Першы раз у Расеі. Казань — горад Купалы і чырвоных МАЗаў

Казань, Крэмль уначы

Карэспандэнт Свабоды дажыў да 35 гадоў і ўпершыню ў жыцьці паехаў у Расею паглядзець, як там не па тэлевізары, а папраўдзе. Пяты рэпартаж сэрыі — пра сталіцу Татарстану.

«Купалу пазнаў вайсковы камэндант»

Я стаю на высокім беразе Волгі. Насупраць, за ракой, Казань. Унізе невялікі пасёлак Пячышчы. Адміністрацыйна гэта ўжо іншы раён. Наўпрост ад Пячышчаў да Казані кілямэтраў дзесяць, але дабрацца да гораду ня так проста. Бліжэйшы мост — за 15 кілямэтраў уверх па рацэ, пасёлак з горадам зьвязаны рухам цеплаходаў па Волзе. Плыць хвілін 45. У сэзон цеплаходы ходзяць тройчы на дзень, зь лістапада па травень навігацыі няма. Застаецца толькі паром у суседнім пасёлку, да якога ісьці пяць кілямэтраў пешшу.

Дабірацца з Казані да Пячышчаў зручней за ўсё на цеплаходзе

У высокім чырвоным цагляным будынку знаходзілася кватэра Купалы

Звычайны пасёлак, з адным вялікім будынкам — былым млыном. Нічога асаблівага. Калі ня ведаць, што менавіта тут апошнія месяцы перад сьмерцю жыў Янка Купала. І цяпер у Пячышчах — адзіны ў Расеі музэй беларускага пісьменьніка.

У Пячышчы (націск на другі склад) Купала трапіў выпадкова. У вайну тут была паромная пераправа да Казані. Купала, які дабіраўся ў эвакуацыю на сваім асабістым аўтамабілі з кіроўцам, захрас у чарзе на яе. Калі вайсковы камэндант папрасіў яго паказаць дакумэнты, Купала дастаў сваё дэпутацкае пасьведчаньне на імя Івана Луцэвіча. Камэндант пазнаў беларускага народнага пісьменьніка і тут жа расказаў пра яго дырэктару млына. Той прыйшоў асабіста пазнаёміцца з Купалам і, пагутарыўшы. прапанаваў яму спыніцца на час эвакуацыі ў Пячышчах, у будынку, дзе жылі сем’і адміністрацыі прадпрыемства. Пісьменьнік пагадзіўся.

Прыстань у Пячышчах

Від на Волгу з высокага берага

«Гэты будынак стары, ён пабудаваны яшчэ ў 19 стагодзьдзі сям’ёй, якая заснавала прадпрыемства. Гэта былі багатыя людзі, — расказвае дырэктарка музэю Купалы ў Пячышчах Рыма Абызава. — У вайну тут былі жылыя кватэры супрацоўнікаў адміністрацыі, у тым ліку дырэктара, які запрасіў Янку Купалу пажыць у Пячышчах. Пасьля вайны ажно да 2000 году тут бугальтэрыя была. Калі яна зьехала ў новы будынак, нам дазволілі пашырыцца, музэй атрымаў больш памяшканьняў. А да Івана Дамінікавіча гэтую кватэру займаў галоўны інжынэр млына. Ён у самы першы дзень вайны паехаў на фронт, і кватэра пустая была. Вось мы яе стараемся захаваць, пакой Янкі Купалы амаль такі самы, які ён быў у 1942 годзе».

Музэйная шыльда

Музэй у Пячышчах працуе круглы год, аднак трапіць сюды ня так проста. Нядаўна будынак млына выкупіла прыватная фірма, прадпрыемства цяпер не працуе, і мяне адразу спыняюць на прахадной.

«Дык закрыты ж музэй, там няма нікога, — кажа суворы ахоўнік. — Але можам пазваніць дырэктарцы, калі вы з самай Беларусі прыехалі. Там проста ня паляць. Ім холадна сядзець, то калі няма наведнікаў, яны ў школах ці яшчэ дзе. Але вось нумар ёсьць, зараз пазвонім».

Аўтограф Лукашэнкі на музэйным буклеце

Балалайка, на якой зайграў кіраўнік Беларусі

Рыма Абызава адразу пагаджаецца правесьці для мяне экскурсію і нават выдае адмысловы бясплатны квіток для «шаноўных гасьцей». Кажа, што асноўная плынь наведнікаў тут летам. Музэй у Пячышчах расказвае яшчэ і пра гісторыю млына, і пра само паселішча. Сёлета сам музэй і яго імпрэзы наведалі каля 5 тысяч чалавек.

«Мы тут, вядома, пра Купалу ўсё расказваем, у Казані мала хто нешта пра яго ведае, — кажа дырэктарка. — Хаця вось у нашым раёне дзякуючы аддзелу адукацыі мы дамовіліся нават у школах праводзіць урокі, прысьвечаныя яму. Калі ў праграме па літаратуры ёсьць прысьвечаны пісьменьнікам краін СНД час, то мы там расказваем пра Янку Купалу. Як ён палюбіў чытаць, што для яго значыла кніга. Вам я ўжо ня буду пра гэта расказваць, вы ж ведаеце ўсё».

Пакой, у якім жыў Купала. Мэбля аўтэнтычная

«Лукашэнка нам чытаў верш «Хлопчык і лётчык»

Рыма Абызава паказвае мне кватэру, дзе Купала пражыў апошнія месяцы жыцьця і адкуль паехаў у Маскву, каб ніколі ўжо не вярнуцца. Два невялікія пакойчыкі, печ, тры вакны. У адным з пакояў супрацоўнікі музэю аднавілі абстаноўку, якая была пры Купалу. У другім — некалькі стэляжоў з кнігамі і асабістымі рэчамі паэта. А таксама з музэйным буклетам, на якім, будучы ў Казані, паставіў у 2005 годзе свой аўтограф Аляксандар Лукашэнка. Побач балалайка, на якой зайграў кіраўнік Беларусі. Дырэктарка музэю жартуе, што інструмэнт ужо стаў асобным экспанатам.

«Лукашэнка нам тады сказаў, што тут ня проста музэй Янкі Купалы, а цэлы куток беларускай культуры на зямлі Татарстану, — кажа дырэктарка. — Вось на буклеце аўтограф паставіў. Але сам не даехаў. Хаця беларуская дэлегацыя была за. Гэта нашыя эфэсбэшнікі забаранілі. Таму нам прыйшлося ў Казань ехаць з выставай. А як Лукашэнка на балалайцы грае, мы нават на відэа запісалі. Ён зайграў, а потым прачытаў нам верш «Хлопчык і лётчык».

Асабістыя рэчы Янкі Купалы

Расейская спэцслужба нібыта не змагла гарантаваць бясьпеку паездкі — у Пячышчах здабываюць бутавы камень, і побач з пасёлкам пэрыядычна здараюцца глыбокія правалы грунту. Затое купалаўскі музэй пад Казаньню наведвалі іншыя беларускія «віпы» — міністры культуры, адукацыі і нават Андрэй Кабякоў.

Дырэктарка музэю Рыма Абузава

Рыма Абузава расказвае, што ў Казань, як пачалася вайна, цягніком эвакуавалі ўсю беларускую Акадэмію навук, адмовіўся толькі Купала. Калі ехаць усё ж мусіў, зрабіць гэта можна было толькі на ўласным аўтамабілі, што і прывяло паэта на пераправу праз Волгу.

У Пячышчах Янка Купала пасяліўся 13 лістапада 1941 году. Жыў разам з жонкай. У кватэру Купалы адразу паставілі радыёрэпрадуктар, які ў Пячышчах быў толькі на будынку сельсавета. У час, калі па ім перадавалі зводкі з фронту, Янка Купала ставіў яго на падаконьне, каб рабочыя млына таксама маглі пачуць навіны.

«Апошняя жыхарка Пячышчаў, якая памятала Купалу, памерла пяць гадоў таму — Ганна Шарова, — кажа дырэктарка музэю. — Яна расказвала, што мясцовыя жыхары часьцей бачылі жонку Купалы Ўладзіславу Францаўну. Яна хутка адаптавалася да новага месца, прыходзіла ў школу, настаўнікаў падмяняла, калі што якое. А Купала рана прачынаўся і ехаў у Казань, вяртаўся позна. Зімой нават сам на лыжах праз Волгу пераходзіў, калі транспарту не было. Сюды ў Пячышчы да Купалы часам прыяжджалі знаёмыя, мясцовыя жыхары заходзілі таксама. Рэпрадуктар, этажэрка, ложак — гэта ўсё аўтэнтычнае, усё гэта было тут пры Купалу. Рукапісы ў нас таксама ёсьць, чарнавікі. Гэта ўсё знайшлі выпадкова на гарышчы ўжо пасьля вайны».

Казань

Пасьля сьмерці Янкі Купалы яго жонка засталася ў Пячышчах. У Беларусь вярнулася пасьля траўня 1945 году. Да сваёй сьмерці яна прыяжджала ў Пячышчы кожныя пяць гадоў. Менавіта яна прапанавала Саюзу пісьменьнікаў Татарстану адкрыць тут музэй Янкі Купалы. Гэта зрабілі ў 1975 годзе. Спачатку музэй існаваў як мэмарыяльны пакой з асабістымі рэчамі, паступова пашыраўся. Дырэктарка кажа, што фінансуе музэй Купалы ўрад Татарстану. Беларусь пакуль грашамі не ўкладалася, чыноўнікі толькі разважалі пра магчымасьць дапамагчы зрабіць тут рамонт.

