Пад Магілёвам адшукалі месца, дзе расстрэльвалі ў гады сталінскага тэрору

Паклонны крыж на месцы масавых расстрэлаў каля аграгарадку Ўсход

Месца масавых расстрэлаў часоў сталінскага тэрору знайшоў магілёўскі краязнаўца Ўладзімер Ярошчанка каля аграгарадку Ўсход. Гэта пасёлак за дзесяць кілямэтраў ад Магілёва.

Краязнаўца кажа, што супрацоўнікі НКВД у мясцовым сасоньніку каля шашы на Гомель забілі блізу 100 чалавек.

Краязнаўца Ўладзімер Ярошчанка: «Мясьціну нездарма абралі для расстрэлаў»

Месца Ўладзімер Ярошчанка, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, вызначыў з аповедаў старажылаў вёскі Вільчыцы. Чатыры гады ён дамагаўся ад уладаў дазволу на ўсталяваньне крыжа ў памяць пра расстраляных. Яго паставілі летась. 27 кастрычніка Паклонны крыж асьвяціў настаяцель Храму сьвятой Тройцы айцец Анатоль.

«Гадоў пяць таму вяскоўцы 1928-29 гадоў нараджэньня расказалі, што за адзін кілямэтар ад Вільчыц у лясным масіве каля лясной дарогі на вёску Запрудзьдзе ў 1937-38 гадах расстрэльвалі „ворагаў народу“. Ноччу прыяжджалі чорныя варанкі, а потым зь лесу чуваць былі стрэлы», — пераказвае ўспаміны вяскоўцаў Уладзімер Ярошчанка.

Асьвячэньне айцом Анатолем крыжа на месцы масавых расстрэлаў




Краязнавец сьцьвярджае, што адзін з жыхароў Вільчыц Павал Шкрэдаў падлеткам падгледзеў, як стралялі тых, каго прывозілі людзі ў вайсковай форме. Іх ставілі на край загадзя выкапанай яміны і стралялі ў патыліцу. Потым стралялі яшчэ ў саму яміну, куды цела падала. Мясьціну ачаплялі вайскоўцы. Яміну пасьля расстрэлаў закапвалі. Павал Шкрэдаў памёр.

Уладзімер Ярошчанка кажа, што гэтае месца нездарма выбралі для расстрэлаў. Яна на ўзвышшы, увесну ў 1930 гады па ёй магла праехаць машына. Паводле ягоных падлікаў, тут маглі расстраляць каля 100 чалавек. Каб спраўдзіць гэта, неабходныя раскопкі, правядзеньне якіх ён цяпер дамагаецца.

Жыхарка Вільчыц Анастасія Шкрэдава: «Родныя адкапвалі расстраляных, каб пахаваць»

89-гадовая жыхарка Вільчыц Анастасія Шкрэдава апавяла Свабодзе, што бацька, калі ёй было 7-8 гадоў, напярэдадні Вялікадня ў ноч на чысты чацьвер прыйшоў у лазьню і сказаў, што машыны са слабым асьвятленьнем павезьлі зноў страляць ворагаў народу. Праехала тады машыны чатыры, кажа яна.

«Калі мы хадзілі ў ягады, дык мама паказвала яміну, — згадвае Анастасія Антонаўна. — Расказала, што пасьля расстрэлаў дні два, ці тры дыхала зямля. Прыйшоўшы пазьней, мы ўбачылі, што зямля ўжо была правалілася і на сасонцы быў выразаны крыж. Гэта было непадалёк ад шашы».

Уладзімер Ярошчанка




Паводле словаў Анастасіі Шкрэдавай, зь вёскі Дубінка, якая непадалёк ад Вільчыц, расстралялі семярых братоў. Пазьней родныя прыйшлі ноччу і адкапалі іх целы, каб пахаваць. Анастасія Антонаўна чула тады ад дарослых, што тым, каго везьлі страляць, затыкалі рот пробкамі, каб не крычалі.

Мясьціну, дзе забівалі людзей, тутэйшыя называлі Лыкаўскі масток.

