«Можна і ў тэлевізары паглядзець». Што кандыдаты ў дэпутаты гавораць пра гей-парад у Беларусі

Ілюстрацыйнае фота. Гей-парад у Сэрбіі

«Ці трэба правесьці гей-парад у Беларусі?» Мы задалі гэтае пытаньне 12 кандыдатам у дэпутаты, і вось што атрымалася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Tinder для выбарнікаў

Сьвятлана Лысенка

23 гады, настаўніца матэматыкі і фізыкі ў вёсцы Яцкавічы. Любіць фатаграфавацца, хоча вывучыць беларускую мову.

— Не, катэгарычна. Я з павагай стаўлюся да кожнага чалавека, але гэта не павінна рэклямавацца, не павінна быць нормай. Я разумею, што такія людзі ёсьць, але я супраць, каб яны выходзілі на вуліцу і дэманстравалі свой унутраны сьвет.

Андрэй Дзьмітрыеў

35 гадоў, двойчы браў удзел у прэзыдэнцкіх выбарах як начальнік штабу кандыдата. Хоча разьвіваць правінцыю.

— Не. Сёньня гэта не пытаньне. Ад людзей гэта далёка, людзі кажуць пра заробкі, пра магчымасьць зьехаць працаваць у іншую краіну. Калі на ўсіх слупах у пасёлку Энэргетык вісяць аб’явы «Праца ў Польшчы» і ніводнай аб’явы «Праца ў Энэргетыку». Вось гэтыя пытаньні на сёньня важныя.

Алег Гайдукевіч

18 гадоў адпрацаваў у міліцыі, узначальвае Лібэральна-дэмакратычную партыю. Зробіць усё, каб стаць дэпутатам.

— Нам не патрэбныя гей-парады. Гэтая праблема не хвалюе беларусаў. Я кожны дзень праводжу 2–3 сустрэчы з насельніцтвам. Ніхто не спытаў пра гей-парад, гэта нікому не цікава. Людзей цікавіць жыцьцё, заробкі, вучоба. Я ўвогуле ня вельмі разумею людзей, якія змагаюцца актыўна незразумела з чым, і тых, хто гэта прапагандуе. У нас у Беларусі няма зараз актуальнасьці гэтай тэмы, на мой погляд. Мне ўсё адно, хто з кім сьпіць.

Тацяна Канеўская

Актывістка руху «Маці 328», удзельніца галадовак і акцый пратэсту.

— Гей-парадаў я б не хацела, я веруючы чалавек, хрысьціянка, і для мяне гэта непрымальна.

Ільля Дабратвор

38 гадоў, індывідуальны прадпрымальнік, сябра партыі БНФ.

— Мяркую, няхай гэта вырашаюць мясцовыя ўлады. Мне ён ніяк не перашкаджае. Калі я не прыхільнік, то проста не пайду на яго. Дэмакратыя — гэта роўныя ўмовы для ўсіх, і калі мы дазваляем усім, то чаму павінны быць выключэньні? Кажуць пра сямейныя каштоўнасьці, але колькі страт нанёс сем’ям алькаголь, напрыклад. Але лічу, што простым людзям гэта мала цікава. Гэта ні на што не паўплывае.

Вольга Краўцова

28 гадоў, юрысконсульт, партыя «Зялёныя».

— Беларусы да гэтага яшчэ не гатовыя. Мне падаецца, што калі мы хочам заклікаць людзей да талерантнасьці, для гэтага трэба выкарыстаць момант, калі яны гатовыя да гэтага.

Валер Варанецкі

Былы амбасадар Беларусі ў Славаччыне, дэпутат Палаты прадстаўнікоў.


— Я ўпэўнены, што гэтыя рэчы непатрэбныя. Нашае грамадзтва традыцыйнае. За стагодзьдзі нашага існаваньня сфармаваныя традыцыйныя каштоўнасьці, свая культура, свой погляд на сьвет. Нам трэба берагчы свае хрысьціянскія каштоўнасьці. Ня трэба займацца прапагандай таго, што не належыць да нашых каштоўнасьцяў.

