Сорак гадоў таму, празь некалькі месяцаў пасьля Ісламскай рэвалюцыі, натоўп рэлігійных студэнтаў захапіў амэрыканскае пасольства ў Тэгеране. Амаль паўтара года 52 супрацоўніка дыпведамства правялі ў закладніках. За гэты час захопнікі пасьпелі апублікаваць тысячы сакрэтных дакумэнтаў з амбасады, а ЗША – увесьці супраць Ірана наймацнейшыя санкцыі. Адносіны паміж некалі дзьвюма дружалюбнымі краінамі так ніколі і ня былі адноўленыя.
Крысьціна Закурдаева («Настоящее Время») распавядае, чаму студэнты пайшлі на такі радыкальны крок, што было ў сакрэтнай дакумэнтацыі і як удалося вызваліць амэрыканцаў.
Катаваньні і кола
Пад крыкі «сьмерць Амэрыцы» і «сьмерць шаху» натоўп зь некалькіх тысяч рэлігійных студэнтаў — яны называлі сябе «пасьлядоўнікамі лініі імама» — прыйшоў да сьценаў амэрыканскай амбасады ў Тэгеране. Іранцы былі незадаволеныя рашэньнем ЗША даць прытулак шаху Рэзе Пэхлэві, які за некалькі месяцаў да гэтага зьбег з краіны пасьля Ісламскай рэвалюцыі. Празь некалькі гадзін студэнты вырашылі пералезьці празь сьцены амбасады і захапіць яе супрацоўнікаў — іх іранцы лічылі шпіёнамі.
Усе, хто знаходзіўся ў будынку — 71 чалавек — сталі закладнікамі. Праз два тыдні студэнты адпусьцілі 13 чалавек — афраамэрыканцаў і жанчын. Сваё рашэньне яны растлумачылі тым, што чарнаскурыя адносяцца да «прыгнечанай меншасьці», а жанчыны займаюць «асаблівае месца ў ісламе».
Яшчэ шасьцярым супрацоўнікам удалося зьбегчы падчас захопу, іх схаваў у сябе канадзкі пасол. У сярэдзіне 1980-га уцекачоў вывезуць з краіны пад прыкрыцьцём, а ў 2012 аб гэтай апэрацыі здымуць галівудзкі фільм «Апэрацыя Арго».
Прыхільнікі імама ў гэты ж дзень — 4 лістапада 1979 году — захапілі будынкі консульстваў ЗША ў Тэбрызе і Шыразе, але іх праца была спыненая яшчэ ў лютым, таму браць у закладнікі там не было каго. Таксама вядома, што рэлігійныя студэнты Пакістана, натхніўшыся прыкладам Ірана, спрабавалі браць штурмам амбасады ў сябе ў краіне. Але закладнікаў амаль адразу вызвалялі.
У першыя дні пасьля захопу вярхоўны лідэр Ірана аятала Рухала Хамэйні ніяк не рэагаваў на тое, што здарылася, але неўзабаве назваў дзеяньні захопнікаў «другой рэвалюцыяй», амбасаду — «шпіёнскім рассаднікам». А потым і высунуў уласныя ўмовы па вызваленьні закладнікаў. «Калі ЗША выдадуць Ірану зрынутага шаха і спыняць шпіёніць за намі, то шлях да перамоваў на некаторыя важныя для нацыі тэмы адкрыецца», — заяўляў ён.
Прэзыдэнт ЗША Джымі Картэр абвясьціў тое, што здарылася, актам тэрарызму. Вашынгтон падаў скаргу ў Міжнародны суд ААН, абвінаваціўшы Іран у парушэньні некалькіх артыкулаў Венскай канвэнцыі аб консульскай дзейнасьці.
Пазьней закладнікі распавядалі, што іранскія ўлады некалькі гадзін ігнаравалі іх просьбы аб дапамозе. Пасьля прыбыцьця атрада Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі, яго супрацоўнікі не рабілі актыўных дзеяньняў, каб абараніць амэрыканцаў. На гэта прэс-сакратары ўрада Ірана заявіў, што яны не ўмешваліся, паколькі іх задачай было «ахоўваць і студэнтаў, і супрацоўнікаў пасольства».
Закладнікі скардзіліся на «бесчалавечнае стаўленьне»: іх рэгулярна зьвязвалі, апраналі павязкі на вочы, дапытвалі пра дзейнасьць у Іране, забаранялі пісаць і атрымліваць лісты. Таксама сьцьвярджаецца, што ім рэгулярна пагражалі зброяй.
