3 лістапада ў Менску ад мэтро «Парк Чалюскінцаў» да Курапатаў прайшло традыцыйнае шэсьце на Дзяды — дзень памяці продкаў. У Курапатах — месцы масавых растрэлаў сталінскіх часоў — адбыўся мітынг, арганізаваны Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыяй БНФ. Свабода вяла жывую відэатрансьляцыю.
На шэсьце сабралася больш за дзьве сотні ўдзельнікаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, крыжамі і транспарантамі.
У час шэсьця тры чальцы «Эўрапейскай Беларусі» запалілі фаеры — іншыя ўдзельнікі акцыі папрасілі іх згасіць піратэхніку і больш так не рабіць.
Сярод іншых у шэсьці ўдзельнічалі нядаўна вызвалены анархіст Зьміцер Паліенка — ён і ягоная нявеста Наста Гусева зьбіралі грошы для іншых, каго лічаць палітычнымі зьняволенымі. Грошы, кажуць яны, пойдуць на перадачы і аплату адвакатаў.
Акрамя звычайных для Дзядоў лёзунгаў гучалі і воклічы супраць «паглыбленьня інтэграцыі» з Расеяй.
Паводле відавочцаў, праваахоўнікі фіксавалі нумары машынаў, якія сыгналілі ў падтрымку акцыі, пасьля спынялі машыны і за нешта штрафавалі.
Шэсьце і мітынг у мэмарыяльным комплексе Курапаты санкцыянаванае ўладамі. Яго традыцыйна ладзіць Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ.
Адказны сакратар КХП-БНФ і кіраўнік грамадзкай дырэкцыі народнага мэмарыялу Курапаты Алесь Чахольскі прапанаваў прадстаўнікам рэгіянальных ініцыятываў сабраць сваіх актывістаў і далучыцца да менскай акцыі на «Дзяды» з расьцяжкамі, на якіх былі б назвы месцаў масавых расстрэлаў, мэмарыялізацыяй якіх яны займаюцца. Такім чынам, на яго думку, будзе паказана, «што прыяжджаюць людзі з усёй Беларусі і колькі такіх месцаў у краіне».
На мітынгу ў Курапатах быў зачытаны зварот ад старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянона Пазьняка. Выканаўца абавязкаў старшыні КХП БНФ у Беларусі Юрась Беленькі ў свай прамове зрабіў акцэнт на небясьпецы інтэграцыі з Расеяй. Паводле Юрася Беленькага і Алеся Чахольскага, карані курапацкіх забойстваў месьціліся ў Расеі, і цяперашняя інтэграцыя пагражае паўтарэньнем гэтых трагічных падзеяў.
Першая масавая дэманстрацыя ў Курапатах прайшла ў 1988 годзе, тады людзей разагналі ўнутраныя войскі з прымяненьнем сьлезацечнага газу і спэцсродкаў. Першы сямімэтровы крыж на тэрыторыі мэмарыялу зьявіўся праз год, на Дзяды 1989-га. Яго назвалі Крыж Пакуты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяды ў «магілёўскіх Курапатах». Што казалі сьведкі і пісалі газэты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інтэрактыўныя мапы менскіх могілак зь месцамі пахаваньня 130+ выбітных беларусаў