Падчас сустрэчы з амбасадаркай Аўстрыі ў Беларусі Алаізай Вэргетэр кіраўнік Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка выказаў думку, што праводзіць рэфэрэндум аб адмене сьмяротнага пакараньня дачасна.
Паводле ягоных зьвестак, каля 60% насельніцтва краіны гатовыя выказацца супраць скасаваньня найвышэйшай меры.
Як заявіў Андрэйчанка, адрозна ад эўрапейскіх краін, якія праявілі ў гэтым пытаньні палітычную волю, Беларусь так зрабіць ня можа. Ён абгрунтаваў сваю пазыцыю тым, што ў свой час на патрабаваньне Рады Эўропы беларускае кіраўніцтва ініцыявала рэфэрэндум, па выніках якога каля 80% удзельнікаў выказаліся за захаваньне сьмяротнай кары.
«Адпаведна, мы ня можам прыняць нейкі закон ці ўказ, тым самым скасаваўшы сьмяротнае пакараньне, не параіўшыся зь людзьмі», — сказаў Андрэйчанка, падкрэсьліўшы, што апошнім часам у Беларусі на гэты конт праводзіцца вялікі аб’ём тлумачальнай працы. Таму пройдзе час — і пытаньне будзе вырашанае, лічыць ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Негуманна і неэфэктыўна». Эўразьвяз асудзіў чарговы сьмяротны прысуд у БеларусіПытаньне правоў чалавека і адмены сьмяротнага пакараньня ўзьнікла з падачы аўстрыйскай амбасадаркі. Яна адзначыла, што Аўстрыя атрымлівае станоўчую інфармацыю аб пераўтварэньнях у Беларусі. Аднак Аўстрыю трывожыць тое, што Беларусь як апошняя краіна Эўропы не прымае ніякіх захадаў для абвяшчэньня мараторыю на найвышэйшую меру пакараньня.
Уладзімер Андрэйчанка на гэта адказаў, што пэўныя крокі робяцца. У прыватнасьці, зацьверджаны нацыянальны плян аб гарантаваньні правоў чалавека і абмяркоўваецца механізм зьменаў у выбарчым заканадаўстве.
«Аднак у любым пытаньні мы ня будзем уносіць рэвалюцыйныя зьмены, — дадаў Андрэйчанка. — Бо найперш ня хочам страціць самае галоўнае, што ёсьць у Беларусі, — стабільнасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі людзей расстралялі ў Беларусі за 25 гадоў. ІнфаграфікаПаводле старшыні Палаты прадстаўнікоў, Беларусь будзе працаваць над паляпшчэньнем сытуацыі з правамі чалавека, аднак усё павінна адбывацца «эвалюцыйным шляхам». Рэвалюцый ня будзе, падсумаваў Уладзімер Андрэйчанка.