Страйк студэнтаў Менскага інавацыйнага ўнівэрсытэту 12 лістапада спынены, але канфлікт ня вырашаны. Кіраўніцтва МІУ падае апэляцыю на рашэньне Мінадукацыі аб пазбаўленьні ВНУ акрэдытацыі на навучаньне па 5 спэцыяльнасьцях і пагражае зьвярнуцца ў суд, калі рашэньне ня будзе адмененае. Пра гэта Свабодзе сказаў рэктар МІУ Мікалай Суша адразу пасьля сустрэчы з прадстаўнікамі Мінадукацыі і студэнтамі МІУ.
«Лічым пазбаўленьне МІУ акрэдытацыі на пэўныя спэцыяльнасьці неабгрунтаваным. Таму цяпер я працую над апэляцыяй да гэтага рашэньня. Да 18 гадзіны мы мусім адправіць дакумэнт у Дэпартамэнт кантролю якасьці адукацыі міністэрства. Мы патрабуем адмяніць пазбаўленьне нас акрэдытацыі і перагледзець высновы камісіі, якая праводзіла ў нас праверку», — сказаў Мікалай Суша карэспандэнту Свабоды.
Паводле яго, унівэрсытэт згодны на дадатковую праверку, але «пад наглядам прадстаўнікоў грамадзкасьці і Эўразьвязу, бо Беларусь уключаная ў агульны эўрапейскі адукацыйны працэс».
Такі грамадзкі кантроль ня будзе ўмешвацца ў працу новай праверкі, але дасьць ацэнку яе аб’ектыўнасьці. Пра гэта я паведаміў на сустрэчы са студэнтамі, і яны патрабаваньне падтрымалі», — сказаў Мікалай Суша.
Мінадукацыі: выкананьне патрабаваньняў або паўторная акрэдытацыя
Як у Мінадукацыі ставяцца да патрабаваньняў студэнтаў МІУ, якія 11 лістапада абвясьцілі страйк, пратэстуючы супроць пазбаўленьня іхняй ВНУ акрэдытацыі на навучаньне па 5 асноўных спэцыяльнасьцях?
На сайце Мінадукацыі выкладзена пазыцыя ўстановы адносна канфлікту зь МІУ. Паводле чыноўнікаў, у МІУ ёсьць наступныя шляхі:
«Першы — ліквідаваць усе заўвагі камісіі, якія адзначаныя ў заключэньні, і зьвярнуцца з заявай у Дэпартамэнт кантролю якасьці адукацыі для правядзеньня паўторнай акрэдытацыі. Другі — закрыць спэцыяльнасьці, якія не былі акрэдытаваныя, і паведаміць пра гэта ў Міністэрства адукацыі. Акрамя таго, унівэрсытэт мае права апэляцыі».
Мінадукацыі запэўнівае студэнтаў МІУ, што ў іх будзе магчымасьць працягнуць навучаньне ў іншых ВНУ краіны, прычым па вучэбных плянах і праграмах МІУ. Што да дзеяньняў кіраўніцтва МІУ, то ў камэнтары прэсавага цэнтру Мінадукацыі яны названыя падбухторваньнем студэнтаў да страйку і спробай «сысьці ад вырашэньня пытаньня па сутнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінадукацыі пракамэнтавала страйк у прыватным менскім унівэрсытэце12 лістапада на сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі МІУ гэтую пазыцыю збольшага паўтарыў кіраўнік Галоўнай управы прафэсійнай адукацыі міністэрства Сяргей Касьпяровіч. Паводле Сяргея Касьпяровіча, тым студэнтам, якія пажадаюць перавесьціся для навучаньня ў іншыя ВНУ, будзе аказаная ўся неабходная падтрымка. Але калі будзе абраны шлях апэляцыі, то працэс зацягнецца, прызнаў чыноўнік, бо на разгляд апэляцыі даецца 12 працоўных дзён, а паўторная акрэдытацыя таксама запатрабуе часу. Сяргей Касьпяровіч падкрэсьліў, што вядзе гаворку пра магчымасьць паўторнай акрэдытацыі, але ня можа папярэдне сказаць, што яна абавязкова будзе прызначаная.
