«Ня дай Бог другі Чарнобыль». Лукашэнка ўвязаў бясьпеку АЭС з амэрыканскімі вайскоўцамі ў Літве 

Вучэньні на Беларускай АЭС

Аляксандар Лукашэнка заявіў аб неабходнасьці падумаць пра больш сур’ёзную наземную абарону Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы.

Такую заяву ён зрабіў, заслухаўшы даклад аб вайскова-палітычным становішчы ў краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта прэцэдэнт». Лукашэнка адрэагаваў на амэрыканскія танкі ў Літве

Як перадае БелТА, Лукашэнка ўвязаў гэта з пераводам бранятанкавых сілаў з амэрыканскага вайсковага кантынгенту на палігон Падбродзьдзе ў Літве, за некалькі кілямэтраў ад беларускай мяжы.

«Таму трэба быць акуратней. Ня дай Бог другі Чарнобыль, Эўропа яго не перажыве», — сказаў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NATO разглядае БелАЭС як інструмэнт Расеі ў гібрыднай вайне

Лукашэнка адзначыў, што БелАЭС добра абароненая з паветра — створаны адмысловы супрацьпаветранай полк з зэнітным ракетным комплексам «Тор-М2».

Разам з тым Лукашэнка заявіў што, трэба падумаць і пра больш сур’ёзную наземную абарону, бо калі раптам здарыцца няштатная сытуацыя на атамнай станцыі, мала ня здасца па абодва бакі мяжы, — падсумаваў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва ня зможа імпартаваць электрычнасьць з краін, дзе працуюць небясьпечныя АЭС

Літоўскія ўлады пасьлядоўна крытыкуюць ідэю разьмяшчэньня Беларускай АЭС у непасрэднай блізкасьці ад сваёй мяжы і заяўляюць, што не зьбіраюцца набываць электраэнэргію зь яе.