Першы раз у Расеі. Шуры-Муры на Байкале

Карэспандэнт Свабоды дажыў да 35 гадоў і ўпершыню ў жыцьці паехаў у Расею паглядзець, як там не па тэлевізары, а папраўдзе. У трэцім падарожным рэпартажы — пра самую працяглую чыгунку ў сьвеце і людзей, якія па ёй падарожнічаюць.

Курорт

— Няма ў нас паштовак, малады чалавек.
— А валюту можна памяняць у вас?
— І валюту нельга.
— А дзе можна?
— Валюту ў Іркуцку, а паштоўкі ня ведаю дзе. Можаце паспрабаваць у інфармацыйным цэнтры.
— Дзякуй.
— Але ён закрыты. Да верасьня працуе толькі.

Я прыехаў у пасёлак Ліствянка на Байкале. Ліствянка, гэта як наша Нарач на Нарачы ці Браслаў на Браславах — самае вядомае курортнае месца. Ад Іркуцку да Ліствянкі каля 60 кілямэтраў. Даехаць можна маршруткай, ходзяць яны прыкладна раз на гадзіну з цэнтральнага рынку. У сэзон з Іркуцку таксама падымаюцца цеплаходы па Ангары.

Назва пасёлка — ад шматлікіх лістоўніц, якія растуць па берагах Байкала. У час майго прыезду яны акурат пажаўцелі і ствараюць восеньскую атмасфэру. Адно што пабачыць іх на беразе возера складана, бо ён амаль увесь агароджаны высокім плотам прыватных гатэляў і кавярняў. У вольным доступе літаральна 150 мэтраў камяністага пляжу ля прыстані.

Каб застацца сам-насам з прыродай далей ад мангалаў шашлычных і гучнай каўкаскай музыкі, трэба прайсьці некалькі кілямэтраў ляснымі сьцежкамі.

Ліствянка - самы даступны і вядомы курорт на Байкале

«Ды тут раскупілі ўвесь бераг ужо, табе трэба на Альхон ехаць, каб Байкал нармальна адчуць, — кажа гаспадар невялічкага прыватнага гатэля, дзе я спыніўся на два дні. — Тут было нармальна ў часы СССР. Турысты прыяжджалі з усяго Саюзу. І гэта нармальныя турысты былі, а не такія, як цяпер. Толькі выпіць і закусіць. А потым на водным матацыкле п’яным пакатацца. Загарадзілі ўвесь бераг, гатэлі будуюць. Кошты такія, што ніхто ня едзе. Омуля (унікальны байкальскі від рыб. — РС) забаранілі лавіць мясцовым, ліцэнзіі выдаюць толькі карэнным жыхарам нібыта, эвенкам. Прыйдзеш на рынак, а там омулем прыежджыя з Іркуцку рускія мужыкі гандлююць. І ўсё ціп-топ».

Абвесткі пра продаж нерухомасьці кідаюцца ў вочы па ўсім пасёлку

Гатэльнага гаспадара клічуць Уладзімерам. Ён не зь Ліствянкі, а з суседняй вёскі. Кажа, што ў кастрычніку на Байкале амаль пуста — вельмі холадна. Адпачываць людзі прыяжджаюць пераважна з Іркуцку — папарыцца ў лазьні. Летам бываюць і зь іншых рэгіёнаў Расеі, і нават замежнікі з Эўропы.

Адзін з нешматлікіх сучасных гатэляў у Ліствянцы

Крама

Шмат хто з уладальнікаў невялікіх гатэляў ужо расчараваўся ў бізнэсе і цяпер прадае іх — і гатовыя, і недабудаваныя. Прадаюць у Ліствянцы і старыя драўляныя дамы. На ўвесь немалы пасёлак адна пошта без паштовак, 3–4 невялічкія крамы з атмасфэрай 90-х і два банкаматы Сбербанку Расеі (адзін не працуе).

Фрэш фіш

— Містэр, фіш! Фрэш фіш! Містэр!
— Колькі каштуе?
— А, ты рускі. Не падобны, выбачай. Рыбка, запакую з сабой, вакуўм. Омуль, толькі-толькі вэнджаны. Маленькі 200 рублёў, большы 300. Бяры.
— Ня рускі я. Зь Беларусі.
— А выглядаеш як немец.
— Гэта камплімэнт?
— Рыбу будзеш браць ці не?
— Буду, вось гэтую мне, калі ласка.
— 350.

Бяру на рынку аднаго запакаванага пад вакуўмам у тоўсты поліэтылен омуля (пакуюць рыбу проста на вачах у пакупнікоў, тут гэта самы важны і ці не адзіны мясцовы сувэнір) і іду ўздоўж берага Байкала пашукаць ціхае месца. Знаходжу толькі кафэ «Шуры-Муры». Вялікія вокны абабітага плястыкавым сайдынгам будынку выходзяць акурат на вечаровае возера. Унутры мэталічныя і плястыкавыя сталы. На бары афіцыянт, за столікамі тры маладыя жанчыны. Яны моўчкі п’юць алькаголь і закусваюць яго вэнджанай рыбай. З дынамікаў гучыць папулярная ў Беларусі гадоў восем таму песьня каўкаскай зоркі Айдаміра Мугу пра «Чёрные глаза».

