Міністар унутраных справаў Лібіі Фатхі Башага зь міжнародна прызнанага ўраду нацыянальнай згоды заявіў агенцтву Bloomberg, што заклікаў Злучаныя Штаты дапамагчы ў вырашэньні канфлікту, які ў ягонай краіне распальвае Расея.
Чыноўнік заявіў, што, нягледзячы на супольныя з ЗША ўдары па тэрарыстах «Ісламскай дзяржавы», тыя здолелі перагрупавацца, бо палявы камандзір з усходу Халіфа Хафтар пачаў уласную ваенную апэрацыю. Высілкі для дээскаляцыі ўскладаняюцца тым, што расейскіх наймітаў, якія падтрымліваюць Хафтара, становіцца ўсё больш.
Найміты, як сьцьвярджаецца, належаць да «прыватнай вайсковай кампаніі „Вагнера“», якую нібыта ўзначальвае паплечнік Уладзіміра Пуціна Яўген Прыгожын. Расея афіцыйна адмаўляла прысутнасьць гэтых наймітаў у Лібіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The New York Times: у Лібіі ваююць 200 наймітаў з расейскай групы «Вагнера»«Расейцы ўмяшаліся, каб падліць алею ў агонь і распаліць крызіс, а не шукаць рашэньня, — заявіў Фатхі Башага Bloomberg. — Пацьверджаньнем ёсьць дысьлякацыя „Вагнера“ ў Лібіі. Яны раней адпраўлялі іх ў Сырыю і ў цэнтральную Афрыку, і дзе б „Вагнер“ ні зьяўляўся, паўсюль адбываецца разбурэньне».
Ён закідае Расеі жаданьне аднавіць ва ўладзе рэжым зрынутага і забітага Муамара Кадафі. Башага сьцьвярджае, што ў ЗША ёсьць «маральны і юрыдычны» абавязак перад Лібіяй — дапамагчы аднавіць стабільнасьць і бясьпеку. Таму ён заклікае Штаты «выканаць эфэктыўную ролю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія наёмнікі з Данбасу едуць у Лібію