«Выключэньне Сяргея Шапрана — прыкрая памылка»
Першым разглядалі выключэньне Сяргея Шапрана. Андрэй Хадановіч заступіўся за Шапрана, у дачыненьні да якога была зроблена сур’ёзная памылка — ён быў выключаны з ПЭН-Цэнтру, хоць прасіў часова прыпыніць сяброўства з прычыны немагчымасьці заплаціць унёскі.
«Гэта прыкрая памылка. Давайце адновім справядлівасьць. У Сяргея вялікія заслугі перад ПЭНам», — кажа Андрэй Хадановіч.
Дэлегаты прагаласавалі за тое, каб аднавіць Сяргея Шапрана ў ПЭН-Цэнтры.
Сяргей Дубавец прапанаваў аднавіць і сяброўства ў ПЭН-Цэнтры Сямёна Букчына, які таксама апынуўся ў цяжкім матэрыяльным стане. Сяброўства Сямёна Букчына таксама адноўлена.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Алексіевіч падтрымала Тацяну Нядбай на зьезьдзе Беларускага ПЭН-ЦэнтруСьвятлана Алексіевіч: «Ціснуць на зьезд — гэта палітычны шантаж»
Тацяна Нядбай чытае заявы Яўгена і Дарʼі Зубовічаў аб уступленьні ў ПЭН-Цэнтар, тлумачыць, што іх заявы ў стадыі разгляду, рашэньне будзе прымаць новая рада. Таксама ўзгадваліся прозьвішчы іншых маладых людзей, які пісалі заявы на ўступленьне ў ПЭН-Цэнтар, пра якіх пісаў Павал Севярынец у сваім адкрытым лісьце.
26-гадовы кандыдат гістарычных навук, дасьледчык гісторыі ВКЛ Павал Булаты, якому рада адмовіла ва ўступленьні ў ПЭН, асабіста папрасіў зьезд прыняць яго сябрам ПЭН, пералічыўшы свае заслугі, навуковыя працы.
«Сяброўства ў ПЭН-Цэнтры трэба заслужыць. Туды заўсёды было вельмі цяжка ўступіць. Я паглядзела на сьпіс ахвотных — у многіх наагул няма кніг. А ціснуць на зьезд — гэта палітычны шантаж. Няхай пытаньнямі прыняцьця ў ПЭН займаецца Рада, а ня зьезд», — сказала нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.
Тацяна Нядбай дадала, што ПЭН ніколі ня гнаўся за колькасьцю сябраў, не імкнуўся стаць масавай арганізацыяй. Галоўнае — што чалавек можа даць ПЭНу, які ўнёсак зрабіць, кажа яна.
Дэлегаты зьезда параілі Паўлу Булатаму ўрэшце зьвяртацца ў Раду.
Павал Севярынец: «Я лічу сваё выключэньне несправядлівым. Але ідэалёгію фэмінізму, гендэру, гей-прапаганду я лічу шкоднымі»
Разгледзелі і заяву Паўла Севярынца, які сплаціў унёскі і просіць яго аднавіць у сяброўстве ў ПЭН-Цэнтры. Раней Рада ПЭН-Цэнтру пастанавіла выключыць яго за нясплату ўнёскаў.
«Я лічу сваё выключэньне несправядлівым. Каб удзельнічаць у працы зьезьду, я ўнёскі сплаціў. Я хачу вярнуцца, каб штосьці мяняць. А мяняць у працы ПЭН-Цэнтру ёсьць што», — кажа Павал Севярынец.
Што да свайго адкрытага ліста, прызнаўся, што пісаў яго эмацыйна.
«Але ідэалёгію фэмінізму, гендэру, гей-прапаганду я лічу шкоднымі», — падсумаваў Севярынец.
Уладзімер Арлоў выступіў у падтрымку Севярынца, узгадаўшы ўсе яго адседкі, кнігі, заслугі. У дыскусіі ўзялі ўдзел Марыя Мартысевіч, Ірына Дубянецкая, Аляксей Шэін.
А вось Аляксандар Фядута заявіў, што будзе галасаваць супраць аднаўленьня Севярынца — маўляў, няхай Павал нанова пройдзе працэдуру ўступленьня, інакш створыцца прэцэдэнт палітычнага ціску на зьезд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гей-лобі і марксісты»: Павал Севярынец абвінаваціў ПЭН-цэнтар у «ганеньні на хрысьціян». Што там адказаліПадвёў рысу Ўладзімер Арлоў. Ён запытаўся, ці прызнае Павал Статут і Хартыю ПЭН-Цэнтру. Павал цьвёрда адказаў, што прызнае.
Урэшце зьезд адмяніў рашэньне рады аб выключэньні Севярынца зь сябраў ПЭН-Цэнтру. Павал Севярынец застаецца сябрам Беларускага ПЭН-Цэнтру.
Аднак тут нязгодныя пачалі казаць, што народ разышоўся і ўжо няма кворуму. Вядоўца Лявон Баршчэўскі заклікаў не зрываць сход. Гучаць галасы — правесьці перарэгістрацыю. Баршчэўскі паставіў кропку: рашэньне прынята.
На просьбу Радыё Свабода патлумачыць сытуацыю, ён сказаў:
«Усе галасаваньні адбываліся дакладна, як патрабуе Статут, падабаецца ён каму ці не. Рашэньне Рады аб выключэньні Севярынца, калі ён зьвярнуўся з апэляцыяй, павінен зацьвердзіць агульны сход, але пяці галасоў не хапіла. А таму выключэньне Севярынца не было прызнана законным. Кворум 59 са 112 сяброў ПЭНу быў, і прапанова пра перарэгістрацыю ўдзельнікаў зьезду прынятая не была», — так пракамэнтаваў пасты ў фэйсбуку, што не было кворуму пры аднаўленьні Севярынца, Лявон Баршчэўскі, вядоўца зьезду.
«Кворум лічыцца не ад колькасьці прысутных у залі, а ад колькасьці зарэгістраваных», — дадаў Баршчэўскі.