Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў тлумачыць, чаму кандыдаты-чыноўнікі так актыўна працуюць на гэтай выбарчай кампаніі, а таксама адказвае на пытаньне, адкуль у яго такі вялікі «даход».
Сьцісла
- Мабілізацыйны рэсурс ва ўлады цяпер моцна зьніжаны.
- Адчуваецца ўнутраная намэнклятурная канкурэнцыя, і гэта адна з асаблівасьцяў гэтай кампаніі.
- Пазыцыя ўлады зразумелая — «прызнайце нас такімі, якія мы ёсьць, мы мяняцца не зьбіраемся».
- Калі мы хочам адстаяць сваё права на выбары, адстаяць галасы — то людзі маглі б зьбірацца каля выбарчых участкаў.
Прыкладна ў 40 акругах складана сказаць, хто будзе прызначаны дэпутатам
— Можна сказаць, што вы правялі адну з самых цікавых і прыкметных кампаній падчас гэтых парлямэнцкіх выбараў. Гэта і актыўнасьць у сацыяльных сетках, і інтарэс да вас у СМІ, удзел у дэбатах. Вы самі задаволеныя тым, як правялі гэтую кампанію?
— На самой справе я не зьбіраўся так шырока ўдзельнічаць у кампаніі. Але апэтыт прыйшоў падчас яды, і, адпаведна, пасьля кожнага нейкага новага цікавага факту хацелася працягу. Гэткі інфармацыйны допінг. У выніку і ў дэбатах удзельнічаў, і выступ зрабіў, і публікацыі ў газэтах, і спрабаваў ладзіць сустрэчы з выбарцамі, а 13 лістапада пачынаем агітацыйныя пікеты на Камароўскім рынку. Не выключаю, што некаторыя моманты сапраўды былі нязвыклыя і яркія, і гэта прыцягвала ўвагу СМІ.
— Бадай, найбольшую папулярнасьць атрымаў ваш здымак, дзе вы прыйшлі на сустрэчу з выбарнікамі, але, акрамя вас, ніхто на гэтую сустрэчу не прыйшоў. І вось сядзіць у залі адзін толькі кандыдат, але ён зусім ня сумны, а хутчэй вясёлы — ад таго, што ніхто не прыйшоў. Вы наўмысна пайшлі на такую самаіронію ў якасьці кандыдата?
— Так, гэта я зрабіў наўмысна. Я не лічу, што гэта параза. Гэта індыкатар таго, што людзі самі зьняверыліся ў выбарах. Не ў кандыдатах, а ў самой зьяве «выбары». Мабілізацыйны рэсурс ва ўлады цяпер моцна зьніжаны.
Мая каманда расклеіла 80 абвестак перад сустрэчай на суседніх пад’ездах. Але месца, дзе адбывалася сустрэча, было вельмі нязручнае. Актавая заля — на 4-м паверсе. Не выключаю, што гэта таксама стала адной з прычын, чаму выбарнікі там не зьявіліся.
— Адзін з праўладных кандыдатаў, які таксама ідзе па Менску, дыплямат Андрэй Савіных, у сваю чаргу, зьбіраў поўныя залі. І калі вы ды іншыя абвінавацілі яго ў тым, што ён выкарыстоўвае адміністратыўны рэсурс, — Савіных таксама зрабіў фотку памяшканьня, дзе на сустрэчу зь ім ніхто не прыйшоў. Ці ёсьць асаблівасьцю гэтых выбараў тое, што праўладныя кандыдаты вядуць даволі актыўныя кампаніі?
— Сапраўды, адна з адметнасьцяў гэтай кампаніі — гэта тое, што шэраг яскравых чыноўнікаў вельмі актыўна пачалі выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі і іншыя рэсурсы для стварэньня ілюзіі таго, што выбары карыстаюцца вялікім попытам, што на сустрэчы ходзіць шмат грамадзян. У сваіх фэйсбуках яны паказвалі карцінкі з поўнымі залямі. Але, натуральна, гэта сустрэчы па разнарадках — альбо з працоўнымі калектывамі, альбо са студэнтамі.
