4 лістапада 1989 гады ва Усходнім Бэрліне, на Аляксандрпляц, прайшоў самы масавы мітынг у гісторыі ГДР — па розных ацэнках, у ім удзельнічалі ад 200 тысяч да мільёна чалавек. Лістападаўскія мірныя выступы пад лёзунгамі «Мы — народ!» скончыліся падзеньнем Бэрлінскага муру, які сорак гадоў падзяляў сталіцу Нямеччыны, піша Марыя Сьмірнова на сайце «Настоящее время».
Сьцяна стала адным з найбольш яскравых палітычных і культурных сымбаляў XX стагодзьдзя — як і яе разбурэньне 9 лістапада 1989 года, што паклала пачатак новай эпохі ў асобна ўзятай краіне і Эўропе ў цэлым.
«Ганебная» сьцяна, як назваў яе Вілі Брандт, чацьвёрты канцлер ФРГ і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, ня толькі трывала зьвязана ў масавай сьвядомасьці зь гісторыяй Нямеччыны і халоднай вайной, але і стала сымбалем барварскага стаўленьня ўладаў да лёсу звычайнага чалавека — у любы час, у любой частцы сьвету.
Па афіцыйных дадзеных, пры спробе перасекчы мяжу, што падзяляла Бэрлін на дзьве часткі, з 1961 па 1989 год былі забітыя ад 125, усяго па ГДР пры спробе ўцячы на Захад — да 1245 чалавек. Пацярпелі — дзясяткі тысяч людзей, пазбаўленых свабоды перамяшчэньня і магчымасьці бачыцца з блізкімі.
Падзеньне муру прадвесьціла грандыёзныя перамены ў эканоміцы і грамадзкім жыцьці. Але Бэрлінская сьцяна ня зьнікла ў адно імгненьне той лістападаўскай ноччу. Вядома, яна перастала быць фізычным, непераадольнымі бар’ерам. Аднак траўма нямецкаму народу і ўсёй Эўропе была нанесеная вялізная, і яе трэба было пражыць, прыняць, адрэфлексаваць — у тым ліку праз жывапіс, музыку, літаратуру.
Сама па сабе Бэрлінская сьцяна стала музэем выяўленчага мастацтва пад адкрытым небам. Першыя графіці на ёй зьявіліся яшчэ да разбурэньня — з заходняга боку, дзе да бэтонных плітаў можна было свабодна падысьці. На мяжы дзевяностых мастакі дабраліся і да ўсходняга боку. У выніку сёньня, кажучы пра мур, мы ў першую чаргу ўяўляем кідкія, правакацыйныя фрэскі Цьеры нуар, Дзьмітрыя Урубеля, Біргіт Кіндэр. Іх працы былі спробай ацаніць значэньне для сусьветнай гісторыі самой сьцяны і ў той жа час з дапамогай іроніі і яркіх фарбаў нівэляваць яе злавесны сэнс.
На жаль, працэс узьяднаньня Нямеччыны праходзіў значна больш складана і пакутліва, чым чакалася ў тыя напоўненыя эўфарыяй восеньскія дні 1989 г.. НС распавядае, як пісьменьнікі, рэжысэры і музыканты спрабавалі зразумець, чым у выніку стала для народа мірная рэвалюцыя.
Што чытаць
Нягледзячы на тое, што падзеньне Бэрлінскай сьцяны — магутны мастацкі вобраз, у літаратуры гэтая тэма пакуль застаецца найперш вотчынай дакумэнталістаў і мэмуарыстаў. «Пасьля сьцяны» Яны Хэнсэл, «Год, які зьмяніў сьвет» Майкла Маера, «Бэрлінская сьцяна, 1989» Пітэра Мілара, «Штазілэнд» Анны Фундэр — у нашым распараджэньні сёньня ёсьць цэлы калейдаскоп успамінаў і сьведчаньняў відавочцаў. Нешматлікія раманы — накшталт «Бэрлінскага блюзу» Свэна Рэгенэра — губляюцца на іх фоне.
Збольшага гэта тлумачыцца тым, што ў апошнія дзесяцігодзьдзі нон-фікшн у цэлым плянамерна выцясьняе фікшн з паліц крам. Да таго ж, калі бар’еры падаюць, а палітычны партрэт дзяржавы зьмяняецца карэнным чынам, важна высьветліць, чаму гэта адбылося і якія могуць быць наступствы. Тут на дапамогу прыходзіць літаратура факту.
«Па дарозе зь Нямеччыны ў Нямеччыну» Гюнтэра Граса (1990 г.)
