Чальцы Эўразійскага эканамічнага саюзу не дазволілі Беларусі абнуліць мыты на электрамабілі. Гэта вынікае з адказу Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі на пэтыцыю, зьмешчаную на плятформе petitions.by.
Ініцыятары звароту прасілі разгледзець пытаньне адмены мыта для фізычных асобаў на ўвоз электрамабіляў у Беларусь, каб стымуляваць разьвіцьцё гэтага віду транспарту. На гэты момант пад пэтыцыяй падпісаліся 1086 чалавек.
Намесьнік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Сяргей Палудзень паведаміў, што яшчэ ў 2017 годзе Беларусь прапаноўвала іншым краінам – удзельніцам Эўразійскага эканамічнага саюзу абнуліць мыта на ўвоз электрамабіляў, аднак падтрымкі не атрымала. Фактычна гэта пазыцыя Расея, не зацікаўленай у канкурэнцыі для сваіх унутраных вытворцаў.
Пры гэтым ён адзначае, што пытаньне аб мэтазгоднасьці падрыхтоўкі новых ініцыятыўных прапановаў, датычных нулявой стаўкі ўвазнога мыта на электрамабільны транспарт, разглядаецца зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі.