Пстрычка з Брусэлю перад візытам Лукашэнкі ў Аўстрыю. Чаму эўракамісар згадаў пра БелАЭС

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і эўракамісара ў эўрапейскай палітыцы суседзтва Яганэса Гана ў. Менску, 21 чэрвеня 2018 году

Напярэдадні візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Аўстрыю Беларусь атрымала ад Эўразьвязу дыпляматычную пстрычку.

Сьцісла:

  • Напярэдадні «дня Кастрычніцкай рэвалюцыі» амбасадары заходніх краін дэманстратыўна наведалі Курапаты.
  • Заява эўракамісара ЭЗ Яганэса Гана мяняе акцэнты ў стаўленьні Эўразьвяза да канфлікту Беларусі і Літвы з прычыны АЭС.
  • Сытуацыя з дамовай паміж Беларусьсю і ЭЗ пад назвай «Прыярытэты партнэрства» канчаткова зайшла ў тупік.
  • З-за гэтага Беларусь не атрымае сотні мільёнаў даляраў зь бюджэту ЭЗ.

6 лістапада, напярэдадні афіцыйнага сьвяткаваньня ў Беларусі гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, амбасадары заходніх краін дэманстратыўна наведалі Курапаты. Жэст відавочны, паказваючы іх стаўленьне да дзіўнай прыхільнасьці кіраўніцтва Беларусі ідэалягічным сымбалям бальшавізму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дыпляматы ЗША, ЭЗ, Ізраілю і Швайцарыі наведалі Курапаты. ФОТА

7 лістапада, пакуль міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей прысутнічаў на раздачы бясплатных бургераў ад расейскага рэпэра Цімаці, беларуская дыпляматыя атрымала яшчэ адну поўху.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар ​Макей наведаў бясплатную раздачу бургераў ад расейскай поп-зоркі

Брусэль нарэшце падтрымаў Вільню ў спрэчцы вакол Беларускай АЭС?

З Брусэлю прыйшла інфармацыя, яшчэ больш непрыемная для афіцыйнага Менску. Гаворка аб пакутніцкім дакумэнце «Прыярытэты партнэрства», які ўжо некалькі гадоў Беларусь і Эўразьвяз ня могуць падпісаць.

Яго блякуе Літва, якая патрабуе спыненьня будаўніцтва Астравецкай АЭС. У змаганьне з атамнай станцыяй Літва ўвесь час імкнулася ўцягнуць Эўразьвяз. Але дасюль фактычна беспасьпяхова. Брусэль усяляк ухіляўся, стаяў у баку і назіраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар замежных спраў Літвы нагадаў новаму амбасадар Беларусі пра засьцярогі наконт БелАЭС

Больш таго, суседняя Латвія разглядае магчымасьць купляць электраэнэргію з гэтай станцыі. Праблема ўпіраецца толькі ў адсутнасьць інфраструктуры перадачы электрычнасьці напрост зь Беларусі на латвійскую тэрыторыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія заявіла, што ня толькі ня хоча, а і ня можа купляць энэргію зь БелАЭС

Калі б дакумэнт «Прыярытэты партнэрства» ці ўвогуле адносіны зь Беларусьсю былі важнымі для ЭЗ, то ў Брусэля, ці ва ўплывовых краін Эўразьвязу знайшліся б рычагі, каб націснуць на Літву і зьняць яе пярэчаньне. Бо наўпроставай сувязі паміж гэтай дамовай і АЭС няма, гэта даволі штучная прывязка. Але, здаецца, на Літву ніхто асабліва не ціснуў.

Аднак заява эўракамісара па палітыцы суседзтва і пытаньнях пашырэньня Яганэса Гана, здаецца, мяняе акцэнты ў стаўленьні Эўразьвяза да гэтай праблемы. Выступаючы на пасяджэньні камітэта Эўрапарлямента па замежных справах у Брусэлі 7 лістапада, Ган згадаў адносіны з Беларусьсю.

«Наша мэта — завяршыць нарэшце працу над „Прыярытэтамі партнэрства“. У гэтым выпадку вынік залежыць ад таго, ці знойдзем мы рашэньне па АЭС у Астраўцы», — сказаў ён.

То бок, ЭЗ адмовіўся ад пазыцыі нэйтралітэту ў спрэчцы паміж Беларусьсю і Літвой і выступіў у падтрымку Вільні. Так можна трактаваць заяву эўракамісара. Гэта азначае, што сытуацыя з гэтай дамовай канчаткова зайшла ў тупік. Бо, з гледзішча дыямэтральна процілеглых пазыцый Беларусі і Літвы, ніякага «рашэньне па АЭС у Астраўцы не прадбачыцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва ня зможа імпартаваць электрычнасьць з краін, дзе працуюць небясьпечныя АЭС

Праблема ў тым, што паміж Беларусьсю і ЭЗ фактычна няма дамоўна-прававой базы. Не сказаць, што гэта моцна перашкаджае разьвіцьцю дачыненьняў. Тым ня менш, Беларусь атрымлівае з бюджэту ЭЗ менш грошай, чым іншыя краіны-чальцы праграмы «Ўсходняе партнэрства».

Калі б Менск і Брусэль падпісалі дакумэнт «Прыярытэты партнэрства», пэўныя фінансавыя рэсурсы ад Эўразьвяза зьявіліся б. Гаворка ідзе пра дзесяткі і нават сотні мільёнаў эўра.

Пстрычка ад аўстрыйца перад візытам Лукашэнкі ў Аўстрыю

І яшчэ адзін цікавы нюанс. Гэтыя непрыемныя для афіцыйнага Менску падзеі адбыліся напярэдадні афіцыйнага візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Аўстрыю 12 лістапада.

Цымус у тым, што эўракамісар Яганэс Ган, які выступіў з такой непрыемнай для Беларусі заявай, зьяўляецца прадстаўніком Аўстрыі. Больш за тое, ён чалец Аўстрыйскай народнай партыі, якая атрымала перамогу на выбарах 29 верасьня. З кіраўніком партыі Сэбастыянам Курцам у Лукашэнкі заплянавана рабочая вячэра.

Такі непрыемны «падарунак» госьцю ад гаспадароў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэс-служба Лукашэнкі пацьвердзіла дэталі візыту ў Аўстрыю


Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.