрнэт, гарачая вада? Дык у мяне ўсё гэта ў вёсцы ёсьць. Чаго мне тут можа быць сумна? Тут прырода, спакой, сьвежае паветра — зона спакою, гэта каштоўна ня толькі для мяне, але для любога нармальнага чалавека», — кажа Сяргей.
Тамара скардзіцца, што сельсавет ня дбае пра мясцовыя могілкі. Плот згніў і лёг, на магілы могуць шастаць і дзікі, і ваўкі.
Яшчэ ўвесну жанчына пісала скаргу ў сельсавет. Улады абяцалі, што да 1 ліпеня могілкі будуць абгароджаныя.
«А сёньня якога ліпеня? Яшчэ ў адказе напісалі, што ў Шарпілаўцы дзікоў не заўважалі. Дык мы ж не ў Шарпілаўцы жывём», — сьмяецца Тамара.
Пра будучыню вёскі мясцовыя ня хочуць гаварыць. «Будучыня? Якая тут будучыня... Мы дажывём свой век, і ўсё», — засмуцілася Тамара.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыла на вакзале, паліла вогнішча ў лесе. Як уладкавалася 70-гадовая ўкраінка пасьля дэпартацыі зь Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вылічваюць усё, што толькі можна». Як жыве і чым зарабляе рознарабочы на радзіме Машэрава ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зайздросьцяць, думаю, людзі». Як чыноўнік на пэнсіі стварыў фэрму і прадае «малочку» на 1000 рублёў у дзень