Ганаровы старшыня ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі патлумачыў, чаму выйшаў з арганізацыі

Лявон Баршчэўскі на зьезьдзе Беларускага ПЭН-цэнтру

Беларускі філёляг, перакладчык, грамадзкі дзяяч і палітык, заснавальнік Коласаўскага гуманітарнага ліцэю Лявон Баршчэўскі выйшаў зь беларускага ПЭН-цэнтру.

Лявон Баршчэўскі патлумачыў Свабодзе, што ён падаў заяву на выхад з арганізацыі на паседжаньні Рады ПЭН-цэнтру 29 кастрычніка. Гэта было зроблена ў адпаведнасьці з рэглямэнтам і азначае аўтаматычнае прыпыненьне сяброўства. Далей ён ужо ня ўдзельнічаў у паседжаньні рады.

Асноўнымі матывамі такога кроку Баршчэўскі назваў дзьве калізіі — статутную і грамадзка-палітычную. Паводле статуту ПЭН-цэнтру, рашэньні рады маюць прымацца кансэнсусам: «Маё знаходжаньне будзе ім псаваць прыняцьце рашэньняў. А паколькі статут не прадугледжвае выхаду з рады, то я выйшаў з арганізацыі», — сказаў Баршчэўскі.

Што да грамадзка-палітычных матываў выхаду Баршчэўскага, ён прызнаў, што абураны тым, што рада яго не абараніла ад хамскіх выказваньняў Ліпковіча ў прэсе на ягоны адрас, не заступілася. Абразы ў ягоны адрас былі зьвязаныя з тым, як ён вёў сход, і іншай дзейнасьцю ў рамках арганізацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Алексіевіч: «Нянавісьць нас ня выратуе. Выратуе толькі любоў»

«Трываць такія абразы ў сувязі з маёй дзейнасьцю паводле статуту я проста не магу», — прызнаўся Баршчэўскі.

Лявон Баршчэўскі не выключае, што можа з часам вярнуцца ў ПЭН-цэнтар, але не раней, чым перад наступным зьездам арганізацыі.

Намесьніца старшыні ПЭН-цэнтру Тацяна Нядбай сказала Свабодзе, што заява ад Лявона Баршчэўскага аб выхадзе з арганізацыі сапраўды паступіла, але аформленая з памылкамі. Яе разгледзяць на наступным паседжаньні рады.

Лявон Баршчэўскі ўзначальваў ПЭН-цэнтар у 2003-2005 гадах, пазьней атрымаў статус «ганаровы старшыня». На зьезьдзе 27 кастрычніка 2019 году ён увайшоў у кіраўніцтва арганізацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўла Севярынца выключылі з ПЭН-цэнтру

Скандал з выключэньнем Севярынца

Рашэньне аб выключэньні сустаршыні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, пісьменьніка Паўла Севярынца зь беларускага ПЭН-цэнтру за нясплату ўнёскаў было скасаванае на агульным сходзе арганізацыі 26 кастрычніка.

Лявон Баршчэўскі тады так пракамэнтаваў аднаўленьне сяброўства Севярынца ў ПЭН-цэнтры і заявы некаторых сябраў арганізацыі ў фэйсбуку, што не было кворуму пры аднаўленьні:

«Рашэньне рады аб выключэньні Севярынца, калі ён зьвярнуўся з апэляцыяй, павінен зацьвердзіць агульны сход, але пяці галасоў не хапіла. А таму выключэньне Севярынца не было прызнана законным. Кворум 59 са 112 сяброў ПЭНу быў, і прапанова пра перарэгістрацыю ўдзельнікаў зьезду прынятая не была».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьезд аднавіў сяброўства Сяргея Шапрана, Сямёна Букчына і Паўла Севярынца ў ПЭН-Цэнтры

Частка сяброў ПЭН-цэнтру абурылася аднаўленьнем Севярынца сябрам арганізацыі, бо перад сходам палітык апублікаваў ліст, у якім абвінаваціў «гей-лобі і марксістаў» у радзе беларускага ПЭНу ў тым, што яны «на дух не пераносяць хрысьціян». Севярынец тлумачыў, што не плаціў унёскаў у арганізацыю на знак пратэсту супраць таго, што цэнтар правёў выставу на ЛГБТ-тэматыку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гей-лобі і марксісты»: Павал Севярынец абвінаваціў ПЭН-цэнтар у «ганеньні на хрысьціян». Што там адказалі

Пратэст супраць знаходжаньня Севярынца ў ПЭН і ягоных «цемрашальскіх поглядаў» падпісалі 36 сяброў арганізацыі (усяго ў арганізацыі 112 сяброў).

29 кастрычніка рада ПЭН-цэнтру зноў разгледзела пытаньне выключэньня Севярынца з арганізацыі. Сьвятлана Алексіевіч, якую абралі старшынёй рады ПЭН-цэнтру, прапанавала часова прыпыніць сяброўства Паўла Севярынца, але частка сяброў ПЭНу гэтага не падтрымала. Пасьля бурных спрэчак рада ўсё ж прыняла рашэньне аб ягоным выключэньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нэрвы, спрэчкі і сьлёзы. Як Севярынца выключалі з ПЭН-цэнтру