Пры гэтым у першы год пасьля захопу іранцы дазволілі закладнікам адсьвяткаваць каталіцкія Каляды — для іх прыбралі елку, прыгатавалі вячэру і прынесьлі некалькі бутэлек з колай.
Wikileaks з 1970-х
У той момант, калі студэнты ўварваліся ў будынак амбасады, супрацоўнікі сьпяшаліся зьнішчыць як мага больш дакумэнтаў. Нейкую частку папер прапускалі праз шрэдэры. Гэта не дапамагло: захопнікам удалося аднавіць большую частку з абрэзкаў. Выяўленыя і склееныя дакумэнты іранскія ўлады прынялі рашэньне апублікаваць без цэнзуры.
Сакрэты амэрыканскай амбасады публікавалі і ў дзяржаўных СМІ, і асобнымі зборнікамі некалькі гадоў запар. Усяго было апублікавана 77 тамоў з унутранымі допісамі, мэтадычкамі і дыпляматычнымі зводкамі пад агульнай назвай «Унутры шпіёнскага логава ЗША».
Супрацоўнікі амбасады спрабавалі завэрбаваць высокапастаўленых іранскіх чыноўнікаў, бізнэсоўцаў, журналістаў і актывістаў у выгнаньні, гаварылася ў гэтых дакумэнтах. У адной са справаздач распавядалася, як спрабавалі завэрбаваць Абольхасана Банісадра — палітыка, які вярнуўся ў Іран разам з Хамэйні пасьля рэвалюцыі і пазьней стаў першым прэзыдэнтам краіны. Адзін з агентаў ЦРУ, прыкрываючыся легендай бізнэсмэна з ЗША, прапаноўваў Банісадру супрацоўніцтва ў розных фарматах — пачынаючы ад кансультацый і заканчваючы поўным працаўладкаваньнем cа штомесячным акладам у $ 1000 (з улікам інфляцыі, сёньня гэтая сума склала б каля $ 3500), але палітык адмовіўся. Прэзыдэнт гэтую інфармацыю пацьвярджаў.
Сярод апублікаваных дакумэнтаў ёсьць плян ЗША па эвакуацыі з Ірана шаха Пэхлэві ў разгар рэвалюцыі, зводкі аб складзе Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі, мэтадычкі па выкрыцьці савецкіх шпіёнаў, пляны гандлю паміж краінамі, прафайлы на палітычных дзеячоў і актывістаў. У матэрыялах ёсьць шпіёнскія легенды для працы пад прыкрыцьцём і рэкамэндацыі па «актывацыі» падробных дакумэнтаў. Іранскі ўрад таксама расказаў, што падчас ператрусу будынка выявілі капэрту з пячаткамі памежнікаў для выезду і ўезду ў Іран, то бок для падробкі дакумэнтаў.
З апублікаваных дадзеных можна зрабіць высновы, што захопу ніхто не чакаў. Ва ўнутранай карэспандэнцыі кіраўнік Офіса па справах з Іранам Генры Прэхт у пачатку жніўня 1979 сьцьвярджаў, што пагроза амбасадзе пасьля зімовых падзей (гэта значыць рэвалюцыі) мінімізавалася, але ўсё ж там не адмаўлялі, што зьбіраць інфармацыю стала цяжэй.
Яшчэ ў чэрвені 1979-га амэрыканскае пасольства ў Іране паведамляла, што іх крыніцы пасьля Ісламскай рэвалюцыі сталі дзяліцца сваімі назіраньнямі зь меншай ахвотай — да інфарматараў пачалі ставіцца больш насьцярожана, і самі яны спрабавалі выклікаць як мага менш падазрэньня ў сувязях з ЗША.
«Эканаміст, які супрацоўнічаў з намі больш за чатыры гады, адзначае, што тыя, хто яшчэ чатыры-шэсьць месяцаў таму свабодна гаварыў на нейкія тэмы, цяпер аддае перавагу не размовам па тэлефоне, а асабістым сустрэчам або званкам выключна ўначы. Многія саромеюцца адмовіцца ад сустрэч і карыстаюцца тыповымі „пэрсыдзкімі адгаворкамі“, абяцаючы ператэлефанаваць пазьней », — гаворыцца ў паведамленьні.
