Першы раз у Расеі. «Беларус, гарэлку будзеш?» У пляцкартным вагоне па Трансьсібірскай магістралі

Карэспандэнт Свабоды дажыў да 35 гадоў і ўпершыню ў жыцьці паехаў у Расею паглядзець, як там не па тэлевізары, а папраўдзе. У другім падарожным рэпартажы — пра самую працяглую чыгунку ў сьвеце і людзей, якія па ёй падарожнічаюць.

Першую частку сэрыі рэпартажаў можна пабачыць тут: Першы раз у Расеі. Частка 1 — Уладзівасток.

«Гарэлку будзеш?»

Паводле пляну, Трансьсібам мне трэба праехаць да самага Уралу — гэта значыць каля 7 тысяч кілямэтраў. Спачатку трое сутак да Іркуцка, затым 36 гадзін да Новасібірска, адтуль столькі ж да Екацярынбурга. Сядаючы ў цягнік на начным вакзале ва Ўладзівастоку, я яшчэ не ўяўляў, наколькі няпростым будзе такое падарожжа.

«Мужыкі, у вас ёсьць гарэлка? Альбо, можа, хаця б піва, хаця б адна бляшанка? — пытаюцца ў нас з суседам дзяўчаты, якія едуць у суседнім „пэнале“ пляцкартнага вагона. — А то мы забылі купіць, едзем у Хабараўск. Давайце вып’ем, калі ў вас ёсьць. З нас закуска».

Гарэлкі няма ні ў нас з суседам, ні ў іншых пасажыраў вагона, ні ў суворай правадніцы, якая адразу папярэджвае ахвотных да алькаголю дзяўчат пра вялікі штраф і катэгарычную забарону спажываньня алькагольных напояў, які дзейнічае на ўсім Трансьсібе. Піць у расейскіх цягніках афіцыйна дазволена толькі ў вагоне-рэстаране і вакзальных кавярнях падчас працяглых прыпынкаў. У некаторых гарадах цягнікі з Уладзівастока да Масквы могуць стаяць нават некалькі гадзін.

Сопка паміж Уладзівастокам і Хабараўскам

«Зусім забаранілі, некалькі гадоў назад, — скардзіцца мне ахвотны да размоваў пад чарку башкір, які едзе дадому да жонкі пасьля вахты на суднарамонтным заводзе. — Раней тут у цягніках такое тварылася, суцэльнае сьвята было, усе п’яныя ехалі. А што яшчэ было рабіць у дарозе? Людзі едуць жа суткамі. А цяпер усё. Хочаш піць — ідзі ў вагон-рэстаран. А тут бутэлька гарэлкі 1250 рублёў (каля 40 беларускіх. — РС). Я ўчора ўзяў адну, потым людзі падышлі, яшчэ выпілі. Раніцай гляджу — у кішэні чэк на 6000. Лепш бы самалётам дадому паляцеў». Цэны на алькаголь (ды і на ежу) у вагонах-рэстаранах на Трансьсібе сапраўды немаленькія. Таму пасажыры цягнікоў харчуюцца пераважна «дашыракам», каўбасой, піражкамі, вэнджанай рыбай і чырвонай ікрой. Набыць усё гэта лёгка ў шматлікіх гандлярак на пэронах. Ікру прадаюць проста ў паўлітровых слоіках.

Амур

«Беларус, гарэлку будзеш піць? — прапаноўвае мне чарговы новы сусед. — Ня будзеш? А ікру есьці? Толькі лыжкамі? Вы там усе такія, як ваш „бацька“. Давай, падыходзь. Але лыжкі ёсьць толькі маленькія, для гарбаты». Ікра, рыба і піражкі зьнікаюць з пэронаў толькі пасьля Новасібірска. Тады ж за вокнамі пачынаюць пэрыядычна зьяўляцца абробленыя палеткі. Ад самага Хабараўска да цэнтральнай часткі Сыбіру вы ня ўбачыце ніводнага поля з трактарам ці камбайнам. Толькі лясы, стэпы, балоты, вечная мерзлата, шырокія рэкі і рэдкія, вельмі рэдкія паселішчы. У Амурскім краі, Забайкальлі і Бураціі можна гадзінамі ехаць, ня бачачы нават намёку пра прысутнасьць тут чалавека.

