У Магілёве на 57 годзе жыцьця памерла гераіня свабодаўскай кнігі «Жыцьцё пасьля раку» Анастасія Войтава. Больш за дваццаць гадоў яна змагалася з анкалягічнай хваробай, ракам грудзей. Перанесла больш за пяць апэрацыяў і іншых мэдычных маніпуляцый.
Анкалягічную хваробу ў яе дыягнаставалі ў 35 гадоў. У інтэрвію Свабодзе Анастасія Войтава прызнавалася, што немаччу сутыкнулася «у стане высокага палёту і натхненьня».
Анастасіі ня стала 26 кастрычніка. 27-га яе пахавалі на могілках прыгараднай вёскі Мікалаеўка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анастасія Войтава: Тыя, хто здаюцца, хутка сыходзяць
Сьцісла пра Анастасію Войтаву
- Нарадзілася 6 красавіка 1963 годзе ў сям’і ленінградзкіх блякаднікаў у Бранску.
- Скончыла юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту завочна. Выкладала ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі прававыя дысцыпліны.
- Мела траіх дарослых дзяцей.
- Жывучы з анкалягічнай хваробай балятавалася ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, удзельнічала ў акцыях пратэсту.
Анастасія Войтава: Радасьць жыцьцю нашмат лепей гучыць, чым барацьба за жыцьцё
Апавядаючы Свабодзе гісторыю свайго жыцьця з анкалягічнай хваробай Анастасія Войтава, казала, што не ўспрымае словы «барацьба» ці «барацьба за жыцьцё», бо лічыць «што радасьць жыцьцю нашмат лепей гучыць».
Па словах дачкі Дар’і пасьля рэмісіі чатыры гады таму мэдыкі выявілі ў Анастасія Віктараўны вяртаньне хваробы. Дыягназ быў несуцяшальны, у арганізьме пачаліся незваротныя працэсы. Анастасія прайшла курс хіміятэрапіі і апошнія часам перабывала ў госьпісе.
Дар’я кажа, што сёлетняй вясной маці крыху акрыяла. Сама езьдзіла ў госьці да родных. Не губляла ўласьціваму для яе характару аптымізму і пазытыўнага погляду на жыцьцё.
Дачка: Мама натхняла на жыцьцё
Па словах Дар’і дактары не хавалі ад маці пэрспэктывы яе лячэньня, пры гэтым яна старалася ўсіх анкапацыентаў госьпісу натхніць на жыцьцё. Пераканаць іх, што ад яго нельга адмаўляцца.
«Неяк мама сядзела ў Бараўлянах у чарзе, — прыкладам паказвае, якой была Анастасія Віктараўна, яе дачка. — Ёй ужо было цяжка гаварыць, але яна паспрабавала ўзьняць настрой дзяўчыне тым, што паказала, як прыгожа павязваць хустачку, каб схаваць адсутнасьць валасоў пасьля хіміятэрапіі. Такім чынам яна правяла для ўсёй чаргі майстар-клясу, як выглядаць прыгожа».
Кніга «Жыцьцё пасьля раку» выйшла ў сэрыіі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе». У ёй сабраныя 22 гісторыі анкалягічных хворых, якія пасьпяхова лечацца, ведаюць, што рак — гэта не прысуд, і дапамагаюць іншым усьвядоміць гэта і змагацца з хваробай.
Сёлета на 84 жыцьця памёр яшчэ адзін герой кнігі Антон Івашкевіч, які больш за 30 гадоў пражыў з анкалягічным дыягназам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Антон Івашкевіч. Бог і бег: трыццаць гадоў пасьля анкалёгіі