У Берасьцейскім абласным судзе працягваецца разгляд справы 28-гадовай грамадзянкі Туркмэністану Юлдуз Хайдаравай, якую вінавацяць у забойстве дачкі, якой ня споўнілася і два месяцы. Як піша Tut.by, жанчына прызнала сябе вінаватай і папрасіла пакараць яе «па ўсёй строгасьці закону».
Абвінавачанай пагражае да 25 гадоў пазбаўленьня волі.
Цела дзяўчынкі знайшлі 15 траўня на беразе ракі Мухавец. Як выявілася, гэта дачка жанчыны, якую раней шукаў пэдыятар, бо ня мог трапіць да яе ў кватэру і атрымаць праз тэлефон зьвесткі пра дзіця.
28-гадовая Юлдуз Хайдарава нарадзіла дачку 17 сакавіка, не данасіўшы яе. Жанчына была пад назіраньнем мэдыкаў да 10 траўня. Абвінавачаная нарадзілася ў шматдзетнай сям’і ў вёсцы ў Туркмэністане, у Беларусі вучылася ва ўнівэрсытэце.
Гэта была другая ейная цяжарнасьць, першую вырашылі перапыніць, бо з партнэрам «думалі пра кар’еру». Жанчына кажа, хлопец спачатку казаў зрабіць аборт і другі раз, а пасьля падумаў, што гатовы стаць бацькам. Але да родаў зноў перадумаў — пара разышлася.
Пасьля здарэньня, кажуць сьледчыя, яна давала блытаныя паказаньні і называла некалькі вэрсіяў зьнікненьня дачкі, але ўрэшце заявіла, што выпадкова прыспала дачку (прыдушыла ў сьне). А цела пакінула на беразе ракі, бо спужалася адказнасьці.
«Я разам зь ёй заснула, — сьцьвярджала жанчына на судзе. — А калі прачнулася, мая дачка была ўжо пада мной. Я адчула, што зь левага боку пада мной нешта ляжала. Ейная галава была пада мной. Праверыла пульс, дыханьне — нічога ня чула».
Сьледчыя ў гэта ня вераць і лічаць, што жанчына задушыла дачку падушкай.
Жанчына ж заяўляе, што не хацела забіваць дзіця, хоць лічыць сябе вінаватай:
«Я не хачу, каб мяне апраўдалі або вызвалілі. Я вінаватая. Я не дала ёй жыцьця, — казала яна. — Я не магу жыць з гэтым і не хачу…»