Падарожжа ў пляцкартным вагоне

Самая доўгая чыгунка ў сьвеце

Восем сутак. Столькі працягваецца самае хуткае па часе падарожжа па Трансьсібірскай магістралі ў фірмовым цягніку «Россия». З Масквы ва Ўладзівасток. Такі спосаб звычайна выбіраюць замежныя турысты — аматары чыгуначных падарожжаў. У інтэрнэце шмат прапановаў на любы густ і гаманец. Можна нават праехацца ў цягніку з паравозам пачатку ХХ стагодзьдзя. Я выбіраю зусім іншы шлях і еду Трансьсібам з Уладзівастока ў Маскву. І не фірмовым цягніком з купэйнымі вагонамі, а ў звычайным пляцкартным. За першыя трое сутак такой паездкі я праеду ўсяго праз тры вялікія гарады, а за акном часам гадзінамі ня будзе нічога, акрамя стэпаў, лесу ці гор.

Уладзівасток, канчатковы пункт Трансьсібірскай магістралі

Ад Уладзівастока да Масквы роўна 9288 кілямэтраў чыгункі

Трансьсібірскую магістраль у цяперашнім выглядзе пачалі будаваць у 1891 годзе, а скончылі толькі ў 1916-м, перад самай рэвалюцыяй. На пачатку ХХ стагодзьдзя быў здадзены ўчастак, якім можна было трапіць ва Ўладзівасток праз Маньчжурыю. Аднак пазьней расейскія ўлады ўсё ж пабудавалі чыгунку цалкам праз сваю тэрыторыю. Самым складаным для будаўніцтва быў адрэзак ад Іркуцка да Хабараўска, пракладзены па беразе Байкала, празь Ябланевыя горы і вечную мерзлату. Яго ж апошнім электрыфікавалі — толькі ў 2002 годзе. Цягнікі ад Хабараўска да Іркуцка дагэтуль ідуць марудна, часам амаль спыняючыся. Адбіваецца клімат і рэльеф. У самым высокім пункце Трансьсіб уздымаецца больш чым на кілямэтар над узроўнем мора. Усе перасячэньні са звычайнымі дарогамі на забайкальскім участку гэтай чыгункі абсталяваныя адмысловымі мэталічнымі блякавальнікамі, якія перагароджваюць дарогу машынам разам са шлягбаўмамі. Аўтамабілі фізычна ня могуць трапіць на рэйкі ў той час, калі там праходзіць цягнік, і, адпаведна, заблякаваць рух па магістралі. Трансьсіб і праз больш чым сто гадоў пасьля адкрыцьця застаецца фактычна адзіным сухапутным шляхам з Далёкага Ўсходу Расеі ў Сібір і эўрапейскую частку, які дзейнічае круглы год.

Чыгуначны вакзал ва Ўладзівастоку не перабудоўваўся з моманту адкрыцьця на пачатку мінулага стагодзьдзя. Некалькі гадоў таму яго адрамантавалі

Штодня з Уладзівастоку адыходзяць тры цягнікі да Масквы. Кожны зь іх у дарозе знаходзіцца больш за сем сутак

Арыгінальны росьпіс столі на вакзале Ўладзівастока

«Падманваюць нас рускія на грошы»

Штодня Трансьсібам праходзяць тры цягнікі з Уладзівастока да Масквы і яшчэ зь дзясятак мясцовых пасажырскіх, а таксама некалькі дзясяткаў таварных. Самы вядомы зь іх — цягнік нумар 001 «Россия». Фірмовы, з большасьцю купэйных вагонаў. У летні пэрыяд купляць квіткі на яго трэба загадзя, маршрут вельмі папулярны ў іншаземцаў, цягнік запаўняецца турыстамі з Эўропы і ЗША. Расказваюць, што пачуць у ім расейскую мову становіцца праблемай.

Я падарожнічаю Трансьсібам больш простымі цягнікамі, у пляцкарным вагоне, але расейскую мову ў першыя трое сутак падарожжа чую пераважна ад правадніцы, якая пэрыядычна сварыцца з пасажырамі. Вагон запоўнены гастарбайтэрамі і расейскімі грамадзянамі неславянскіх нацыянальнасьцяў. Паміж сабой яны гутараць выключна на сваіх мовах. Час ад часу, размаўляючы са мной, спрабуюць успомніць некалькі расейскіх словаў.