Алена Церашкова

48 гадоў, лекарка-хірург, піша кнігі для дзяцей.

— У Беларусі трэба падтрымліваць свабоду слова, сходаў, веравызнаньня і ўсе іншыя свабоды паводле Дэклярацыі правоў чалавека і ўсясьветнай практыкі. Ня бачу падстаў забараняць гей-парады, бо ня наша справа абмяжоўваць перакананьні людзей. Лічыць, што пасьля параду нехта зьменіць сэксуальную арыентацыю, — наіўна і беспадстаўна. Большасьць навукоўцаў лічаць, што з гэтым нараджаюцца. Я таксама ня буду супраць, калі альбіносы ці кучаравыя пройдуць парадам, я ж ня супраць, калі на Каляды барадатыя мужчыны ходзяць парадам. Валер Варанецкі. Былы амбасадар Беларусі ў Славаччыне, дэпутат Палаты прадстаўнікоў. Я ўпэўнены, што гэтыя рэчы непатрэбныя. Нашае грамадзтва традыцыйнае. За стагодзьдзі нашага існаваньня сфармаваныя традыцыйныя каштоўнасьці, свая культура, свой погляд на сьвет. Нам трэба берагчы свае хрысьціянскія каштоўнасьці. Ня трэба займацца прапагандай таго, што не належыць да нашых каштоўнасьцяў.

Юры Ганцэвіч

Фэрмэр з Гомля

Не патрэбен нам гей-парад. Яго можа і ў тэлевізары паглядзець.

Яўген Шаўко

39 гадоў, змагаецца за правы людзей з інваліднасьцю.

— На сёньня пакуль гэта не своечасова. Гэтае пытаньне палітызаванае, радыкальнае. Да гэтага павінны быць нейкія рухі ў пляне асьветы людзей. А ня проста раз — і правялі. Лепш зрабіць умовы, каб у школах вяліся заняткі па сямейных адносінах. Каб там уздымаліся пытаньні дарослага жыцьця.

Ірына Даўгала

Кіраўніца галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы гомельскага аблвыканкаму.

— Вы ведаеце, тут я дазволю сабе быць катэгарычнай. Я чалавек абсалютна традыцыйны, нармальны. Вось для чаго гэтыя парады? Я не разумею іх прызначэньня. Прабачце, калі мужчына і жанчына кахаюць адно аднаго, яны ж не выходзяць на вуліцу крычаць, што яны вось такія традыцыйныя.

Юлія Ганісеўская

Валянтэрка Чырвонага Крыжа, маці 4 дзяцей.

— Назавіце мяне гамафобкай, скажыце, што я неталерантная сьцерва, але я ніколі ня буду ляяльная да сэкс-меншасьцяў. Я, напэўна, першая кіну памідор у натоўп напаўголых геяў, калі яны раптам наважацца прайсьці парадам па вуліцах майго гораду. Я абсалютна ня бачу ніякага ўціску прадстаўнікоў сэкс-меньшасьцяў у нашай краіне, таму няма чаго ім бегаць па вуліцах нашых гарадоў і крычаць пра гэта. Калі раптам геі захочуць стварыць пэтыцыю з просьбай правесьці свой парад, я тады ствару пэтыцыю аб дазволе параду бяздомных. А што? Геям можна, а бамжам не? Тым больш апошніх дакладна прыгнятаюць і яны амаль ніякімі правамі не валодаюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Доўгі шлях да талерантнасьці: гамафобія ў беларускім грамадзтве
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы паедуць на Марш роўнасьці «КіеўПрайд-2019». Чаму ў Менску няма такіх акцый?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У гей-парадзе ў Бэрліне ўдзельнічалі больш за 500 тысяч чалавек. Былі і актывісты зь Беларусі