У сьвеце працягваецца хваля «кліматычных страйкаў». Швэдзкая падлетак-экаактывістка Грэта Тунбэрг у пятніцу ў Манрэалі ўзначаліла паўмільённае шэсьце пратэсту, падчас якога заклікала канадзкага прэм’ер-міністра Джастына Трудо і лідэраў іншых краінаў прыкласьці больш намаганьняў для аховы асяродзьдзя.
16-гадовая швэдка, якая асабіста сустрэлася з прэм’ерам, заявіла на прэсавай канфэрэнцыі, што той «прыкладае недастаткова намаганьняў», каб абмежаваць выкід у атмасфэру газаў, якія выклікаюць парніковы эфэкт.
Трудо і іншыя канадзкія палітыкі, адцягнуўшыся ад напружанай выбарчай кампаніі, далучыліся да Грэты Тунбэрг на мітынгу ў Манрэалі. Паводле арганізатараў, у ім узялі ўдзел каля 500 тысячаў чалавек.
У мінулую пятніцу больш за 6 мільёнаў моладзі і дарослых далучыліся да арганізаванага ва ўсім сьвеце «кліматычнага страйку».