Палата прадстаўнікоў ЗША пры падтрымцы абедзьвюх партый ухваліла законапраект аб санкцыях супраць Турэччыны, а таксама рэзалюцыю аб прызнаньні Злучанымі Штатамі армянскага генацыду, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Законапраект быў ухвалены 403 галасамі «за» пры 16 «супраць». Ён прадугледжвае пакараньне высокапастаўленых турэцкіх чыноўнікаў, якія маюць дачыненьне да прыняцьця рашэньня аб уварваньні ў паўночныя раёны Сырыі і парушэньняў правоў чалавека ў дачыненьні да курдаў. Цяпер законапраект павінен быць прыняты Сэнатам і падпісаны прэзыдэнтам ЗША, каб стаць законам.
«Законапраект стварае стымулы для таго, каб Турэччына выконвала рэжым спыненьня агню. Калі яны ня будуць яго выконваць, надыдуць наступствы ў выглядзе цьвёрдых санкцый», — заявіў рэспубліканскі кангрэсмэн камітэту Палаты прадстаўнікоў ЗША Майкл Маккол.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Турэччыны прыгразіў курдам «ачысьціць ад тэрарыстаў» поўнач Сырыі«Закон аб абароне ад канфлікту з Турэччынай» прадугледжвае забарону на продаж Анкары зброі для выкарыстаньня ў Сырыі, пакараньне турэцкіх фінансавых інстытутаў, якія маюць дачыненьне да вайсковага сэктару, патрабуе падрыхтаваць даклад аб актывах і фінансах Эрдагана. Таксама законапраект патрабуе, каб адміністрацыя Трампа прадставіла комплексную стратэгію барацьбы з адраджэньнем «Ісламскай дзяржавы» ў рэгіёне і абароне курдзкіх партнэраў.
15 кастрычніка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб увядзеньні эканамічных санкцый супраць Турэччыны, але праз тыдзень аб'явіў, што пры пасярэдніцтве ЗША на мінулым тыдні было дасягнута «пастаяннае» спыненьне турэцкага агню і адмяніў уведзеныя санкцыі сваім указам.
Раней у гэтым месяцы Палата прадстаўнікоў 354 галасамі «за» пры 60 «супраць» прыняла рэзалюцыю, якая асуджае рашэньне адміністрацыі Трампа вывесьці амэрыканскія войскі з Сырыі.
Прызнаньне армянскага генацыду
Таксама Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША пераважнай большасьцю галасоў ухваліла рэзалюцыю, у якой упершыню фармальна прызнала генацыдам масавыя забойствы армянаў у Асманскай імпэрыі ў 1915 годзе. У рэзалюцыі гаворыцца аб прызнаньні ЗША тэрміну «армянскі генацыд» і асуджэньні генацыду як пастулату амэрыканскай зьнешняй палітыкі.
Да гэтага часу неаднаразовыя спробы прыняцьця падобнай рэзалюцыі адпрэчваліся амэрыканскімі заканадаўцамі з прычыны нежаданьня псаваць адносіны з саюзьнікам па NATO Турэччынай, якая аспрэчвае факт генацыду, лічачы, што гібель армян стала вынікам трагічных падзей, якія спадарожнічалі распаду Асманскай імпэрыі. Аднак ваенная апэрацыя Турэччыны ў паўночнай Сырыі, вынікам якой стала гібель мірнага насельніцтва, рэзка зьмяніла настроі ў Кангрэсе.
«Напады турэцкай арміі на курдзкае насельніцтва — магутны напамін пра небясьпеку нашага часу, — заявіла сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі, — занадта часта праўда пра жудасныя злачынствы адпрэчвалася».
Міністар замежных спраў Турэччыны Мэўлют Чавушоглу назваў дзеяньні Кангрэсу ЗША «ганебным рашэньнем», якое нічога не азначае для ўраду і народу Турэччыны.