Калі не ўнікаць глыбока ў тэму, можа стварыцца ўражаньне, быццам само па сабе абʼяднаньне ФРГ і ГДР імгненьнем вырашыла ўсе праблемы іх жыхароў. Але ў рэчаіснасьці ўсё было, вядома, значна складаней. На руінах двух старых дзяржаў у пакутах і хаосе нараджалася новае, а людзі, доўгія гады пражылі па розныя бакі сьцяны, зноўку спрабавалі намацаць агульную ідэнтычнасьць. Гэты працэс ярка адбіўся ў дзёньніку вялікага нямецкага пісьменьніка, нобэлеўскага ляўрэата Гюнтэра Граса, які ў пачатку 1990 года паставіў перад сабой мэту як мага больш падарожнічаць па краіне і запісваць свае ўражаньні.
«Бэрлінскі блюз» Свэна Рэгэнэра (2001 г.)
Ня самы папулярны погляд на падзеньне Бэрлінскага муру: у рамане Рэгэнэра яно нагадвае, хутчэй, аддаленыя грымоты, якія наўрад ці могуць істотна паўплываць на жыцьцё пэрсанажаў тут і цяпер. Але, калі прыгледзецца, аказваецца, што ў галоўнага героя, бармэна Франка Лемана, проста ёсьць свае ўласныя сьцены. Яны вырастаюць перад ім літаральна на кожным кроку і перашкаджаюць знайсьці агульную мову з бацькамі, падабраць ключ да сэрца жанчыны і, нарэшце, зразумець сябе. Месцамі — сьмешная, месцамі — лірычная кніга, якая выдатна перадае настрой, была ў Бэрліне канца 1980-х.
«Каляпс» Мары Эліз Сарот (2014)
Прафэсар гісторыі, якая выкладала ў Гарвардзкім унівэрсытэце, Мары Эліз Сарот напісала нечакана захапляльнае, дынамічнае, амаль вострасюжэтнае, але ўсё-ткі дакумэнтальнае дасьледаваньне. У ім літаральнае і сымбалічнае адкрыцьцё брамы паміж Усходнім і Заходнім Бэрлінам паўстае не як вынік палітычнага гандлю і рашэньняў, прынятых у кабінэтах міністраў, а як выпадковасьць. Цяпер, праз дзесяцігодзьдзі, мы разумеем, што выпадковасьць гэтая была шчасьлівай, але, калі б не спрыяльны зьбег абставінаў, хаос, які панаваў у Эўропе ў тыя дні, зь лёгкасьцю мог абярнуцца сумнымі наступствамі.
Што глядзець
Мабыць, можна вылучыць два асноўных вуглы, пад якімі сусьветны кінэматограф асьвятляе гады існаваньня Бэрлінскага муру і яго падзеньня. Па-першае, гаворка ідзе пра «каханьне за сьцяной»: менавіта так у расайскамоўным пракаце называлася рамантычная камэдыя Пэтэра Ціма пра раман юнака і дзяўчыны ўвосень 1989-га. Па-другое, у цэнтры ўвагі аказваюцца шпіёнскія жарсьці і наступствы шматгадовага існаваньня пад наглядам Штазі — напрыклад, у баявіку Дэвіда Літча «Выбуховая бляндынка» (2017) падзеі разгортваюцца як раз напярэдадні разбурэньня сьцяны. Зрэшты, гэтымі сюжэтнымі паваротамі рэжысэры не абмяжоўваюцца, спрабуючы перадаць на экране дыханьне ветру пераменаў. Ды і так званая «остальгія» — настальгія па часах ГДР — ім не чужая.
«Нямецкая гульня» Ханса-Крыстафа Блюмэнбэрга (2000 год)
Маштабная трохгадзінная паўдакумэнтальная драма, у дэталях апісвае падзеі восені 1989 і наступнага года. Дэманстрацыі ў Ляйпцыгу, візыт у краіну Міхаіла Гарбачова, адхіленьне Эрыха Хонэкера ад улады, уласна, падзеньне сьцяны і, нарэшце, фаервэрк каля Брадэнбурскай брамы ў гонар аб’яднаньня двух Нямеччынаў. Пастановачныя эпізоды перамяжоўваюцца сапраўднымі архіўнымі кадрамі.
«Жыцьцё іншых» Флярыяна Хэнкеля фон Донэрсмарка (2006 год)
Адна з самых пасьпяховых нямецкіх карцін XXI стагодзьдзя (яна, у прыватнасьці, атрымала прэмію «Оскар» як найлепшы фільм на замежнай мове), «Жыцьцё іншых» не канцэнтруецца на самім падзеньні муру. Больш за тое, перад намі не гістарычная драма, а самы сапраўдны шпіёнскі трылер. Але апускаючы гледача ў нетры бязьлітаснай машыны Штазі, рэжысэр падспудна тлумачыць, як глыбока таталітарызм пранік у дзяржаўны лад, як сказіў уяўленьні людзей пра сябе і навакольных. У выніку нават радыкальныя мэтады накшталт разбурэньня сымбаля халоднай вайны ня могуць вывесьці пакінутыя ёю шнары з цела чалавецтва.
