Абвінавачанага ў шпіянажы на карысьць Беларусі ўкраінца вызвалілі ад адказнасьці: «Злачынных заданьняў не выконваў»

Беларускія памежнікі, ілюстрацыйнае фота.

Луцкі гарадзкі і раённы суд Валынскай вобласьці вызваліў ад крымінальнай адказнасьці грамадзяніна Ўкраіны Аляксандра Ч. (прозьвішча вядома), улічыўшы, што ён добраахвотна заявіў украінскім дзяржаўным органам аб вэрбаваньні і за ўвесь час нібыта агентурных дачыненьняў ня выканаў ніводнага «крымінальнага заданьня замежнай дзяржавы».

Як вынікае з адпаведнага судовага рашэньня, пракурор, які вёў справу Аляксандра Ч., не аспрэчваў адпаведнага рашэньня суду.

Упраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны ў Валынскай вобласьці адкрыла справу аб дзяржаўнай здрадзе ўкраінца сёлета ў красавіку на падставе ягонай уласнай заявы аб тым, што ў канцы лета 2004 году ён даў вусную і пісьмовую згоду начальніку аддзелу выведкі Пінскага памежнага атраду «Рэчыца» аб канфідэнцыйным супрацоўніцтве. Гэта быў пяты выпадак нібыта вэрбаваньня ўкраінцаў беларускімі спэцслужбамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінца судзяць па абвінавачаньні ў шпіянажы на карысьць Беларусі цягам амаль 15 гадоў

Сёлета ў жніўні стала вядома, што грамадзянін Украіны добраахвотна зьвярнуўся ў Службу бясьпекі і назваў імя свайго вэрбавальніка ў Беларусі. Ім нібыта быў супрацоўнік Упраўленьня фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Берасьцейскай вобласьці Ўладзіслаў Л. Гэты выпадак адбыўся таксама на Валыні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінец, нібыта завэрбаваны ў Беларусі, здаўся ў СБУ і назваў імя куратара

Як вынікае з Адзінага дзяржаўнага рэестру судовых рашэньняў Украіны, апошнім часам украінцы ўсё часьцей зьвяртаюцца да органаў Службы бясьпекі з нагоды іхнага нібыта вэрбаваньня замежнымі спэцслужбамі.
У судовых рашэньнях найчасьцей фігуруюць органы выведкі Беларусі, Расеі і Польшчы, якія нібыта вэрбуюць жыхароў памежных раёнаў Украіны.

На пачатку кастрычніка суд Валынскай вобласьці таксама вызваліў ад крымінальнай адказнасьці грамадзяніна Ўкраіны, які заявіў аб вэрбаваньні ў ліпені 2018 году афіцэрам Надбужанскага аддзела памежнай варты Рэспублікі Польшча. Паводле ўкраінскага грамадзяніна, ад яго патрабавалі зьвесткі аб арганізацыі аховы мяжы і ўзбраеньні атрадаў памежнай службы Ўкраіны на мяжы з Польшчай.

Пасьля першых аналягічных гісторый у прэсавым цэнтры Службы бясьпекі Ўкраіны Свабодзе заяўлялі, што такія факты фіксуюцца «амаль сыстэматычна». Што праўда, пра іх ніколі не паведамляюць афіцыйна — усе яны сталі вядомыя пасьля публікацыі судовых рашэньняў аб закрыцьці крымінальных спраў супраць украінцаў, якія добраахвотна паведамілі СБУ пра сваё вэрбаваньне.