Увесну на Віцебшчыне згарэў драўляны касьцёл ХІХ стагодзьдзя. Вецер падхапіў іскры ад сухой травы, якую палілі наводдаль, і панёс у бок сьвятыні, якая доўгія дзесяцігодзьдзі была ў аварыйным стане. Свабода знайшла жыхара вёскі Рамні Гарадоцкага раёну, супраць якога ў кастрычніку распачалі крымінальную справу аб зьнішчэньні гісторыка-культурнай каштоўнасьці па неасьцярожнасьці.
«Колькі разоў мы тушылі, баранілі касьцёл ад пажару»
Драўляны касьцёл сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ў Рамнях пабудавалі ў 1896 годзе. Ён стаяў на каменным падмурку XVIII стагодзьдзя на невялікім пагорку, пад якім цячэ дробная рэчка Пяшчанка — адзін з прытокаў Ловаці.
В. жыве ў доме побач з касьцёлам 14 гадоў. На сваім падворку і каля сьвятыні вясковец штогод прыбірае сьмецьце, лісьце, гальлё.
«Я заўсёды тут прыбіраюся, — кажа В. — Гэта мая ініцыятыва была. Сам побач жывеш. Дзеці тут гуляюцца. Прыгожы быў касьцёл — з вокнаў бачны. Лісьця і сьмецьця штораз вельмі шмат, усё ня вывезеш. Я заўсёды паліў акуратна, за агнём даглядаў. Каб я падпаліў і пайшоў, такога ніколі не было».
З аднаго боку пагорка, на якім стаяў касьцёл, дарога і неглыбокі яр. Шмат гадоў там расьце баршчэўнік.
«Калі яго ня скошваць, то і дом ня ўбачыш, — працягвае В. — Я кашу тут, колькі сябе памятаю, але баршчэўнік нічога не забівае. Пройдзе дождж, і ён зноў расьце. З Гарадка прыяжджалі, папырскалі. Зямля атручаная, а баршчэўнік расьце».
За пагоркам — палі. Калісьці гэта былі калгасныя землі, яны апрацоўваліся. Цяпер стаяць зарослыя травою і бур’яном.
«Там быльнёг, — паказвае В. — Хтосьці падпаліць, і гарыць. Колькі разоў мы тушылі, баранілі касьцёл ад пажару. Крыўдна, што не тады згарэў, а вось цяпер ад мяне».
«Паверыць не магу, што так здарылася»
«Тады быў добры настрой, рыхтаваліся да Вялікадня, — В. прыгадвае падзеі 17 красавіка, калі здарыўся пажар. — Я тут тры дні прыбіраўся. Сваё прыбраў, сюды перайшоў. Абкошваць і так шмат было. Думаю, падпалю, у мэтах бясьпекі буду вадою адразу заліваць».
В. кажа, што падпаліў траву за некалькі дзясяткаў мэтраў ад касьцёла. Вада зь Пяшчанкі была побач, і ён увесь час сачыў, каб полымя не пабегла.
«Было ціха-ціха. А пасьля ўзьняўся вецер, — працягвае В. — Загарэлася лаза побач. Паляцелі іскры. Ветрам іх падхапіла і панесла на сьценку. Я адразу не заўважыў, а калі ўбачыў, ня змог патушыць. Кінуў вёдры, хаця кідаць не хацеў, і пабег выклікаць пажарных. Добра, што вецер не зьмяніўся. Так бы і я згарэў. Суха было. Нельга, канечне, нічога было паліць. Сам перажываю і паверыць не магу, што так здарылася».
«Калі давядзецца такую суму выплачваць, ніякіх грошай ня хопіць»
Пасьля пажару В. расказаў сьледчым, як усё было.
«Я побач жыву і ня буду хавацца ад адказнасьці», — кажа ён.
У траўні В. атрымаў ліст, што расьсьледаваньне часова прыпынілі. У ліпені пісьмова паведамілі аб яго аднаўленьні. Апошнія навіны вясковец дазнаўся зь мясцовай газэты. У тым ліку пра экспэртызу, якая ацаніла зьнішчаны помнік архітэктуры больш як у 70 тысяч рублёў.
«Цікава, адкуль гэтыя лічбы? Хто ацэньваў? — разважае мужчына. — Калі б прыяжджалі ацэньваць, да мяне зайшлі б ці на працу. Калі давядзецца такую суму выплачваць, ніякіх грошай ня хопіць».
Як і большасьць жыхароў Рамнёў, В. працуе ў псыханэўралягічным доме-інтэрнаце ў Максімаўцы, за два кілямэтры ад вёскі.
У Рамнях шкадуюць аб здарэньні. Жыхары падтрымліваюць В.
«Ён добры гаспадар. І сям’я добрая, трох дзяцей мае. Пляцоўку дзіцячую сваімі рукамі збудаваў. Сюды цяпер з усёй вёскі дзеці прыбягаюць. Гоман да вечара стаіць», — кажа жыхарка Рамнёў.
У першы час пасьля пажару, калі чакалася паведамленьне аб штрафе, усёй вёскай зьбіраліся скідацца на яго сплату.
«Столькі гадоў стаяў у аварыйным стане»
Дзейным касьцёл у Рамнях ніхто зь вяскоўцаў ня памятае. Кажуць, у гады вайны немцы тут трымалі паліва. За савецкім часам у будынку захоўвалі зерне. Побач са сьвятыняй рамантавалі трактары. Рэшту мураванай агароджы расьцягалі на камяні.
«Столькі гадоў касьцёл стаяў. На ім таблічкі нават не было, — кажуць у вёсцы. — Чорныя капальнікі сталі прыяжджаць, дошкі на падлозе паднялі. Толькі тады ўваход закалацілі і шыльду павесілі, што гэта гісторыка-культурная каштоўнасьць».
Доўгі час касьцёл стаяў у аварыйным стане. Па словах вяскоўцаў, ён ня быў патрэбны ані сельсавету, ані раёну. Час ад часу ў Рамні прыяжджалі палякі ў пошуках старых пахаваньняў. Некалькі гадоў таму ля дарогі, што вядзе да сьвятыні, паставілі каталіцкі крыж. Арыентуючыся па мапе, сфатаграфаваць касьцёл заяжджалі рэдкія турысты — указальніка, які б абазначаў дарогу да гісторыка-культурнай каштоўнасьці, ніколі не было.
Большасьць жыхароў вёскі Рамні праваслаўныя. Найбліжэйшая да Рамнёў дзейная царква — у Гарадку. Мясцовы бацюшка зьбіраўся пераасьвяціць касьцёл, але міжканфэсійных пытаньняў так і ня вырашылі.
«Усяго было з касьцёлам гэтым, а мяне не перажыў», — дадае В.
«Пасьля пажару ніхто сюды не прыяжджаў»
Пасьля здарэньня прайшло шэсьць месяцаў. Месца вакол пажару застаецца непрыбранае.
«Дрэваў шмат, тут увесь час завалы, — кажа В. — Пасьля ўрагану дрэва паваліла, правады паабрывала. Цэлы дзень безь сьвятла былі. Я ўжо не пасьпеў тут прыбраць. Цяпер мне тут забаронена працаваць. А пасьля пажару ніхто сюды не прыяжджаў».
Абпаленыя бярвёны нагадваюць пра здарэньне.
«Не было і дня, каб пра гэта ня думаў. Цяпер толькі здымкі засталіся», — В. паказвае зімовыя фатаздымкі, як ён зь дзецьмі будуе сьнежную крэпасьць перад касьцёлам.