Беларусь плянуе шэраг захадаў дзеля адэкватнага рэагаваньня на разьмяшчэньне тэхнікі войскаў NATO ля беларускай мяжы ў рамках вучэньняў Defender Europe. Пра гэта заявіў міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў.
Паводле агенцтва БелТА, міністар абяцаў у прыватнасьці, захады, скіраваныя на ўзмацненьне дзяржаўнай мяжы і павелічэньне колькасьці сухапутнага вайсковага кантынгенту на літоўскім напрамку.
«У рамках вайсковага складніка прыняты шэраг рашэньняў, якія дазволяць нарасьціць намаганьні для адэкватнага рэагаваньня на дзеяньні групоўкі на суседняй тэрыторыі. Гэта будуць захады кантролю за ўзбраеньнямі, адпраўцы інспэкцыйных групаў на сумежную тэрыторыю, узмацненьне задачаў выведкі», — сказаў Андрэй Раўкоў.
Акрамя вайсковага складніка, будуць інфармацыйныя і дыпляматычныя крокі, каб «востра паставіць пытаньне» аб прысутнасьці войскаў NATO блізу беларускай мяжы, заявіў міністар абароны.
Раней кіраўніцтва Літвы і Паўночна-Атлянтычнага альянсу заяўлялі, што прысутнасьць войскаў NATO ля беларускай мяжы ніякім чынам не пагражае бясьпецы Беларусі.
З чаго ўсё пачалося
У канцы верасьня прэс-служба Міністэрства нацыянальнай абароны Літвы паведаміла, што ў рамках вучэньняў NATO у Літву прыбудуць больш за 500 вайскоўцаў, а таксама 30 танкаў «Абрамс», 25 баявых машын пяхоты «Брэдлі», 70 колавых транспартных сродкаў. У кастрычніку ведамства паведаміла, што частка вайскоўцаў і цяжкай тэхнікі ўжо на тэрыторыі краіны. Яны разьмесьцяцца на мяжы зь Беларусьсю, на вайсковым палігоне ў Пабрадзе, да вясны 2020 году.
28 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка склікаў нараду з удзелам дзяржсакратара Савета бясьпекі Станіслава Зася, міністра абароны Андрэя Раўкова і начальніка галоўнага выведнага ўпраўленьня Паўла Ціханава і заслухаў іх даклад «аб вайскова-палітычным становішчы, рызыках, выкліках і пагрозах для Беларусі, а таксама прапановах па рэагаваньні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта прэцэдэнт». Лукашэнка адрэагаваў на амэрыканскія танкі ў ЛітвеПра амэрыканскіх вайскоўцаў і танкі ў Літве Лукашэнка сказаў, што «30 танкаў і 30 бронемашын — гэта проста сьмешна супраць беларускай арміі», але «ніколі яшчэ так дэманстратыўна да нашых межаў з-за акіяну ня перакідваліся войскі», «гэта прэцэдэнт» і «на такія дэманстрацыі мы проста вымушаныя адказваць».
Раней Лукашэнка ўжо неаднойчы выказваўся нэгатыўна пра вучэньні NATO Defender-2020, называючы іх «незразумелымі» і гаворачы, што «гэта ненармальна» і яму разам з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным «давядзецца падумаць пра тое, як засьцерагчы сябе ў гэты пэрыяд».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня дай Бог другі Чарнобыль». Лукашэнка ўвязаў бясьпеку АЭС з амэрыканскімі вайскоўцамі ў Літве