Рада ПЭН-цэнтру 29 кастрычніка пастанавіла выключыць Паўла Севярынца. Напярэдадні пратэст супраць знаходжаньня Севярынца ў ПЭН і ягоных «цемрашальскіх поглядаў» падпісалі 36 сяброў арганізацыі (усяго ў арганізацыі 112 сяброў).
29 кастрычніка рада ПЭН-цэнтру зноў разгледзела магчымасьць выключэньня Паўла Севярынца з арганізацыі. Першы раз яго выключылі за нясплату ўнёскаў, Павал іх заплаціў, і на агульным сходзе арганізацыі 26 кастрычніка яго ўзнавілі.
Частка сяброў цэнтру абурылася гэтым, бо перад сходам Павал апублікаваў адкрыты ліст, у якім абвінаваціў «гей-лобі і марксістаў» у радзе беларускага ПЭНу ў тым, што яны «на дух не пераносяць хрысьціян».
Пачатак паседжаньня рады: «Дайце час, і мы прымем рашэньне»
На паседжаньні рады ПЭНу Сьвятлана Алексіевіч, якую тры дні таму абралі старшынёй рады, прапануе часова прыпыніць сяброўства Паўла Севярынца і вярнуцца да пытаньня пазьней. Сьвятлана распачынае паседжаньне, на якое, апроч рады ПЭНу, запрасілі тых сяброў, хто выступае супраць знаходжаньня ў арганізацыі Севярынца. Самога Севярынца няма, яго не запрашалі.
Алексіевіч адзначыла, што ня згодная з гамафобнымі выказваньнямі Севярынца, і згадала пра забойства гея Міхаіла Пішчэўскага, пасьля якога, лічыць яна, нельга дазваляць сабе такіх словаў.
«Мы мусім стаць разам, стаць добрай тусоўкай. У нас былі непрыемныя часы ў гэтыя дні. Я думаю, што адбываюцца сур’ёзныя рэчы, але гэта не раскол. Дзякуй Богу, што вы не прамаўчалі, што гэтая размова пачалася і будзе працягвацца. Я прашу вас даць нам час, у нас добрая каманда цяпер. Я люблю ідэю ПЭНу, гэта наш дом. Мы пачнём з таго, што мы можам зрабіць, каб мы былі разам. Гэтае гамафобства — яно за межамі, я ня думала, што нашы палітыкі могуць быць на такім узроўні. Але нашае сёньняшняе рашэньне павінна быць узважанае. Мая прапанова — прыпыніць рашэньне зьезду аб прыёме Севярынца, а праз час мы зь ім сустрэнемся і канчаткова пагаворым».
Сьвятлана Алексіевіч дадае, што прыняць яго назад у арганізацыю — памылка.
«Я хачу падтрымаць прапанову Сьвятланы і нагадаць, што была дастаткова жорсткая размова зь Севярынцам», — сказаў Уладзімер Арлоў.
Сярэдзіна паседжаньня: «Трэба выключаць»
Гэта аспрэчвае Альгерд Бахарэвіч, які ня ў складзе рады ПЭНу, але яго і яшчэ некалькіх сяброў арганізацыі запрасілі на паседжаньне. Напярэдадні ён напісаў эмацыйны пост у фэйсбуку з нагоды сытуацыі. Пасьля 36 чалавек падпісалі заяву, каб Севярынца выключылі, Альгерд Бахарэвіч сярод іх.
«Тое, што робіць Севярынец, — плявок у твар мне і нашым калегам, нам усім. Я такіх рэчаў не дарую. Прашу прабачэньня ў Лявона Баршчэўскага і Ўладзімера Арлова за тое, што я напісаў у фэйсбуку пасьля зьезду, я быў пад эмоцыямі. Я вельмі хачу, каб мы прыйшлі да разумнай высновы».
Таксама ад імя пратэставай часткі ПЭНу выступае Максім Жбанкоў:
«У нас ва ўсіх ёсьць агульная мэта — моцны, эфэктыўны ПЭН-цэнтар. У той самы час ёсьць заява, пад якой 36 подпісаў. Гэта пазыцыя адной трэцяй часткі Цэнтру. Мы маем праблемную сытуацыю, якая мае тры складнікі: недасканалы статут, працэдура і адна пэрсона, спадар Севярынец. Мы маем справу са сьвядомым крокам насуперак арганізацыі — гаворка пра ліст, апублікаваны напярэдадні зьезду. Ён выступіў з правакацыйнай заявай супраць кіраўніцтва і прынцыпаў арганізацыі. Колькі мы будзем дараваць яму гэты крок? Ці гатовыя вы ахвяраваць трацінай сяброў арганізацыі?»
