16-гадовая швэдзкая экалягічная актывістка Грэта Тунбэрг, ініцыятарка правядзеньня «школьных пікетаў» у абарону прыроды, вырашыла адмовіцца ад прэміі ў галіне аховы прыроды.
Прэміяй яе ўганаравала Паўночная рада, рэгіянальны орган міжпарлямэнцкага супрацоўніцтва.
Грэта Тунбэрг напісала на сваёй старонцы ў Instagram, што прысуджэньне прэміі зьяўляецца для яе гонарам і падзякавала Паўночнай радзе, аднак, паводле актывісткі, «кліматычны рух ня мае патрэбы ва ўзнагародах» і яна не зьбіраецца атрымліваць прэмію, у тым ліку яе грашовую частку.
«Нам трэба, каб нашы палітыкі і людзі, якія знаходзяцца ва ўладзе, пачалі прыслухоўвацца да сучаснай, найлепшай з даступных навук», — напісала актывіста ў Інстаграме. Паводле яе, паўночныя краіны кажуць шмат «прыгожых словаў», калі гаворка ідзе пра вырашэньне праблемаў зьмены клімату і праблемаў навакольнага асяродзьдзя, але даходзіць да рэальных справаў, пачынаецца «зусім іншая гісторыя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да шэсьця экаактывісткі Грэты Тунбэрг у Манрэалі далучылася паўмільёна чалавекПаўночная рада штогод прысуджае шэраг прэмій за выдатныя дасягненьні літаратарам, музыкам, стваральнікам кінафільмаў і актыўным абаронцам навакольнага асяродзьдзя. Тунбэрг сёлета намінавалі на прэмію Нарвэгія і Швэцыя. Уласна прэмія ўяўляе сабой статуэтку і грашовы прыз у суме 350 тысяч дацкіх крон (каля 52 тысячы даляраў).
Швэдзкая школьніца Грэта Тунбэрг стала вядомай, як ініцыятарка кампаніі «Пятніцы дзеля будучыні» (Fridays for Future), у рамках якой школьнікі і студэнты замест вучобы ладзяць масавыя мерапрыемствы з мэтай прымусіць палітыкаў прыслухацца да іх патрабаваньняў аб неабходнасьці тэрміновых мер па барацьбе са зьменамі клімату.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Швэдзкая школьніца год прапускае заняткі ў школе, каб ратаваць сьветВыступаючы ў ААН, Тунбэрг выказала рэзкую крытыку ў бок палітыкаў за іх недастатковыя намаганьні ў барацьбе са зьменай клімату. Яе эмацыйная прамова выклікала бурныя абмеркаваньня — у тым ліку і ў Расеі. Большасьць зьвязаных з Крамлём СМІ асудзілі Тунбэрг ці палічылі яе ахвярай маніпуляцыі нейкіх уплывовых сіл.
25 верасьня яна стала адным з чатырох ляўрэатаў прэміі Right Livelyhood Award, якую называюць «альтэрнатыўнай Нобэлеўскай прэміяй», за 2019 год. Яе ляўрэатамі становяцца людзі, якія актыўна змагаюцца супраць забруджваньня навакольнага асяродзьдзя, ядзернай пагрозы, парушэньняў правоў чалавека і дыскрымінацыі прадстаўнікоў меншасьцяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як вы можаце!» Прамова 16-гадовай актывісткі ў ААН, дзе яна прадказвае экалягічную катастрофу. ВІДЭА