Прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі пракамэнтавала рэакцыю расейскага прэм’ера на словы беларускага кіраўніка пра «ня нашыя войны».
Што сказаў Лукашэнка
У інтэрвію казахстанскаму тэлеканалу «Хабар», кажучы пра расейска-францускую вайну 1812 году, Першую і Другую сусьветныя войны, Аляксандар Лукашэнка заявіў:
«... Цяпер мы самі вырашаем свае пытаньні, мы самі распараджаемся сваім лёсам. Але самае галоўнае — Беларусь, ды і Казахстан, яны ж заўсёды былі пад чыімсьці бізуном, вось як я часта кажу. Хтосьці намі панукваў, хтосьці спрабаваў на калені паставіць, асабліва Беларусь. Усе гэтыя войны — ня нашы войны!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьлёзы шчасьця, бясплатнае піва і паўкабана. Як у Беларусі сустракалі Напалеона
Што заявіў Мядзьведзеў
Расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што яму дзіўна чуць выказваньні, падобныя заяве Лукашэнкі, бо тое, што «нашы бацькі і дзяды абаранялі сваю зямлю», гэта «ня ўдзел у чужых войнах».
«Мы ні ў якім разе не павінны кідаць хоць нейкі цень на подзьвіг нашых продкаў, якія абаранялі сваю зямлю. Яны жылі на тэрыторыі сучаснай Расеі або Беларусі, але абаранялі сваю зямлю ад захопнікаў», — перадае Інтэрфакс словы Мядзьведзева.
Як растлумачыла Эйсмант словы Лукашэнкі
Прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант заявіла РИА Новости, што рэакцыя Мядзьведзева была «вельмі нечаканай», і нечаканасьць заключалася «ў поўным скажэньні сутнасьці». На яе думку, словы Лукашэнкі не патрабавалі дадатковага тлумачэньня.
«Усё гранічна ясна: кажучы пра гэта, прэзыдэнт меў на ўвазе, што наваяваліся — і Беларусь, і Расея — хопіць!»
Яна дадала, што «калі ўжо тэма атрымала разьвіцьцё», то «ня можа не адзначыць некалькі момантаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка адказаў на ўльтыматум Мядзьведзева пра аб'яднаньне
Што Эйсмант нагадала Мядзьведзеву
Эйсмант заявіла, што ў постсавецкі пэрыяд нехта сапраўды адракаўся ад чагосьці, але «рабілася гэта не ў Беларусі, а ў самой Расеі, і не аднойчы». Прыклады яна ня стала прыводзіць, «хоць магла б».
«Яшчэ больш дзіўна для расейскага прэмʼера павінна выглядаць тое, што пасьля столькіх пройдзеных разам выпрабаваньняў сёньня нашыя краіны загразьлі ў бясконцых перамовах па нафце, газе і нават прадуктах харчаваньня», — дадала Эйсмант.
Яна агучыла рытарычнае пытаньне, «каму сёньня трэба падымаць гэтую тэму?», і параіла вырашаць названыя праблемы, а ня згадваць «сівыя часы».
«Проста камусьці трэба, каб гэтая быццам бы гранічна зразумелая тэма раптам загучала, — разважала Эйсмант. — Ці, можа быць, трэба знайсьці новую нагоду ўкусіць?.. Але гэта пытаньне пакуль рытарычнае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь зьмірылася. У «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе