З праграмнай прамовай на Кастрычніцкім эканамічным форуме, які пачаўся 31 кастрычніка ў Менску, выступіў першы віцэ-прэм’ер Аляксандар Турчын. У сваёй прамове ён узьняў толькі адну тэму — лічбавізацыю і высокія тэхналёгіі.
«Тэхналёгіі вельмі арыгінальна пачынаюць вырашаць усе спрэчкі эканамістаў, — сказаў Аляксандар Турчын. — Мы гадамі, як маглі, аберагалі ўнутраны рынак ад чужых тавараў, наяжджалі на дробных гандляроў, індывідуальных прадпрымальнікаў.
Але зьявіўся Alibaba — і нашы грамадзяне сталі замаўляць тавары на Aliexpress. І стала зразумела, што ўсе намаганьні ў абароне ўнутранага рынку сталі бессэнсоўнымі. Але гэта было цалкам натуральна для захаваньня працоўных месцаў у заводзкіх цэхах і на калгасных палях».
Паводле яго, лічбавізацыя разам з рабатызацыяй ставіць крыж на гэтых намаганьнях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея правалілася на кітайскім анлайн-рынку. Беларусь нават не спрабавала«Перад сьветам у поўны рост паўстае праблема так званай нулявой працоўнай сілы,— працягнуў віцэ-прэм’ер.— Цяпер становіцца зразумела: новыя працоўныя месцы будуць стварацца дзе заўгодна, але не ў індустрыі і сельскай гаспадарцы. На другі плян адыдуць і пытаньні барацьбы за танныя нафту і газ, на першы плян выходзіць інтэлектуальны прадукт.
Тэхналёгіі мяняюць і жыцьцё, і дзяржаву, незалежна ад волі дзяржавы. Дзяржаўная палітыка альбо можа „падладзіцца“ пад прагрэс, альбо ігнараваць. У першым выпадку прагрэс паскорыцца, у другім — пойдзе міма дзяржавы. Але затармазіць ці зьмяніць працэсы ніхто ня ў стане. А хутчэйшае разуменьне гэтага — напэўна, самы галоўны выклік, які стаіць перад намі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пашкадаваў, што будучыня Беларусі ня толькі ў «рэальным сэктары эканомікі»Тое, што наша дзяржаўная палітыка дакладна ўкладаецца ў тэхналягічны прагрэс, мы бачым на прыкладзе Парку высокіх тэхналёгіяў. Тэмпы росту ПВТ і ІТ на парадак пераўзыходзяць усе галіны і сфэры, і тое, што мы можам спыніць ня толькі ўцечку мазгоў, але і павярнуць яе да нас, таксама паказаў прыклад ПВТ. Сёньня гэтая галіна паводле ўнёску ў ВУП стала ўпоравень з аграрным сэктарам.
Мая думка такая: наступная пяцігодка і па духу, і па назве, і па сэнсу павінна стаць лічбавай. Гэта прадугледжвае стварэньне фундамэнтальнага парку.Лічбавыя тэхналёгіі не павярхоўна, не касмэтычна, а сутнасна мяняюць вытворчыя, лягістычныя, гандлёвыя, фінансавыя і ў цэлым эканамічныя працэсы. Яны мяняюць мадэлі спажываньня. Яны мяняюць інстытут уласнасьці.
І менавіта з гэтых бясспрэчных тэхналягічных фактаў павінны рабіцца прамыя, практычныя высновы, якія вызначаюць эканамічную палітыку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Лукашэнка знаёміўся з IT: ад «сьметніцы» і «мацерных словаў» да «пляфонаў» і «лічбавізацыі»