Апублікаваныя дакумэнты забясьпечаны рэдактарскімі ўстаўкамі, у якіх гаворыцца пра імпэрыялістычную пагрозу з боку ЗША і прыводзіцца дадатковы аналіз зьместу некаторых матэрыялаў. Вось тыповы прыклад:
«Каб абараніць свае інтарэсы, імпэрыялісты пашыраюць свае шпіёнскія сеткі па ўсім сьвеце. ЦРУ — самыя вынаходлівыя з іх. Паўсюль, дзе ёсьць бязьлітаснае задушэньне народа, ёсьць сьляды ЦРУ. Крыважэрны амэрыканскі імпэрыялізм выкарыстаў усе свае магчымасьці, каб укараніцца ва ўсе аспэкты здамінаванай краіны, яны працягнулі гэта рабіць [у Іране] і пасьля рэвалюцыі».
Цяперашняя віцэ-прэзыдэнт Ірану па справах жанчын і сям’і Масумэх Эбтэкар у 1979-м была сярод студэнтаў, якія захапілі амэрыканскую амбасаду. Але тады яе ведалі пад імем «Мэры» — яна адна зь нямногіх, хто свабодна гаварыў па-ангельску, і таму ў асноўным яна вяла перамовы ад імя захопнікаў.
«Публікацыя гэтых дакумэнтаў падобная на тое, што цяпер робіць WikiLeaks. (Тое, што зрабілі мы), было WikiLeaks таго часу», — сказала яна агенцтву AFP у 2016 годзе.
Эбтэкар казала, што шкадуе, што пасьля гэтых падзей Іран апынуўся ў сусьветнай ізаляцыі і пад наймацнейшымі эканамічнымі санкцыямі. Але ўсё роўна лічыць рашэньне аб захопе правільным — студэнты тады асьцерагаліся, што ЗША ўчыняць у новастворанай Ісламскай рэспубліцы чарговы дзяржаўны пераварот.
Прывід 1953-га
Многія ўсходазнаўцы і самі іранцы сёньня сыходзяцца ў меркаваньні, што адным з штуршкоў да рэвалюцыі і росту антыамэрыканскіх настрояў стаў пераварот 1953 года. Тады ЦРУ ў сумеснай змове з брытанскімі спэцслужбамі і манархам адхіліла ад улады першага абранага народам прэмʼер-міністра Ірана Махамэда Масадыка. Лічыцца, што ключавыя ролі ў дэталёвым плянаваньні перавароту згулялі амэрыканскія дыпляматы — браты Ален і Джон Фостэр Далэсы.
Масадык у пачатку 1950-х узначальваў апазыцыйную кааліцыю «Нацыянальны фронт Ірана», быў уплывовым сябрам парлямэнта і займаўся нацыяналізацыяй нафтавай прамысловасьці: у прыватнасьці, Англа-пэрсыдзкай нафтавай кампаніяй. Сёньня яна называецца British Petroleum. Кампанія пад брытанскім кіраўніцтвам доўгія гады па канцэсіі вывозіла з Ірана нафтапрадукты за бесцань, а таксама была вызвалена ад выплаты падаходнага падатку і мытных пошлін. Пасьля нацыяналізацыі Брытанія абвінаваціла Тэгеран у рэйдэрскім захопе ўласнасьці і пагражала міжнародным судом ААН і ўвяла нафтавае эмбарга, якое нанесла значны ўрон эканоміцы Ірана.
Масадык усё роўна карыстаўся папулярнасьцю як сярод рабочай клясы, так і ў інтэлектуальных колах. Але з кожным годам напружаньне паміж ім і прыхільнікамі шаха ўзрастала. Пасьля некалькіх няўдалых спробаў зьвергнуць Масадыка шах Пэхлэві пагадзіўся ўдзельнічаць у змове амэрыканскага прэзыдэнта Дуайта Эйзэнхаўэра і брытанскага прэм’ера Ўінстана Чэрчыля. На гэты раз плян спрацаваў. Апэрацыя ў ЦРУ атрымала кодавую назву «Аякс», у МІ6 — «Boot» («даць высьпятка»). Неафіцыйным гімнам перавароту сярод змоўшчыкаў стала песьня «Luck Be A Lady Tonight» з брадвэйскага мюзікла «Хлопцы і лялячкі».