Паводле яго, у арганізацыі крызіс, а сьвядомаму, даросламу Севярынцу нельга больш дараваць такія ўчынкі. Паэтка Марыя Мартысевіч найбольш эмацыйна рэагуе на ўсе прамовы падчас паседжаньня. Некалькі разоў яна выходзіць з залі.
«Давайце ўсё ж пачакаем»
Сяргей Дубавец прапануе ўсё ж пачакаць некаторы час і не выключаць Севярынца ў дзень, калі праходзіць «ноч расстраляных паэтаў» (гадавіна 29 кастрычніка 1937 году, калі забілі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі).
«Гэта рэйдэрскі захоп»
Пісьменьніца Марыя Мартысевіч бярэ слова і вінаваціць Севярынца ў спробе зьдзейсьніць рэйдэрскі захоп ПЭН-цэнтру. На яе думку, мае месца шантаж рады.
«Думала, што тое, што адбываецца ў палітыцы, ня можа адбывацца ў беларускай культуры. Адбылася палітычная правакацыя, калі Павал Севярынец і ягоныя калегі проста рабілі тое, што адбываецца ў палітыцы: палітычны рэйдэрскі захоп, як у партыі. На сходзе правакацыя працягнулася. Яго трэба выключыць з тэхнічных прычын, а тут адбываецца нейкі трацейскі суд. Севярынец аказаў палітычны ціск на ПЭН. Тое, што мы зараз нешта абмяркоўваем, — гэта якраз сьведчыць пра такі ціск», — эмацыйна гаворыць Мартысевіч.
Сход рады бліжэй да фіналу: «Трэба застацца толькі сябрам рады»
З пакоя, дзе ідзе абмеркаваньне, просяць выйсьці ўсіх, хто не зьяўляецца сябрам рады ПЭНу. Выходзяць сябры арганізацыі, якія за выключэньне Севярынца, і журналісты. У радзе больш тых, хто гатовы пачакаць і не выключаць Севярынца цяпер.
З-за дзьвярэй чуваць: ідзе бурнае абмеркаваньне. Нехта спрабуе выйсьці, пасьля вяртаецца назад. Выходзіць сябра рады Ўладзімер Арлоў і кажа сябрам ПЭНу, якія чакаюць у калідоры, што ёсьць прапанова: разгледзець рашэньне 31 кастрычніка, бо Севярынца «выключалі за нясплату ўнёскаў», а цяпер пытаньне аб «ягонай пазыцыі».
Усе пагаджаюцца і ўжо ўпэўненыя, што вось яно, канчатковае рашэньне.
Яшчэ дзясятак хвілін абмеркаваньня за зачыненымі дзьвярыма, і ўсіх клічуць выслухаць рашэньне.
«Мы ідзем да свабоды, мы прынялі гэтае рашэньне, мы хочам пачынаць жыць інакш, без усялякіх гульняў. Мы выключылі Паўла Севярынца. Калі эліта бездапаможная, нам трэба станавіцца нейкай сілай», — кажа Сьвятлана Алексіевіч.
Як адрэагаваў Севярынец
Павал Севярынец пракамэнтаваў выключэньне з ПЭН-цэнтру ў сваім Фэйсбуку. Ён напісаў, што лічыць выключэньне ў Дзень расстраляных паэтаў — невыпадковым.
«Каля рэстарацыі „Поедем-поедим“ за паўтара году нам таксама часта кідалі ў твар: „Мало вас стрелялі!“ „Выключыць“, выдаліць, выціснуць хрысьціянаў зь беларускай культуры не атрымаецца — гэта нават бальшавікам зь іх чырвонай імпэрыяй не ўдалося». Севярынец дадаў, што ягоным адказам будзе другая кніга «Беларусаліму» — «Сэрца сьвятла», якую ён рыхтуе да друку.