Першы прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў заявіў, што асабіста працуе над аднаўленьнем стасункаў паміж Расеяй і Ўкраінай і хоча арганізаваць сустрэчу Пуціна і Зяленскага «сам-насам», паведамляе Nur.kz.
Назарбаеў заявіў, што «тое, што адбылося паміж Украінай і Расеяй, — гэта сумны момант», і ён хоча «зьвесьці» гэтыя «дзьве блізкія краіны». Ён прапануе Пуціну і Зяленскаму сустрэцца асобна, сам-насам — без удзелу ЗША, Эўрапейскай супольнасьці ды іншых бакоў, і заявіў, што асабіста працуе над тым, каб гэта сустрэча адбылася.
«Я ўжо атрымаў згоду Зяленскага на сустрэчу „сам-насам“, паведаміў пра гэта прэзыдэнту Расеі — там паглядзім. Калі нэўтральная пляцоўка патрэбна, я прапанаваў Казахстан», — заявіў Назарбаеў.
На ягоную думку, памылкова лічыць, што Пуцін ня хоча гэтай сустрэчы — «Ён хоча, каб наступіў мір» і «Расеі не патрэбны ўкраінскія тэрыторыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі і Пуцін пагаварылі па тэлефоне пра абмен зьняволеныміПрэзыдэнты Расеі і Ўкраіны Уладзімір Пуцін і Ўладзімір Зяленскі яшчэ не сустракаліся асабіста, але некалькі разоў гутарылі праз тэлефон. У канцы жніўня Зяленскі заявіў, што падчас другой тэлефоннай размовы з Пуціным яны дамовіліся сустрэцца асабіста ў рамках «нармандзкага фармату», але дата саміту да гэтага часу не прызначаная.
Па выніках адной з тэлефонных размоваў Пуцін і Зяленскі дамовіліся, у прыватнасьці, пра абмен зьняволенымі, і 7 верасьня гэты абмен адбыўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абмен вязьнямі адбыўся — што далей?Тым ня менш адносіны Расеі і Ўкраіны застаюцца напружанымі. Украіна абвінавачвае Расею ва ўдзеле ў грамадзянскім канфлікце на Данбасе, які працягваецца ўжо больш за пяць гадоў, Масква гэтыя абвінавачаньні адпрэчвае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: Першы этап дамовы з Пуціным выкананы