У Луганскім нацыянальным унівэрсытэце імя Тараса Шаўчэнкі пацьвердзілі зьвесткі пра супрацоўніцтва зь Беларускай сельскагаспадарчай акадэміяй (Горкі, Магілёўская вобласьць). Дамову падпісалі рэктары.
Навіну пра заключэньне дамовы аб супрацы між дзьвюма ВНУ на сваім сайце апублікавала днямі Міністэрства адукацыі і навукі самаабвешчанай «Луганскай Народнай Рэспублікі». Такога дзяржаўнага ўтварэньня Рэспубліка Беларусь не прызнае.
Міністэрства адукацыі «ЛНР»: ня маем інфармацыі пра дамову
З паведамленьня незразумела, калі і дзе была заключаная ўгода. У ім гаворыцца, што асноўная задача супрацы — стварэньне спрыяльных умоваў для абмену ідэямі, інфармацыяй і тэхналёгіямі. У прыёмнай міністэрства адукацыі «ЛНР» Свабодзе адказалі, што ня маюць інфармацыі пра дамову між дзьвюма ВНУ.
«ВНУ самастойна могуць заключаць дамовы аб супрацоўніцтве і абмене зь любымі навучальнымі ўстановамі», — заявілі там.
Супрацоўніца Луганскага ўнівэрсытэту: мы даўно супрацоўнічаем з акадэміяй
У аддзеле сувязяў з грамадзкасьцю Луганскага ўнівэрсытэту Свабодзе пацьвердзілі, што дамова аб супрацоўніцтве зь Беларускай сельскагаспадарчай акадэміяй была заключаная 25 кастрычніка 2019 году і падпісаная рэктарамі. Яна прадугледжвае наладжваньне партнэрскіх стасункаў у адукацыйнай, навуковай і культурных галінах.
Загадчыца аддзелу Вольга Валабуева сказала, што гаворкі пра навучаньне ў Беларускай акадэміі студэнтаў з Луганску няма. Маўляў, супрацоўніцтва накіравана на ўдзел навучэнцаў і супрацоўнікаў у асобных падзеях, якія арганізуюць абедзьве ВНУ.
«Мы даўно супрацоўнічаем з акадэміяй, — тлумачыць яна. — Нашы выкладчыкі публікуюцца ў іхных зборніках, адпаведна і іхныя выкладчыкі публікуюцца ў нас. Мы не прывязваемся да канкрэтных напрамкаў. У нас комплекснае супрацоўніцтва ідзе: удзел у канфэрэнцыях, абмен досьведам у рамках правядзеньня навуковых канфэрэнцыяў».
Паводле Вольгі Валабуевай, Луганскі ўнівэрсытэт у Беларусі супрацоўнічае толькі зь сельгасакадэміяй.
Супрацоўнік акадэміі: будзем разьбірацца
У Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ўстрымаліся ад камэнтаваньня сытуацыі з дамовай аб супрацоўніцтве з ВНУ, якая месьціцца на тэрыторыі Данбасу, кантраляванай сэпаратыстамі. Першы прарэктар акадэміі Андрэй Калмыкоў кажа, што не чытаў апублікаванага паведамленьня на сайце міністэрства адукацыі «ЛНР».
«Трэба паглядзець, што яны там сапраўды разьмясьцілі. Будзем разьбірацца», — адзначыў ён.
Паведамленьняў пра дамову аб супрацоўніцтве з Луганскім унівэрсытэтам на сайце Беларускай сельгасакадэміі няма. У архіве навінаў згадваецца толькі аднойчы навучальная ўстанову з Луганску. У траўні 2019 году яго прадстаўніца ўдзельнічала ў міжнародным моладзевым конкурсе рэклямы, які праводзіўся сельгасакадэміяй.
Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія месьціцца ў райцэнтры Горкі на Магілёўшчыне. У 1985 годзе яе завочна скончыў Аляксандар Лукашэнка, атрымаўшы спэцыяльнасьць «эканаміст-арганізатар сельскагаспадарчай вытворчасьці».
Пры падрыхтоўцы публікацыі выкарыстаная інфармацыя БелаПАН.