ЦВК разгледзеў скаргі кандыдатаў на тое, што іхнія тэлезвароты да выбарцаў не выпускаюць у эфір.
Імпічмэнт
Выступ кандыдата ад АГП Уладзімера Няпомняшчых з Гомля ня выпусьцілі ў эфір тэлеканалу «Беларусь-3» 22 кастрычніка. Замест гэтага паказвалі краявіды Гомельшчыны, цэрквы і касьцёлы. Сам Няпомняшчых перакананы, што прычынай усяму першы пункт ягонай праграмы — імпічмэнт дзейнаму кіраўніку краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад слоў „імпічмэнт Лукашэнку“ яны наклалі ў штаны». Як выступ кандыдата ў дэпутаты не пусьцілі ў эфір«Ад гэтых слоў на тэлевізіі, відаць, проста наклалі ў штаны, — сказаў кандыдат у размове са Свабодай. — Хоць я нічога такога не сказаў! Імпічмэнт — законная працэдура. Я ж не сказаў яго на кол пасадзіць. Тым больш я прапаноўваў, каб Лукашэнка ўзначаліў хакейны клюб — гэта значыць, што я з павагай стаўлюся да яго, зычу яму спакойнай старасьці».
Адстаўка
Тэлевізійны запіс перадвыбарчага выступу кандыдата ад Партыі БНФ Міхася Бандарэнкі таксама не пусьцілі ў эфір тэлеканалу «Беларусь-3». 28 кастрычніка замест Бандарэнкі, які балятуецца ў Мазыры, гледачам прапанавалі паслухаць музыку. Кандыдат мяркуе, што прычына — ягоныя заклікі да Лукашэнкі сысьці ў адстаўку.
«Мабыць, выступ не пусьцілі таму, што я казаў пра дыктатуру ў Беларусі і што Лукашэнка павінен сысьці, — кажа Міхась Бандарэнка. — Скаргаў пісаць ня буду, выкладу свой выступ у інтэрнэт і буду праводзіць агітацыйныя пікеты».
Крыварукія будаўнікі БелАЭС
Выступ кандыдаткі ад АГП Ірыны Давідовіч, якая балятуецца ў Іўі, таксама не прайшоў цэнзуру на тэлебачаньні. Яго зьнялі з эфіру 23 кастрычніка.
«Я буду галасаваць за прыняцьце адстаўкі прэзыдэнта, згодна з пунктам 8 артыкула 97 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, — гаварыла ў ім кандыдатка. — Я буду за пачатак працэдуры імпічмэнту прэзыдэнта. Для гэтага я прыкладу ўсе мае намаганьні».
Пазьней у камэнтары «Эўрарадыё» кіраўнік тэлерадыёкампаніі «Гродна» Мікалай Мельячэнка патлумачыў, што прэтэнзіі ўзьніклі ня толькі да словаў пра імпічмэнт, але і да выказваньняў накшталт «крыварукія будаўнікі БелАЭС».
«Калі чалавек гаворыць „крыварукія будаўнікі“, разумееце... Калі б гэта пачулі будаўнікі Беларускай АЭС, то, напэўна, у суд падалі б, калі б выступ прайшоў, — сказаў Мельячэнка. — Альбо пра тое, што ўсе „грамадзяне Беларусі рабы“ — гэта можа пакрыўдзіць, і гэта крыўдзіць людзей, якія жывуць у краіне».
Князь і апрычнікі
Увечары 30 кастрычніка адбылося паседжаньне Назіральнай рады па кантролі за выкананьнем парадку і правіл правядзеньня перадвыбарчай агітацыі ў СМІ. Журналістаў не дапусьцілі, прысутнічалі толькі сябры рады і назіральнікі. Як сказаў Свабодзе старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, які ўваходзіць у склад Рады, на ёй разглядалі скаргі трох кандыдатаў, чые відэазвароты былі зьнятыя з эфіраў.
«Рада разглядала ролікі кандыдатаў у дэпутаты, якія не былі паказаныя ў эфіры, — сказаў Андрэй Бастунец. — Я, праўда, ня думаю, што яна магла б вярнуць іх у эфір, Рада можа толькі выносіць рэкамэндацыі. Але і да гэтага не дайшло. Большасьцю галасоў, сем супраць аднаго, усе тры скаргі былі адхіленыя».
Сярод трох скаргаў дзьве былі ад Няпомняшчых і Давідовіч. Па словах Андрэя Бастунца, аспрэчыць недапушчэньне відэаролікаў кандыдатаў да тэлеэфіраў быў гатовы толькі ён. Іншыя сябры рады (на паседжаньні прысутнічалі, напрыклад, Павал Лёгкі і Лідзія Ярмошына) парушэньняў заканадаўства не знайшлі.
«У нас была канцэптуальная дыскусія зь іншымі ўдзельнікамі рады, — дадае кіраўнік БАЖ. — Я казаў, што трэба зыходзіць зь літаральнага тлумачэньня таго, што напісана ў Выбарчым кодэксе. Астатнія ўдзельнікі грунтаваліся на значна шырэйшай трактоўцы тэрмінаў, абапіраліся ў тым ліку на Закон аб СМІ, які гэтыя абмежаваньні робіць гнуткімі».
Па словах кіраўніка БАЖ, тэрмін «імпічмэнт», які сустракаўся ў зьнятых з эфіру відэазваротах, акурат не выклікаў пытаньняў на паседжаньні. Затое выклікалі іх іншыя словы.
«Там бурная дыскусія была, асабліва напачатку, — кажа Бастунец. — Я ім сказаў, што яны знайшлі ў выступах і распальваньне нацыянальнай варожасьці, і абразу прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, і яшчэ, і яшчэ. Я ім кажу: тут вы пяць артыкулаў Крымінальнага кодэксу знайшлі. Самыя розныя выказваньні выклікалі супраціў. Вельмі шырокае тлумачэньне выкарыстоўвалася. Слова «імпічмэнт», дарэчы, у прэтэнзіях не фігуравала. А вось слова «князь», альбо «апрычнікі», — ужо так.
Парлямэнцкія выбары пройдуць у Беларусі 17 лістапада. У якасьці кандыдатаў на іх зарэгістравана больш за 500 чалавек.
Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць
Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.
- За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
- Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
- Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
- Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
- Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
- Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
- Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
- Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
- Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
- Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
- На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
- На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
- Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
- Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
- Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
- Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
- Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».