Калі паўстае пытаньне, на каго арыентавацца беларусам, якую дзяржаву лічыць эталёнам дабрабыту і з каго наагул браць прыклад, часта называюць скандынаўскія краіны. У гэтым няма нічога дзіўнага — нават у эканамічна пасьпяховых краінах Захаду скандынаўскія краіны часам разглядаюць як узор для далейшага разьвіцьця.
Але калі пра скандынаўскую мадэль чуў амаль кожны, то пра швайцарскі шлях да ўсеагульнай заможнасьці узгадваюць значна радзей і, звычайна, як супрацьпастаўленьне скандынаўскай. І дарма, што ня ўзгадваюць, бо выпадак значна багацейшай альпійскай краіны — гэта гісторыя ня меншага посьпеху, чым у скандынаваў.
1. Швайцарцы плацяць менш падаткаў за скандынаваў, але даганяюць іх па ўзроўню сацыяльнай роўнасьці
Тое, што Швайцарыя — адна з найбагацейшых краін сьвету зь вельмі багатым насельніцтвам, ведаюць напэўна амаль усе, а самі швайцарскія банкі сталі своеасаблівым сымбалем краіны. Але, як ня дзіўна, Швайцарыя даганяе скандынаўскія краіны і па паказьніках эканамічнай роўнасьці грамадзян — 70% усіх актываў дзяржавы належаць сярэдняй клясе. І гэта гісторыя посьпеху, які быў дасягнуты бяз моцнага ўмяшаньня з боку дзяржавы.
На сёньняшні дзень падаткі ў Швайцарыі ня самыя вялікія, у сярэднім на шмат меншыя за скандынаўскія — найбольшы падатак на даход у Швэйцарыі складае 36 адсоткаў, тады як у сярэднім па Скандынавіі гэта 52 адсоткі. Акрамя гэтага, стабільнасьць швайцарскай эканомікі паказвае і тое, што з 1970-х гадоў у краіне не адбылося ніводнага фінансавага крызісу, тады як Швэцыі ў 1990-е гады давялося вырашаць праблему фінансавага абвалу, а ўраду краіны — выратоўваць швэдзкія банкі і ўсё ж такі скарачаць выплаты ў сацыяльнай сфэры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Швайцарцы выказаліся за больш жорсткія правілы валоданьня зброяй2. Швайцарцы маюць даступную і добрую мэдыцыну
У адрозьненьні ад скандынаўскіх краін, швайцарская сыстэма аховы здароўя — платная і ня танная. Краіна практыкуе ўсеагульную сыстэму страхаваньня, калі кожны грамадзянін абавязаны мець страхоўку, якую па аднолькавым кошце яму прапануе шэраг прыватных кампаній — унівэрсальнае страхаваньне можа абыходзіцца швайцарцу ад 200 да 2000 даляраў у год, у залежнасьці ад шматлікіх фактараў і заробку.
Пры ўсім гэтым страхавыя кампаніі абмежаваны ў тым, які кошт і якія паслугі яны могуць прапанаваць. Такім чынам захоўваецца канкурэнцыя паміж рознымі страхавымі кампаніямі і паміж кантонамі Швайцарыі, а сама сыстэма аховы здароўя зьяўляецца даволі даступнай.
3. Швайцарыя мае разумную іміграцыйную палітыку і моцную навукова-адукацыйную сыстэму
Швайцарыя сапраўды вядомая тым, што пераехаць туды для жыцьця ня надта лёгка — натуралізацыя, напрыклад, можа патрабаваць ад кандыдата на грамадзянства ня толькі пражыць прынамсі 10 год у краіне (амаль не пакідаючы Швайцарыю падчас усяго гэтага тэрміну), але яшчэ і выканаць дадатковыя патрабаваньня на ўзроўні кантону.
Вядомы выпадак, калі жанчыне ледзь не адмовілі ў грамадзянстве з прычыны яе перакананьняў адносна вэганства і аховы жывёлаў. Тым ня менш, практыка сэлектыўнай іміграцыі распаўсюджаная і ў іншых краінах — у тым ліку ЗША, Вялікабрытаніі, Канадзе і Аўстраліі. Пры ўсіх сваіх абмежаваньнях Швайцарыя ўсё роўна зь сярэдзіны мінулага стагодзьдзя прыняла больш імігрантаў (звычайна гэта даволі кваліфікаваныя працаўнікі), чым любая з краін Скандынавіі.
Што датычыць адукацыі, то навучаньне ў швайцарскіх ўнівэрсытэтах каштуе студэнтам каля 1000 даляраў у год, што таньней за адукацыю ў любой з краін Скандынавіі, ня кажучы ўжо пра ангельскую альбо амэрыканскую вышэйшую адукацыю. Пры гэтым якасьць адукацыі традыцыйна лічыцца высокай.
Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што менавіта ў Швайцарыі знаходзіцца шмат сусьветных навуковых інстытуцый — у тым ліку і Эўрапейская рада па ядзерных дасьледаваньнях (CERN), найбуйнейшая ў сьвеце лябараторыя фізыкі высокіх энэргіяў. Колькасьць швайцарскіх нобэлеўскіх ляўрэатаў толькі пацьвярджае тэзіс аб навуковай пасьпяховасьці Швайцарыі.
4. Швайцарыя — краіна высокіх тэхналёгій і якаснай прадукцыі
Акрамя таго, што краіна лічыцца пасьпяховай у фінансавых паслугах навуцы, яна мае яшчэ і даволі разьвітую індустрыю. Швайцарыя ня толькі ўзяла кірунак на разьвіцьцё галіны нішавай вытворчасьці — біятэхналёгій і інжынэрыі — у якой яна ў шматлікіх рэйтынгах знаходзіцца ў топах (напрыклад, паводле MIT, Швайцарыю па ўзроўню «складанасьці» прадукцыі абганяе толькі Японія), але і мае шмат вядомых ва ўсім сьвеце брэндаў. Гэта і шакаляд, і нажы, і гадзіньнікі. Пры гэтым, эканоміка Швайцарыі даволі дэцэнтралізаваная — шмат гэтых брэндаў нарадзіліся ў правінцыі, а не ў вялікіх гарадах канфэдэрацыі кшталту Жэнэвы альбо Цюрыху.
Безумоўна, Швайцарыя — гэта ўнікальны выпадак. Яе посьпеху паспрыялі шматлікія фактары, у тым ліку і зручнае геаграфічнае становішча краіны (чаму беларусам, на жаль, застаецца толькі пазайздросьціць) — але не ў апошнюю чаргу гэта прыклад таго, што эканамічная мадэль свабоднага рынку можа прывесьці да высокага ўзроўню дабрабыту ня горш за эканамічна-сацыяльнае плянаваньне ўрадам краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Швайцарыя адкрые ў Беларусі паўнавартасную амбасадуМожа быць, гэта і не ўнівэрсальны рэцэпт посьпеху — але, тым ня менш, гэта прыклад таго, як краіна можа добра рэалізаваць свой патэнцыял.
Падрыхтаваў Ян Поклад