Зноў чарговыя экспэрты заяўляюць, што дэкрэтны адпачынак у Беларусі трэба скарачаць з трох гадоў да двух. Цяперашнія аргумэнты — клопат пра дэмаграфічную сытуацыю і неабходнасьць росту валавога ўнутранага прадукту.
Праўда, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны лічыць, што на такі крок ісьці ня варта, бо ён ня вырашыць заяўленых праблем. Але пытаньне пра скарачэньне дэкрэту ўздымаецца ня першы і, я ўпэўнена, не апошні раз. Чаго ж чакаць беларускім жанчынам?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінпрацы растлумачыла, чаму ня варта скарачаць дэкрэтны водпускМне цяжка паверыць, што міністэрства сапраўды кіруецца ў сваім рашэньні грамадзкай рэакцыяй. Намесьнік міністра Валер Кавалькоў сярод прычын, зь якіх не варта скарачаць дэкрэт, назваў нэгатыўныя водгукі людзей на ініцыятыву. Але ж і на сумна вядомы дэкрэт аб дармаедзтве грамадзтва рэагавала нэгатыўна, толькі яго ўсё адно прынялі.
А каб не распрацоўваць законапраект аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту, было дастаткова незадаволенасьці ўсяго аднаго чалавека — Аляксандра Лукашэнкі. І ўсе экспэртныя ацэнкі і распрацоўкі рэзка перасталі хоць штосьці значыць. Так што пра тое, што нейкія зьмены ў заканадаўстве ня будуць распрацоўваць, бо народ на іх кепска адрэагуе, гучаць ня вельмі праўдападобна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чаму жанчыне можна, а мужчыну не?» Пажарны з Магілёва хацеў пайсьці ў дэкрэтны водпуск, але яго звольніліІ экспэрты з розных інстытуцый працягваюць заяўляць, што скарачэньне дэкрэтнага адпачынку ў Беларусі — гэта добрая ідэя. Давайце, кажуць, забярэм у жанчын частку сацыяльных гарантый дзеля ўсеагульнага дабра. І калі аргумэнт пра рост ВУП гучыць проста цынічна, дык адсылка да клопату пра дэмаграфію — гэта сапраўдны абсурд.
Згаданыя вышэй экспэрты лічаць, што скарачэньне дэкрэтнага адпачынку зматывуе жанчын больш нараджаць. Леў Львоўскі выстройвае такі лягічны ланцужок: жанчын дыскрымінуюць на рынку працы праз страх перад сыходам у дэкрэт — жанчыны ня хочуць працаваць — зьніжаецца патрэба ў ясьлях — няма ясьляў для дзяцей тых жанчын, якія хочуць працаваць — жанчыны менш нараджаюць.
У мяне шмат пытаньняў да гэтай лёгікі, але галоўнае — як ва ўсім аказаўся вінаваты доўгі дэкрэт? Ня нізкая абароненасьць жанчын на рынку працы, не стэрэатыпы адносна мацярынства і бацькоўства, а доўгі дэкрэт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі паспрабуюць па-новаму фінансаваць дзіцячыя садкіІ калі дэкрэт ва ўсім вінаваты, дык, маўляў, яго трэба скарачаць, а пасьля глядзець, ці хопіць існуючых месцаў у садках, альбо трэба будаваць новыя. У мяне, праўда, узьнікае пытаньне, ці ведаюць шаноўныя экспэрты, як ужо цяпер бацькі прыстройваюць дзяцей у садкі?
Майго малодшага брата, напрыклад, паставілі ў адпаведную чаргу ў першы ж месяц пасьля нараджэньня, і акурат бліжэй да яго трох гадоў чарга і падышла. І наколькі я ведаю з расповедаў сваіх знаёмых, гэта абсалютна тыповая сытуацыя. Тое, што месцаў у садках ня будзе хапаць, абсалютна відавочна, і вырашаць гэтую праблему трэба да таго, як прымаць рашэньне аб скарачэньні дэкрэтнага адпачынку.
Зь цяперашняй заявы намесьніка міністра працы і сацыяльнай абароны вынікае, што ў міністэрстве гэта разумеюць, таму скарачэньне зараз не разглядаюць. Але наколькі стабільная такая пазыцыя, застаецца толькі здагадвацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я закаханая. Праз год адчула, што я — жывая». Кранальная гісторыя былой ахвяры хатняга гвалтуУ 2016 годзе пра неабходнасьць скарачэньня заяўляў памочнік прэзыдэнта ў эканамічных пытаньнях Кірыл Руды, у 2018 годзе гэтае пытаньне ўздымалася на адмысловым паседжаньні Савету Рэспублікі, а ў 2019 дэпутатка Ганна Канапацкая казала, што адпаведная прапанова агучвалася падчас абмеркаваньня канцэпцыі «Прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь і асноўных макраэканамічных парамэтраў да 2022 году».
І што будзе далей — халера ведае. Галоўнае, каб у Аляксандра Лукашэнкі не зьявілася па гэтым пытаньні свайго каштоўнага меркаваньня. Бо супраць ягонай волі аніводнае міністэрства не пойдзе, і ўсе нэгатыўныя рэакцыі грамадзтва ператворацца ў гарбуз. Ці проста ў пустое месца, як гэта звычайна і адбываецца.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.