«Гуд бай, Ленін!» Вольфганга Бэкера (2003 год)
Сумны кранальны фільм, які збольшага нагадвае клясычную франка-італьянскую камэдыю «Замарожаны». Толькі замест маладзейшага дзядулі, які праляжаў больш за паўстагодзьдзя ў ледзяной грудзе, мы бачым жанчыну, якая трапіла ў кому да таго, як была разбураная Бэрлінская сьцяна.
Крысьціяна прыходзіць у сябе ўжо пасьля гістарычнай падзеі, так і застаўшыся заўзятай камуністкай. Лекары лічаць, што моцны стрэс можа скончыцца для яе сьмяротным зыходам, таму яе сын Алекс (яго грае малады Даніэль Бруль) вымушаны старанна хаваць ад маці той факт, што краіна і сьвет сталі зусім іншымі. Ён узнаўляе ў іх кватэры атмасфэру ГДР, здымае фіктыўныя навіны, каб паказваць іх Крысьціяне пад выглядам прамых эфіраў, і навыварат выварочваецца, спрабуючы пераканаўча растлумачыць ёй, чаму на вуліцах стала так шмат іншамарак. На прыкладзе падзеньня сьцяны рэжысёр фільма «Гудбай, Ленін!» разважае пра фэномэн зьмяненьняў, якія адным нясуць шчасьце і свабоду, а іншым — крах і сьмерць.
Што слухаць
«Wind of Change» гурта Scorpions
Як ні парадаксальна, клясычная рок-баляда, якая ў першую чаргу прыходзіць у галаву ў сувязі з падзеньнем Бэрлінскага муру, першапачаткова ня тое каб мела да яго прамое стаўленьне. Яна нарадзілася летам 1989 года, калі Scorpions прыяжджалі ў Савецкі Саюз, каб прыняць удзел Маскоўскім міжнародным фэстывалі міру. У інтэрвію часопісу The Rolling Stone Кляўс Майнэ і Ко казалі, што Wind of Change — песьня не пра Бэрлін, а пра Маскву. Але пазьней значэньне кампазыцыі стала больш унівэрсальным, шмат у чым таму, што апорнымі пунктамі кліпа на яе былі кадры ўзьвядзеньня, а потым — разбурэньня сьцяны. Яркі, наглядны вобраз фактычнага падзеньня перашкоды на шляху да сьветлай будучыні апынуўся значна больш магутным, чым гіпатэтычны дуэт балалайкі і гітары, апеты музыкамі.
«Жалобны марш» з Сымфоніі № 3 Людвіга вана Бэтговэна
Падзеньню Бэрлінскага мурупапярэднічалі пратэсты ў Ляйпцыгу, якія прайшлі на зьдзіўленьне спакойна, хоць у горад былі сьцягнутыя ўзброеныя сілы і дэманстранты чакалі, што па іх будуць страляць. Многія да гэтага часу лічаць, што, калі б не посьпех Ляйпцыгскіх шэсьцяў, сьцяна цалкам магла б застацца на месцы.
Адным з заўважных культурных дзеячаў, якія паўплывалі на ход гэтай мірнай рэвалюцыі, быў знакаміты нямецкі дырыжор Курт Мазур. Ён заклікаў пратэстоўцаў і вайскоўцаў не праяўляць гвалту. Аднак пазьней прызнаўся, што ў музыкаў яго аркестра ў тыя дні былі напагатове ноты «Жалобнага маршу» з Трэцяй сымфоніі Бэтговэна — на выпадак, калі акцыя прывядзе да трагедыі.
«The Wall» гурту Pink Floyd
Канцэптуальны альбом групы Pink Floyd быў выпушчаны за дзесяць гадоў да падзеньня Бэрлінскай сьцяны: з яго дапамогай Роджэр Уотэрс спрабаваў знайсьці сэнс уласнага жыцьця. Але ў выніку самае вядомае выкананьне гэтай своеасаблівай рок-опэры адбылося летам 1990 года на тэрыторыі паміж Патсдамскай плошчай і Брадэнбурскай брамай ў Бэрліне, перад амаль паўмільёнам гледачоў. У тым жа канцэрце прынялі ўдзел Шінэйд О’Конар, Джоні Мітчэл, Ван Морысан, Браян Адамс і іншыя вядомыя музыкі, а дызайн сцэны ўключаў у сябе сымбалічную «сьцяну» даўжынёй у 170 мэтраў: пад заслону грандыёзнага шоў яе, зразумела, разбурылі.