Амэрыканскі журналіст і дасьледчык Стывен Кінцэр апісаў апэрацыю ў кнізе «Усе людзі шаха. Амэрыканскі пераварот і перадумовы да тэрору на Блізкім Усходзе». У рамках кампаніі супраць прэмʼера замежныя спэцслужбы аплачвалі ачарняючыя артыкулы ў мясцовых СМІ і мітынгі ў буйных гарадах. Па дадзеных былога спэцыяліста па замежнай прапагандзе ЦРУ Рычарда Котэма, да 4/5 усіх газэтаў Тэгерана працавалі на спэцслужбы і публікавалі артыкулы, напісаныя ў Вашынгтоне. У СМІ, па словах Котэма, для Масадыка ствараўся вобраз «фанатыка і калябарацыяніста з камуністамі» з антыманархічнымі і антыісламскімі поглядамі.
Згодна з рассакрэчанай у 2013 годзе справаздачай ЦРУ, агенты ад імя камуністычнай партыі Ірана «Тудэ» рассылалі рэлігійным лідэрам Тэгерана лісты, у якіх пагражалі расправай, калі імамы ня будуць падтрымліваць Масадыка. У будучыні клірыкі згуляюць важную ролю ў перавароце. Як і дэпутаты парлямэнта — іх амэрыканскія і брытанскія спэцслужбы падкуплялі. Спэцслужбы арганізоўвалі і розныя дэманстрацыі: «прашахскія» і «прамасадыкаўскія», на якіх гучалі камуністычныя лёзунгі і заклікі да сацыялістычнай рэвалюцыі.
На фоне пратэстаў у Тэгеране пачаліся ўзброеныя сутыкненьні. Дом прэм’ера абстралялі і разрабавалі. Неўзабаве Масадыку ўручылі ўказ шаха аб адхіленьні з пасады прэмʼера і арыштавалі. Да канца свайго жыцьця ён заставаўся пад хатнім арыштам.
Боская дапамога
У красавіку 1980 у пустыні ў 80 кілямэтрах ад Тэгерана згарэлі верталёт і самалёт, усярэдзіне былі восем чалавек. Усе яны — амэрыканскія вайскоўцы. Аварыя адбылася падчас няўдалай спробы дазапраўкі. Аб правале апэрацыі «Арліны кіпцюр» па выратаваньні закладнікаў на наступны ж дзень распавёў прэзыдэнт Джымі Картэр. Пазьней ён заяўляў, што менавіта празь гэта ён ня змог пераабрацца на другі тэрмін.
Згодна з плянам ваенных і спэцслужбаў ЗША, група агентаў унутры Ірана павінна была ўзяць штурмам месца, дзе ўтрымліваліся закладнікі, і вывезьці іх у пустыню. Адтуль на верталётах амэрыканцы павінны былі паляцець у Эгіпет, потым — у ЗША. Усяго ў апэрацыі было задзейнічана восем верталётаў і самалёт-дазапраўшчык. Але з прычыны пыльных бураў і няспраўнасьцяў некаторых апаратаў з васьмі верталётаў да пустыні даляцелі толькі шэсьць. Пасьля аварыі з дазапраўшчыкам амэрыканскае камандаваньне прыняло рашэньне кінуць верталёты ў пустыні. Там жа амэрыканцы пакінулі дэталёвы плян засакрэчанай місіі. Дакумэнты і частка ацалелага абсталяваньня трапілі ў рукі іранцаў.
Праваленую місію іранскія ўлады выкарыстоўвалі для прапаганды. Пасьля гэтага ўсіх закладнікаў расьсяродзілі па краіне, каб у будучыні падобныя місіі былі б немагчымыя. На месцы крушэньня пабудавалі мячэць.
У гэтых умовах Вашынгтон быў вымушаны ўступіць у перамовы з Тэгеранам. Яны працягваліся амаль год. Мэдыятарам выступіў Алжыр. У студзені 1981 Іран і ЗША падпісалі пагадненьне. Тэгеран паабяцаў адпусьціць усіх закладнікаў і пагасіць усе запазычанасьці перад амэрыканскімі банкамі, ЗША ў адказ — адмяніць санкцыі, размарозіць актывы шаха і часткамі перавесьці іх новаму іранскаму ўраду, а таксама больш ня ўмешвацца ва ўнутраную палітыку Ірана. Усе фінансавыя апэрацыі, паводле дамоўленасьцяў, праводзіліся праз альжырскі Цэнтральны банк.
Закладнікаў вызвалілі ў апошні афіцыйны дзень прэзыдэнцтва Джымі Картэра. Іранскія ўлады пасадзілі ў самалёт усіх 52 чалавек у момант, калі абраны прэзыдэнт Рональд Рэйган прамаўляў сваю інаўгурацыйную прамову. Крызіс працягваўся 444 дні.