Вакзал у Бірабіджане, сталіцы Яўрэйскай аўтаномнай акругі

«З Камсамольска я еду, працаваў тут у расейцаў, — расказвае таджык гадоў 60. — Ты адкуль едзеш, адкуль ты сам? Зь Беларусі? О, як добра, што ты зь Беларусі. Я ў маладосьці служыў у Жодзіне. У 1981 годзе. Беларусы — вельмі добрыя людзі. Не такія, як расейцы. Я люблю Беларусь успамінаць. Мяне нават там ажаніць хацелі, камандзір часткі са сваёй дачкой прапаноўваў. У вас прыгожыя жанчыны, вельмі добрыя. А рускія... Падманваюць нас рускія, на грошы кідаюць».

Вёска ў Амурскім краі

Забайкальскі край

Ад таджыка я даведваюся, што з Камсамольска да Новасібірска і далей у Сярэднюю Азію едзе палова вагона. Усе яны працавалі на Далёкім Усходзе некалькі месяцаў і вяртаюцца цяпер дадому на зіму. Сярэдні заробак такога гастарбайтэра-нелегала — 140 рублёў за гадзіну (каля 4 беларускіх. — РС). Працадаўца плаціць у пяць разоў болей, але амаль усе грошы забіраюць сабе кампаніі-пасярэднікі, якія пастаўляюць на Далёкі Ўсход працоўную сілу.

Паселішчы за вакном цягніка паміж Хабараўскам і Іркуцкам можна пабачыць вельмі рэдка, раз на некалькі гадзін

Усе тры дні сумеснага падарожжа таджык частуе мяне зялёнай гарбатай і сушанай рыбай, а на разьвітаньне дае з сабой пакецік ірысак «Кіс-Кіс» для «харошай беларускай дзяўчыны». Апошні раз такія цукеркі я бачыў у дзяцінстве.


«Цягнікі — гэта сапраўдная Расея»

За час паездкі ад Уладзівастока да Масквы я мяняю пяць цягнікоў і некалькі дзясяткаў спадарожнікаў. Амаль кожнаму задаю адно і тое ж пытаньне — дзе можна пабачыць сапраўдную Расею. Ва Ўладзівастоку, Іркуцку, Новасібірску, Казані, ці, магчыма, яна насамрэч у Маскве? Суразмоўцы рашуча адрынаюць усе варыянты і раяць паглядзець на яе ў тэлевізары на фэдэральным канале. Альбо, на скрайні выпадак, паехаць у Чалябінск. Што сапраўды адбываецца ў Чалябінску і чаму менавіта там можна знайсьці Расею, мала хто ведае. А адзін з выпадковых суседзяў у цягніку з Чыты нават прызнаецца, што «у Чалябінску ніколі ня быў, бо страшна ехаць».

Трансьсіб у Іркуцку

«У цягніках сапраўдная Расея, — чую за размовай з выпадковым спадарожнікам у ранішнім вагоне-рэстаране недзе паміж Іркуцкам і Новасібірскам. — Толькі ня тут, і не ў купэйных вагонах. Ты ў плацкартным папытай у людзей. У тых, хто „дашырак“ есьць і на пасьцельнай бялізьне за 150 рублёў (каля 5 беларускіх. — РС) эканоміць. Думаеш, мы ад добрага жыцьця суткамі ў цягніках езьдзім? Самалёт з Новасібірска да Масквы каштуе, як месячны заробак. Я паўгода грошы адкладваю, каб да сына зьезьдзіць».

Іркуцкі вакзал

Чыгуначны мост праз Об у Новасібірску, будаўніцтва якога стала прычынай зьяўленьня тут гораду

Цэны на цягнікі па Трансьсібе таксама кусаюцца. Пераезд з Уладзівастока да Іркуцка пляцкартным вагонам — каля 150 рублёў у беларускіх. Ад Новасібірска да Екацярынбурга — 60 (36 гадзін у дарозе). Купэйныя ў разы даражэйшыя. Кожны паход да касы (квіткі прадаюць толькі па пашпартах, праход на вакзал, пасьля рамкі мэталяшукальніка і асабістага агляду) адбіваецца сумам па цэнах роднай Беларускай чыгункі. Але панесеныя выдаткі кампэнсуюцца разуменьнем таго, наколькі Расея сапраўды разнастайная і вялізная краіна. І чаму падарожнічаць Трансьсібам так любяць тыя замежныя турысты, хто спрабуе разабрацца ў таямніцах расейскай душы.

Сібірскі пэйзаж побач з Трансьсібірскай магістральлю

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: #Давайпака выйшлі кнігай. Спампаваць тут, прэзэнтацыя — у Менску!
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы раз у Расеі. Уладзівасток, куды ня хоча ехаць Лукашэнка