Лілія Ананіч настолькі ўвайшла ў тэму, што правяла каля 60 сустрэч з працоўнымі калектывамі і выбарнікамі, і кожную сустрэчу посьціла ў сябе ў фэйсбук. Дагэтуль назіралася поўная адсутнасьць кантактаў чыноўнікаў з аўдыторыяй і апанэнтамі. Але гэтая выбарчая кампанія вывела іх у мэдыйную прастору.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына: «Мне не падабаецца, што 13 кандыдатаў зьнялі з выбараў»Раней нічога падобнага праўладныя кандыдаты не рабілі. Цяпер я, калі аналізаваў сьпіс будучых дэпутатаў, то высьветліў, што прыкладна на 40 акругах складана сказаць, хто будзе прызначаны дэпутатам. Бо адчуваецца ўнутраная намэнклятурная канкурэнцыя, і гэта адна з асаблівасьцяў гэтай кампаніі.
— Вы яшчэ сталі асабліва знакамітым таму, што калі падалі свае дадзеныя пра даходы — 149 тысяч рублёў, то аказаліся адным з самых «багатых» кандыдатаў. Калі не сакрэт, адкуль такія даходы ў лідэра апазыцыйнай партыі?
— Я зьмяніў месца жыхарства, я пераехаў жыць у Менск у мінулым годзе. І каб недзе тут жыць, каб купіць жытло ў Менску, мне давялося прадаць кватэру ў Магілёве. І гэта стала асноўнай часткай майго «даходу» за 2018 год.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цырк» у Савеце Рэспублікі. Хто яны, новыя беларускія «сэнатары»— Ці лічыце вы, што парлямэнт будзе «стэрыльны»? Ці менавіта такі склад палаты патрэбны Лукашэнку, бо ён будзе рыхтавацца да транзыту ўлады? Ці трэба па-ранейшаму дэманстраваць Захаду нейкі прагрэс? Ці, можа, Лукашэнка ўжо не зьвяртае ўвагі на Захад у такой ступені, дый сам Захад ужо моцна не патрабуе наяўнасьці «прагрэсу»?
— Першы аргумэнт — што «нельга паніжаць градус». Калі было два дэпутаты апазыцыйныя, то хай столькі ж і будзе. Але, на маю думку, той узровень стасункаў, які ёсьць паміж Захадам і Менскам, паказвае, што нават два апазыцыянэры ўладзе ўжо не патрэбныя. Пазыцыя ўлады зразумелая — «прызнайце нас такімі, якія мы ёсьць, мы мяняцца не зьбіраемся». Але пры гэтым я не выключаю, што некага прапусьцяць. Усё залежыць ад таго, які загад дадуць у Адміністрацыі прэзыдэнта.
— Якія вашыя ўражаньні ад настрояў людзей? Хтосьці адзначае найперш апатыю да палітыкі, хтосьці, наадварот, радыкальнае непрыманьне ўладаў. Што вам кінулася ў вочы?
— Я вылучаўся ад партыі, і працэсу збору подпісаў у мяне не было. Агульнае ўражаньне — моцная апатыя, а таксама тое, што ўлада і людзі жывуць у нейкіх паралелях, якія не перакрыжоўваюцца. Нават члены камісій, якія паднявольныя, як мне падаецца, маюць унутранае адчуваньне — «калі ўсё гэта скончыцца?». Як мне сказала адна з камісіі — «Вы ж ня думайце, што ўсё перадвырашана. Вы хаця б нам давайце спадзеў, што штосьці можа зьмяніцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пачалося датэрміновае галасаваньне. Вас заганяюць, бачыце парушэньні? Пішыце нам!Паводле майго прагнозу, у Менску яўка будзе вельмі нізкая, у рэгіёнах крышачку вышэйшая. На мінулых парлямэнцкіх выбарах, дзе мы займаліся назіраньнем, мы зафіксавалі толькі ў Горадні і Магілёве яўку большую за 50 працэнтаў.
На маю думку, мы павінны выходзіць на больш высокі ўзровень мабілізацыі нашага грамадзтва. Некаторыя заклікаюць на Плошчу, некалькі мітынгаў ужо адбылося. Але калі мы хочам адстаяць сваё права на выбары, адстаяць галасы — то людзі маглі б зьбірацца каля выбарчых участкаў.
Я быў сьведкам такога, калі быў назіральнікам у Грузіі. Калі скончыўся час галасаваньня, каля ўчасткаў сабраліся некалькі сотняў чалавек, якія проста стаялі ў чаканьні вынікаў. І калі б была інфармацыя, што ёсьць нейкія фальсыфікацыі — у мяне ўражаньне, што яны проста разьнесьлі б тыя ўчасткі.
Камісіі нашы павінны ведаць, што калі яны намухлююць, добра ад гэтага ім ня будзе. Як дасягнуць такога ўзроўню мабілізацыі грамадзтва — гэта вялікае пытаньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Tinder для выбарнікаў