25 кастрычніка кандыдат у дэпутаты, фэрмэр Юры Ганцэвіч правёў у Гомлі агітацыйны пікет. У мікрараён Валатава ён прыехаў на трактары з прычэпам, зладзіў імправізаваную дыскатэку, прывёз карову Фросю і казу Розу.
Юры Ганцэвіч балятуецца па Юбілейнай акрузе № 31. Яго пікет з «музыкай» з прычэпу, каровай і казой выклікаў жывую цікаўнасьць у гараджан.
«Я ня буду марнаваць свае грошы на ўлёткі. Каму яны трэба? Карова — найлепшая ўлётка. Гляньце, колькі людзей сфатаграфавала маіх жывёл. Зараз гэта ўсё выкладуць у Інстаграм — во будзе агітацыя!» — сьмяецца фэрмэр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На пікет — на трактары. Фэрмэр-блогер ідзе ў дэпутаты.Маладыя бацькі прыводзілі дзяцей фатаграфавацца да каровы і казы, пэнсіянэры цікавіліся — колькі Фрося дае малака, ці цельная яна.
«Карову прадаюць тут, ці што? Колькі карова каштуе?» — пыталіся пэнсіянэркі. Фэрмэр адказаў, што з такімі пэнсіямі, як у Беларусі, карову не купіць.
«Са мной на акрузе балятуецца галава адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віталь Уткін. Ён, мусіць, ня бачыў, які тут, за гандлёвым цэнтрам, бур’ян парос. Добра, што я карову прывёз, дык яна хоць траву тую паела», — жартуе Юры Ганцэвіч.
Ён заклікаў людзей галасаваць за яго і прыходзіць на пікеты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10+10 нечаканасьцяў ад ЦВК. Каго (не) зарэгістравалі кандыдатамі ў дэпутаты