Студэнты ВНУ масава паведамляюць пра «загон» на ўчасткі, але баяцца называць свае імёны. Назіральнікі кажуць, што ўсё як заўжды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыя адмовілася пачынаць крымінальныя справы па заявах аб завышэньні яўкі на датэрміновым галасаваньні
«Калі можна, то гэта ананімна»
Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць у Беларусі ў нядзелю 17 лістапада. Галасаваньне традыцыйна пачынаецца загадзя — 12 лістапада. Ужо ў першыя гадзіны ў сацсетках і тэлеграм-каналах зьявілася інфармацыя пра тое, што студэнтаў ВНУ з розных рэгіёнаў краіны настойліва просяць прагаласаваць менавіта датэрмінова.
«Добры дзень, я вучуся ў Беларускім дзяржаўным унівэрсітэце фізычнай культуры (БДУФК), і ў нас на тэрыторыі будзе адзін з пунктаў галасаваньня, — напісаў у „Тэлеграме“ Свабоды адзін са студэнтаў. — І ўсіх паўналетніх прымушаюць галасаваць, проста абавязкова. Калі можна, то гэта ананімна, калі ласка».
А гэта ўжо паведамленьне ад студэнта Віцебскага мэдунівэрсытэту, які таксама пажадаў застацца ананімным:
«Добры дзень. Сёньня ў інтэрнаты ВДМУ не пускалі студэнтаў, казалі, каб ішлі галасаваць. А на самім участку нават казалі, што да 17-га прыходзьце».
Хапае падобных паведамленьняў і ў іншых тэлеграм-каналах.
Студэнты расказваюць, што адміністрацыя забараняе нават абмяркоўваць датэрміновае галасаваньне ў сацсетках.
«Чарга на датэрміновае галасаваньне ў БрДУ імя Пушкіна прымушае засумаваць, — пішуць у канале „Адлічана“. — Скрынаў паведамленьняў, дзе тых, хто жыве ў інтэрнаце, прымушаюць галасаваць, няма, таму што гэтую інфармацыю там забаранілі перадаваць з дапамогай сацыяльных сетак. Яны ж так хвалююцца за свой імідж апошнім часам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦВК ідзе на рэкорд? Яўка за першы дзень датэрміновага галасаваньня склала 322 000 чалавек
«Нашы студэнты самі ведаюць, калі трэба галасаваць!»
Інфармацыю аб прымусовым галасаваньні Свабодзе пракамэнтавала першая прарэктарка ў выхаваўчай і ідэалягічнай працы Віцебскага дзяржаўнага мэдыцынскага ўнівэрсытэту Вольга Сыраедава.
«Не выдумляйце, калі ласка, інфармацыю, якой не існуе, — сказала прарэктарка. — Ніводнага студэнта ніводзін супрацоўнік ВНУ не прымушае ісьці на датэрміновае галасаваньне. Я назіраю за сытуацыяй у інтэрнэце, нашай ВНУ ў такіх паведамленьнях я ня бачыла. Я бачыла іншыя ВНУ. Таму ня трэба вось цяпер спрабаваць нешта прыплесьці да нашай ВНУ, прабачце. У нас студэнты самі ведаюць, калі трэба галасаваць, калі ў іх ёсьць магчымасьць прагаласаваць! А тым больш давайце будзем гаварыць так, як ёсьць. Студэнты не разьяжджаюцца дадому. Яны будуць спакойна галасаваць тады, калі ім захочацца. Сёньня, заўтра, пасьлязаўтра альбо ў нядзелю. Гэта права іхнага выбару».
«Асноўнае парушэньне — прымус да датэрміновага галасаваньня»
Арганізатары кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» (яе супольна ладзяць Беларускі Хэльсынскі камітэт і незарэгістраваны праваабарончы цэнтар «Вясна») назіраюць за ходам выбараў у Беларусі ня першы год. Кажуць, што пакуль усё як заўжды.
«Асноўнае парушэньне пакуль традыцыйнае — прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні, — кажа каардынатар кампаніі Ўладзімер Лабковіч. — Мы яго, на жаль, фіксуем, як і раней. У дастаткова масавым парадку. Гэта сьведчыць пра тое, што ўлады не адмовіліся ад заганнай практыкі і працягваюць незаконным чынам забясьпечваць яўку выбарнікаў на выбарчыя ўчасткі падчас датэрміновага галасаваньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пачалося датэрміновае галасаваньне. Вас заганяюць, бачыце парушэньні? Пішыце нам!Акрамя гэтага, Лабковіч расказвае пра іншыя парушэньні. У Горадні, напрыклад, на адным з участкаў адмовіліся рэгістраваць назіральніцу. А ў Берасьці на выбарчай скрыні назіральнікі ўбачылі абарваныя матузкі ля плёмбы.
«Мы назіраем цяпер больш як на 200 выбарчых участках, назіральнікі праінструктаваныя, што ў выпадку выяўленьня парушэньняў неабходна зьвяртацца са скаргамі ў выбарчыя камісіі, — кажа Лабковіч. — Гэта ўсё будзе рабіцца, натуральна. Увогуле датэрміновае галасаваньне толькі пачалося, парушэньняў яшчэ варта чакаць».
Праваабаронцы паведамляюць таксама пра завышэньне яўкі. Зьвесткі назіральнікаў не заўсёды супадаюць зь лічбамі ў пратаколах, якія камісіі вывешваюць на ўчастку пасьля завяршэньня кожнага дня галасаваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сустрэчы з выбарнікамі — убогі фармат». На сустрэчу з 22-гадовай кандыдаткай прыйшлі 3 чалавекі
«Яўка будзе лепшай, чым раней»
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў першы дзень галасаваньня правяла прэс-канфэрэнцыю. На ёй паведаміла, што датэрміновае галасаваньне сёлета можа быць больш актыўным, чым раней.
«Яўку выбарнікаў прадказаць цяжка, але я думаю, што датэрміновае галасаваньне будзе больш актыўным, бо на гэтым тыдні мы працуем з адным выхадным, — цытуе словы кіраўніцы ЦВК агенцтва БелаПАН. — Гэтая субота будзе рабочым днём, і, думаю, выбарнікі скарыстаюцца магчымасьцю, каб прагаласаваць датэрмінова і вызваліць адзіны выходны. Гэта мой асабісты прагноз».
Паводле афіцыйных зьвестак, у першы дзень выбараў датэрмінова прагаласавалі 4,69% ад агульнай колькасьці выбарнікаў. Падчас парлямэнцкай кампаніі 2016 году гэты паказьнік быў роўны 3,92%.
Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць
Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.
- За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
- Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
- Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
- Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
- Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
- Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
- Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
- Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
- Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
- Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
- На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
- На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
- Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
- Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
- Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
- Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
- Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».