Швайцарыя мае намер сёлета адкрыць у Беларусі паўнавартасную амбасаду. Пра гэта 29 красавіка паведаміў журналістам у Менску швайцарскі парлямэнтар Філіпа Лямбардзі.
Ён сказаў, што профільныя камітэты абедзьвюх палат парлямэнту Швайцарыі ўжо далі згоду на такое рашэньне.
«Цяпер усё залежыць ад нашага міністра замежных спраў. Менавіта ён вызначыць канкрэтную дату адкрыцьця паўнавартаснай амбасады», — сказаў дэпутат.
Пратакол аб усталяваньні дыпляматычных дачыненьняў паміж Беларусьсю і Швайцарыяй падпісаны ў лютым 1992 году. Беларуская амбасада адкрылася ў Бэрне ў студзені 1993 году. Цяпер яе ачольвае ў рангу часовага паверанага Павал Мацукевіч. Швайцарская дыпляматыя прадстаўленая ў Беларусі ад ліпеня 2007 году. Але да сёньняшняга дня яна працуе ў статусе аддзяленьня амбасады. Ачольвае яго Клод Альтэрмат.
Філіпа Лямбардзі прыляцеў у Беларусь на міжнародную парлямэнцкую канфэрэнцыю Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў падтрымку кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс — адзін шлях». У ПА АБСЭ спадар Лямбардзі кіруе камітэтам палітычных пытаньняў і бясьпекі.