Ад Берасьця да Віцебску

Пра тое, што Байкал — адно з самых вялікіх азёр ў сьвеце, беларусы ведаюць яшчэ са школы. Тыя, хто вывучаў геаграфію і ва ўнівэрсытэце, ведаюць нават тое, што Байкал — самае вялікае прэснаводнае возера паводле аб'ёму вады. А таксама самае глыбокае ў сьвеце (месцамі да 1500 мэтраў) і адно з самых старажытных. Яго памеры нават у лічбах уражваюць — 636 кілямэтраў у даўжыню і каля 80 у шырыню (у самым шырокім месцы). Для параўнаньня — ад Берасьця да Віцебску толькі 615 км.

Пры гэтым у ваколіцах Байкала толькі два адносна вялікія гарады — Іркуцк і Улан-Удэ. Рэшта тэрыторыі амаль незаселеная. Мясцовыя расказваюць, што ў сэзон у самых папулярных сярод турыстаў паселішчах процьма прыежджых. У асноўным эўрапейцаў.

Самае папулярнае месца — выспа Альхон. Там можна знайсьці нават нешта накшталт абазначаных трэкінгавых маршрутаў. Мясцовыя, як ужо расказаў мне Ўладзімір, больш любяць катацца па Байкале на цеплаходах і парыцца ў шматлікіх «русскіх баньках». Але назваць Байкал курортам усё ж не выпадае. Вельмі далёка ён ад буйных гарадоў і прамысловых цэнтраў Эўрапейскай часткі. Пазьней, едучы па Расеі, я ня раз пачую ад расіян просьбу расказаць пра Байкал, таму што «мы там ніколі не былі, але марым усё жыцьцё».

Марыць ёсьць пра што. Байкал прыгожы нават у забудаванай невялічкімі аналягамі дома Чыжа Ліствянцы. Высокія хвалі, моцны вецер, вогненныя захады сонца.

Пешаходная вуліца ў Іркуцку

Маскоўскія кошты

Паездку на Байкал сумяшчаю з наведваньнем Іркуцку. Гэты вядомы сваёй беларускай грамадой усходнесыбірскі горад узьнік у месцы зьліцьця рэк Іркут і Ангара. Першыя згадкі адносяцца да 1661 году. Напачатку быў важным купецкім цэнтрам, праз Іркуцк ішоў так званы «гарбатны шлях», па якім у Маскву і Пецярбург вазілі гарбату з Кітаю.

Доўгі час менавіта Іркуцк быў самым аддаленым цэнтрам Расейскай імпэрыі. Сюды ссылалі непакорных палітычных дзеячоў і злачынцаў. Пазьней гэтую ролю перанялі забайкальскія паселішчы, а праз Іркуцк прайшла Трансьсібірская чыгуначная магістраль.

Месцамі Іркуцк моцна нагадвае беларускія Горадню ці Берасьце

Гістарычны вакзал даволі далёка ад цэнтру гораду, на другім беразе Ангары. Тэхналёгіі канца 19 стагодзьдзя проста не дазвалялі ў патрэбныя тэрміны пабудаваць мост праз гэтую вялікую раку.

На пачатку стагодзьдзя 21-га Іркуцк моцна нагадвае дэкарацыі з фільма Балабанава «Жмуркі», дзеяньне якога адбываецца ў невядомым расейскім паселішчы ў першай палове 90-х.

У цэнтры горада шмат старых традыцыных драўляных будынкаў, аздобленых разьбой

Першае ўражаньне ад Іркуцку — холад. Тут рэзкі кантынэнтальны клімат, і ўжо ў першай палове кастрычніка холадна так, як у Менску не заўсёды бывае нават у студзені. 5-10 градусаў марозу ў гэты час для Іркуцку ня дзіва. Гэта рэзка кантрастуе з +15, якія здарыліся са мной ва Уладзівастоку тры дні таму. А таксама з такой жа плюсавой тэмпэратурай і сонечным небам празь дзень у Новасібірску.

Чым ня Менск? Нават аўтобусы МАЗ тут ёсьць

У Іркуцку ўжо значна менш праварульных японскіх аўтамабіляў і раз-пораз нават сустракаюцца родныя аўтобусы МАЗ знаёмага зялёнага колеру. У крамах гарадзенскія каўбасы і берасьцейскі тварог. На вуліцах амаль менскія «сталінкі». Калі б не традыцыйныя драўляныя 2-павярховыя сыбірскія купецкія дамы, то Іркуцк можна было б зблытаць з Гомлем. Дамоў гэтых у цэнтры гораду яшчэ даволі шмат, хоць стан іх у асноўным ня вельмі добры.

«Іркуцк — гэта Расея? — пытаюся ў хлопца, які гатуе мне шаўрму ў забягалаўцы на бульвары Гагарына. — А то мне ва Ўладзівастоку сказалі, што там не Расея». Хлопец закручвае мяса з капустай у тонкі лаваш, працягвае мне і кажа:

— Расея, канешне. Толькі кошты ў нас тут не расейскія.
— А якія?
— Маскоўскія.

Плачу за абед 150 рублёў (каля 6 беларускіх) і кажу, што ня толькі маскоўскія, але яшчэ і менскія.

Працяг будзе. У наступнай частцы сэрыялу пра першае падарожжа па Расеі чытайце пра тое, чаму Новасібірск зусім не такі, як можна было б падумаць.

Першыя дзьве часткі сэрыі рэпартажаў можна пабачыць тут:

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы раз у Расеі. Уладзівасток, куды ня хоча ехаць Лукашэнка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы раз у Расеі. «Беларус, гарэлку будзеш?» У пляцкартным вагоне па Трансьсібірскай магістралі