Пра жудасныя падзеі з свайго маленства Анастасія Антонаўна ня згадвала ўсё сваё жыцьцё, бо баялася, што за гэта могуць пакараць. Наважылася апавясьці толькі, калі яе папрасіў Уладзімер Ярошчанка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Створаная «Нарада дасьледчыкаў камуністычнага тэрору». Чым яна будзе займацца

Жыхар Вільчыц Павал Ермакоў: «На месцы расстрэлаў заставалася пляцоўка са сьвежым грунтам»

Найстарэйшы жыхар Вільчыц 90-гадовы Павал Ермакоў таксама памятае, як везьлі страляць «ворагаў народу». Як і Анастасія Шкрэдава кажа, што некалькі машын уначы на чысты чацьвер заехалі ў лес. Потым зь яго пачуліся стрэлы.

Паводле ягоных словаў, у тую ноч прывезьлі дзьве партыі людзей на расстрэл. Пра тое, каго страляюць, казалі дарослыя, якія ведалі, што адбывалася. На наступны дзень ён зь сябрамі агледзеў тую мясьціну. Там была пляцоўка з сьвежым грунтам і «больш нічога».

«Калі дазналіся бацькі, што мы хадзілі туды, дзе стралялі людзей, то надралі нам вушы. Страшылі нас: ці мы таксама хочам, каб і нас расстралялі. З таго часу мы асьцерагаліся туды хадзіць», — згадвае Павал Сяргеевіч.

Паводле ягоных слоў, як пачалася вайна, то немцы загадалі ўздоўж шашы высекчы лес на сто мэтраў углыб, каб перашкодзіць партызанам рабіць дывэрсіі. Таму цяпер на месцы расстрэлаў ня дужа стары сасоньнік.

«Калі вайна скончылася нікому патрэбныя не былі тыя каго ў лесе пастралялі, — дадае ён. — Зь цягам часу вырас лес».

Старажыл вёскі Вільчыцы 90-гадовы Павал Ермакоў

Магілёўскі райвыканкам: «Лічым неабходным увекавечыць памяць пацярпелых ад рэпрэсіяў»

Краязнаўца Ўладзімер Ярошчанка зьвяртаўся ва Ўпраўленьне абласной міліцыі і КДБ, каб тыя пацьвердзілі, што каля Вільчыц стралялі людзей. Адтуль адпісалі, што «зьвесткамі пра расстрэльны палігон не распалагаюць».

З самога райвыканкаму Ярошчапку паведамілі, што з прычыны «даўнасьці гадоў, разрозьненых паказаньняў мясцовых жыхароў і зьменаў ляндшафту мясцовасьці, на якой меркавана праводзіліся расстрэлы людзей, вызначыць канкрэтнае месца пахаваньняў расстраляных не ўяўляецца магчымым».

«Магілёўскі раённы выканаўчы камітэт палічыў неабходным увекавечыць памяць, пацярпелых у 30 гадах ад рэпрэсіяў, — гаворыцца ў лісьце Ярошчанку. — На месцы меркаваных расстрэлаў у лясным масіве ўсталяваны драўляны крыж вышынёю два мэтры. Прылеглая тэрыторыя упарадкаваная».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад дапусьціў, што ля Курапатаў ня будуць будаваць выставачны цэнтар

  • Паводле кнігі «Памяць. Магілёўскі раён» у гады сталінскіх рэпрэсіяў у 1937-38 гадах былі расстраляныя 155 жыхароў раёну. Месцы пахаваньня ў кнізе не ўказаныя.
  • У самім Магілёве вядома, што людзей стралялі ў часы бальшавіцкага і сталінскага тэрору ў пясчаным кар’еры, які цяпер на праспэкце Дзімітрава. У памяць аб нявінна забітых там пастаўлены крыж.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Your browser doesn’t support HTML5

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць

Чаму беларускі рэжым не прызнае сталінскія рэпрэсіі

Асноўнае пра Курапаты

Расстраляныя літаратары. Гісторыя 12 творцаў, забітых 80 год таму

Як унукі і праўнукі шукаюць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў

«Баюся ўлады, якая пачне забіваць». Стогадовая беларуска, асуджаная ў СССР за шпіянаж, распавядае пра рэпрэсіі

Картатэка Сталіна