Наведаць 12 лістапада МІУ, паводле Сяргея Касьпяровіча, было ягонай асабістай ініцыятывай, якую вітаў міністар адукацыі Ігар Карпенка, але асабістых загадаў яму міністар не даваў.
«Мая мэта — выслухаць студэнтаў, іх заўвагі і меркаваньні. Спатрэбілася больш часу, чым разьлічвалі спачатку, але гэта адбылося», — сказаў Сяргей Касьпяровіч пасьля сустрэчы са студэнтамі МІУ.
Іх актыўнасьць чыноўнік ацаніў як звычайную: «У нас паўсюль студэнты актыўныя». А меркаваньне, што канфлікт спарадзілі асабістыя адносіны міністра Карпенкі і рэктара МІУ Сушы, чыноўнік камэнтаваць ня стаў. «Спытайце самі ў Карпенкі ці ў прэсавай службе. Мне бачыцца, што гэта толькі меркаваньне рэктара МІУ», — сказаў Сяргей Касьпяровіч карэспандэнту Свабоды.
«Асабістая помста» з боку Карпенкі?
Пра тое, што пазбаўленьне акрэдытацыі МІУ па 5 спэцыяльнасьцях — «асабістая помста» міністра адукацыі Карпенкі, рэктар Суша ўжо казаў сайту «Белорусский партизан» і паўтарыў гэта сёньня карэспандэнту Свабоды. Паводле Мікалая Сушы, такое стаўленьне да сябе ён адчуў у сакавіку 2019 году.
«Пачалося з таго, што міністар напісаў ліст да намесьніка пракурора Беларусі, каб далі прававую ацэнку нібыта парушэньням заканадаўства ў галіне адукацыі з боку МІУ. Пракуратура перадала ліст у Аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ўправы ўнутраных спраў Заводзкага раёну Менску, на тэрыторыі якога мы знаходзімся.
Шмат часу нас правяралі, у тым ліку забіралі дакумэнты студэнтаў дыстанцыйнага навучаньня, якія ў нас навучаліся ў часе адбыцьця пакараньня ў дзьвюх калёніях. Але АБЭП скончыў праверку, мяне азнаёмілі зь яе вынікамі: складу злачынства ня знойдзена, падстаў для завядзеньня крымінальнай справы няма.
Такі паварот справы, верагодна, міністру не спадабаўся, магчыма, ён спадзяваўся на іншы вынік, больш жорсткі. Таму ў мяне ёсьць усе падставы меркаваць, што плянавая акрэдытацыя была выкарыстаная, каб парушыць інтарэсы МІУ: студэнтаў, выкладчыкаў і кіраўніцтва ўнівэрсытэту», — сказаў Мікалай Суша.
Зьвесткі пра тое, што да яго таксама ёсьць прэтэнзіі карупцыйнага характару, рэктар МІУ Мікалай Суша назваў неабгрунтаванымі чуткамі і «ўкідамі».
«Ніякага асабістага стаўленьня»
Прэсавы сакратар Мінадукацыі Людміла Высоцкая гэтак пракамэнтавала вэрсію пра асабісты канфлікт міністра з рэктарам МІУ.
«Ігар Карпенка гэтае меркаваньне абвяргае. У яго дзяржаўны падыход, аднолькавы для ўсіх ВНУ. Ніякага асабістага стаўленьня тут няма. І ў будучыні ўсё будзе вырашацца толькі ў прававой плоскасьці», — сказала прэсавы сакратар Мінадукацыі Людміла Высоцкая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Працавалі нелегальна, не адпавядалі крытэрам. Як і чаму ў Беларусі закрываліся прыватныя ВНУ