31 кастрычніка суд у Берасьці абвясьціў вырак 29-гадовай грамадзянцы Туркмэністану Юлдуз Хайдаравай, якую абвінавачвалі ў забойстве дачкі, паведамляе Tut.by.
Суд прызнаў жанчыну вінаватай і прызначыў 12 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Прысуд пакуль не набыў законнай сілы і можа быць абскарджаны.
Падчас суду Хайдарава прызнала сябе вінаватай і папрасіла пакараць яе «па ўсёй строгасьці закону».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Студэнтка, якую падазраюць у забойстве дачкі, папрасіла «пакараць з усёй строгасьцю»Цела дзяўчынкі знайшлі 15 траўня на беразе ракі Мухавец. Як выявілася, гэта дачка жанчыны, якую раней шукаў пэдыятар, бо ня мог трапіць да яе ў кватэру і атрымаць праз тэлефон зьвесткі пра дзіця. 28-гадовая Юлдуз Хайдарава нарадзілася ў шматдзетнай сям’і ў туркмэнскай вёсцы. У Беларусі яна вучылася ва ўнівэрсытэце.
Жанчына нарадзіла дачку 17 сакавіка, не данасіўшы яе. Гэта была другая ейная цяжарнасьць, першую вырашылі перапыніць, бо з партнэрам «думалі пра кар’еру».
Хайдарава казала, што хлопец спачатку прапанаваў зрабіць аборт і другі раз, а пасьля падумаў, што гатовы стаць бацькам. Але да родаў зноў перадумаў — пара разышлася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяўчынка з Зэльвеншчыны, якую бацька выцяў аб сьцяну, памерлаПасьля здарэньня Хайдарава давала блытаныя паказаньні і называла некалькі вэрсіяў зьнікненьня дачкі, але ўрэшце заявіла, што выпадкова прыспала дачку (прыдушыла ў сьне). А цела пакінула на беразе ракі, бо спужалася адказнасьці. Сьледчыя ня вераць гэтай вэрсіі і лічаць, што жанчына задушыла дачку падушкай.
На мінулым тыдні Берасьцейскі суд агучыў вырак у справе аб забойстве 8-месячнай дзяўчынкі ў Лунінцы. Маці дзяўчынкі Натальлі Колб прызначылі максымальнае для жанчынаў пакараньне ў 25 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Ейнаму сужыцелю Віктару Сяргелю, якога прызналі ўдзельнікам забойства, прысудзілі сьмяротнае пакараньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забойцам 8-месячнай дзяўчынкі прысудзілі расстрэл і 25 гадоў калёніі