«Але мы трымаемся, — кажа Рыма Абузава. — У Казані ёсьць беларускае таварыства, мы тут штогод Купальле ладзім, вогнішча палім. Клюб сяброў музэю ёсьць, чалавек сто зьбіраецца. Акцыю „Чытаем Купалу разам“ праводзім. Выставы ладзім. Купалаўскі музэй зь Менску нам дапамагае шмат. Беларускія таварыствы зь іншых расейскіх гарадоў нас запрашаюць. Вось у суботу ў Чабаксары паедзем. Беларусь далекавата, то мы тут езьдзім. Папулярызуем Янку Купалу. Прыдумалі праект „Тукай і Купала“ (Габдула Тукай — народны татарскі паэт. — РС). Дарэчы, музэй Купалы ў Татарстане адкрылі хутчэй, чым Тукая, яму толькі ў 1990-м. Такі цікавы факт».

Казань

Пра тое, што Казань — ня самы расейскі горад, выпадковыя спадарожнікі пачалі мне расказваць яшчэ ля Хабараўску. У першыя гадзіны пасьля прыезду ў сталіцу Татарстану гэта амаль не адчувалася. У вочы кідаліся хіба толькі ўказальнікі на вакзале, кудой прайсьці да малітоўных пакояў, ды яшчэ мячэці.

Аднак варта было толькі зайсьці ў мясцовую сталоўку з назвай «Самса № 1», як адразу зразумеў — нават амаль 500 гадоў панаваньня Масквы над Казаньню не змаглі зрусыфікаваць гэты горад цалкам. Сярод паўсотні наведнікаў самага рознага веку славянскі выгляд меў адзін я, а татарская мова гучала нават з дынамікаў.

Будынак мячэці

Тут таксама можна пабачыць мноства беларускіх аўтобусаў МАЗ, пафарбаваных у незвычайны для гарадзкога транспарту чырвоны колер. Перад чэмпіянатам сьвету па футболе, некалькі матчаў якога прайшлі ў Казані, горад закупіў 128 беларускіх аўтобусаў.

Акрамя іх, Татарстан аб’ядноўвае зь Беларусьсю асоба Міхаіла Бабіча. Яшчэ да сваёй місіі ў Беларусі ён быў паўнамоцным прадстаўніком Пуціна ў Прыволскай фэдэральнай акрузе, куды ўваходзіць Татарстан. Зь ягонай асобай зьвязваюць спробы ўзмацніць кантроль над рэгіёнам з боку Крамля.

Шыльды на татарскай мове можна пабачыць на дзяржаўных установах

Татарстан — адзіны рэгіён Расеі, якім афіцыйна кіруе ўласны прэзыдэнт. Большасьць насельніцтва рэспублікі складаюць татары, у рэгіёне 1428 мячэцяў і толькі 319 праваслаўных цэркваў. Пасьля развалу СССР, калі Крэмль яшчэ не да канца панаваў над усімі сваімі тэрыторыямі, татары нават пасьпелі збудаваць вялізную мячэць на тэрыторыі казанскага Крамля. І назвалі Кул-Шарыф — у гонар кіраўніка абароны Казані ад Івана Грознага.

Назвы вуліцаў дублююцца

Ёсьць у Казані і меншыя мячэці, і праваслаўныя цэрквы. Архітэктура, як і ў большасьці расейскіх гарадоў, зьмяшаная. Прыгожы будынак 19 стагодзьдзя можа стаяць побач з сучасным шкляным невядома чым незразумелай формы. Назвы вуліц дублююцца на татарскай, шыльды афіцыйных устаноў таксама. А вось рэклямы на татарскай мове па горадзе мала. Затое мясцовыя па-татарску размаўляюць паміж сабой значна больш, чым беларусы па-беларуску ў Менску.


Глядзіце таксама папярэднія рэпартажы сэрыі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы раз у Расеі. Уладзівасток, куды ня хоча ехаць Лукашэнка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы раз у Расеі. «А, ты рускі. — Ня рускі я. Зь Беларусі. — А выглядаеш як немец»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы раз у Расеі. «Беларус, гарэлку будзеш?» У пляцкартным вагоне па Трансьсібірскай магістралі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы раз у Расеі. «Ты што думаеш, мы тут усе за Пуціна?»