Вайскоўцы КНДР запусьцілі дзьве ракеты ў бок Японскага мора. Пра гэта паведамляецца са спасылкай на аб’яднаны камітэт начальнікаў штабоў Паўднёвай Карэі.
Паводле дадзеных вайскоўцаў, пуск ракет адбыўся ў правінцыі Пхёнан-Намдо. Спэцыялісты праводзяць аналіз сытуацыі. Іншых падрабязнасьцяў не паведамляецца.
Японскі тэлеканал NHK са спасылкай на вайскоўцаў паведамляе, што ракеты ўпалі за межамі выключнай эканамічнай зоны Японіі ў Японскім моры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўночная Карэя заявіла пра выпрабаваньне новай зброі
Сэўл і Токіё не выключаюць, што ракеты, выпушчаныя КНДР, былі балістычныя.
- 2 кастрычніка Пхэньян паведаміў аб пасьпяховым выпрабаваньні балістычнай ракеты для падводных лодак. Тады Японія выказала Паўночнай Карэі свой пратэст.
- Незадоўга да выпрабаваньня СМІ паведамілі, што КНДР рыхтуе да спуску на ваду падводную лодку з балістычнымі ракетамі на борце.
- Сьцьвярджаецца, падлодка з сучаснымі ракетамі ў выпадку выхаду ў Ціхі акіян зможа нанесьці ўдар па амэрыканскіх базах на Гуаме і Гаваях.