Безь дзяржавы. Як «кнопкавы магнат Бабруйску» адкрыў атэлье на колах. ВІДЭА

Жыхар Бабруйску Сярго Сванідзэ зрабіў з уласнага аўто майстэрню па рамонце адзежнай фурнітуры і галянтарэі. Завесьці атэлье на колах яго змусіла высокая арэндная плата за месца на рынку ды канфлікт з рынкавым кіраўніцтвам.

Пра тое, што з шапіка ён перабраўся ў машыну, не шкадуе. Кажа, што гэта выгадна і яму, і кліентам.

У праекце «Безь дзяржавы» мы апавядаем гісторыі беларусаў, якія даюць рады жыць на сваім хлебе, без дапамогі дзяржавы, а часта і насуперак ёй. У чым іхная жыцьцёвая філязофія, якія прынцыпы і сакрэты дапамагаюць дасягаць мэтаў?


Сьцісла пра Сярго Сванідзэ

  • Яму 51 год, 30 зь іх робіць краўцом.
  • Зарэгістраваны рамесьнікам.
  • Мае дваіх дарослых дзяцей і чатырох унукаў.
  • Любіць быць пазытыўным і рабіць такімі іншых.

«Я нікому нічога ня вінен»

Сярго кажа, што 15 гадоў арандаваў на рынку шапік, у якім рамантаваў адзежу. Аплачваў яго, пакуль кіраўніцтва ня вырашыла павялічыць колькасьць гандлёвых месцаў. Не паразумеўшыся з адміністрацыяй, сабраў рэчы і перасеў у машыну. Цяпер яго радуе, што больш нікому нічога ня вінен.

Ідэя прыстасаваць машыну пад кравецкую майстэрню зьявілася ў яго, калі агледзеў перасоўную станцыю шынамантажу. Немудрагелісты набор абсталяваньня і падказаў, чым замяніць задарагое месца на рынку.

Каля «маленькага атэлье» Сванідзэ

Сваю майстэрню Сярго называе «маленькім атэлье на колах». У салёне вэтэрана-легкавіка Renault Espace II расстаўлены кравецкі рыштунак, усё, што трэба для рамонту адзежнай фурнітуры і галянтарэі. Машына з рэклямнымі плякатамі прыпаркаваная каля цэнтральнага гарадзкога рынку. За тры дзясяткі мэтраў ад яе — шапік, у якім раней працаваў Сярго. Па яго словах, у тым шапіку зрабілі сховішча садавіны ды гародніцы.

«Канкурэнтаў няма. У самы кепскі дзень 10 рублёў зараблю»

Сярго пачаў рамантаваць адзежу ў машыне з 1 красавіка. Па словах суразмоўцы, кліентаў за дзень завітвае да двух дзясяткаў. Калі не дае рады заказам у машыне, робіць іх дома.

«Скажу так, — зь неахвотаю адказвае ён на пытаньне пра даходы, — заробак цяпер мае быць ня меней за 300–400 рублёў. Столькі ў мяне выходзіць. Пры самым кепскім дні сабе дзесяць рублёў я зараблю заўжды».

Сярго Сванідзэ на працоўным месцы

Сярго з усьмешкай прыгадвае тых, хто кпіў зь яго, пабачыўшы першы раз. Цяпер задумваецца, каб прыдбаць большую машыну — тады працаваць будзе камфортней. Ён з гонарам адзначае, што невялікі прыбытак дазволіў пачаць рамонт у сваім доме. Калі рабіў на рынку, такой магчымасьці ў яго не было. Сярго запэўнівае, што канкурэнтаў ня мае і кліентаў не становіцца меней.

«Рамантуе адзежу і заможны кліент»

Працоўны дзень Сярго пачынае а 10-й раніцы і сканчае ў 15. За гадзіну гутаркі з журналістамі да яго падышлі пяць чалавек. Двум мужчынам майстар замяніў бегунок на маланцы курткі. Жанчыне адрамантаваў почапку торбы, яшчэ двое забеглі замяніць кнопкі ў джынсах.

«На рынку, калі павышаюць арэндную плату, то падвышаецца і цана паслугі, — кажа за працаю Сярго. — У мяне ж арэнднай платы няма, таму цэны стаяць на месцы. Кліенты задаволеныя. Нават для пэнсіянэраў зьніжкі раблю. Бывае, што і ў доўг рамантую».

Няхітры рыштунак краўца Сярго Сванідзэ

Звычайная кліентура Сярго — працоўны люд, але, кажа, пачала зьяўляцца і заможная публіка. З гэтага Сярго робіць выснову, што дастатак усіх пластоў насельніцтва падае і ўсё болей людзей дазваляюць сабе траціцца толькі на ежу і камунальныя паслугі.

«Прыносяць іншым разам рэчы, якія варта было б выкінуць, але яны просяць вярнуць ім жыцьцё, — кажа ён. — Маўляў, на лецішчы хадзіць згадзіцца».

«Акрамя рамонту адзежы, больш нічога рабіць ня ўмею»

Цяперашняму занятку Сярго прысьвяціў 30 гадоў жыцьця. Навыкі кравецкага рамяства асвойваў у бабруйскім ПТВ № 73. Кажа, што былыя настаўнікі нярэдка прыходзяць па кансультацыю наконт тэхналёгіі рамонту.

Па словах Сярго, сябры далі яму мянушку «кнопкавы магнат Бабруйску». Паказваючы свае рукі, Сярго з усьмешкай адзначае: яны адрамантавалі адзежу 70 працэнтам бабруйцаў.

«Маё кравецкае рамяство — гэта і маё хобі, за якое мне плацяць, — заўважае ён, аддаючы кліенту куртку. — Я больш нічога ня ўмею рабіць. Спрабаваў неяк гандляваць, але ня выйшла нічога, бо не маё».

«Я бабруйскі...»

Сярго прыехаў у Бабруйск разам з бацькамі ў 1979 годзе.

«Я бабруйскай нацыянальнасьці! У мяне маці габрэйка, а тата грузін, — сьмяецца ён. — Калі лічу грошы, то адчуваю сябе габрэем, а калі хачу спадабацца жанчыне, то ўключаю грузіна».

Усе абвесткі Сярго Сванідзэ робіць з гумарам, каб кліент усьміхнуўся

На радзіме свайго бацькі Сярго ніколі ня быў. Ягоны брат жыве ў Ізраілі.

«А навошта адсюль зьяжджаць? — са зьдзіўленьнем рэагуе на пытаньне журналіста Сярго. — Тут у мяне ёсьць справа, якая дазваляе жыць. Там жа давядзецца пачынаць усё наноў».

«Беларусы — пафігісты...»

Амаль з кожным кліентам Сярго пасьпявае ня толькі абгаварыць дэталі рамонту, але і пагутарыць пра жыцьцё. Разам з тым уладальнік атэлье на колах прызнаецца, што ня ўсім наведнікам гэта даспадобы. Нямала і маўчуноў.

«Мне ўдаецца распазнаць, хто ёсьць хто, — кажа Сярго. — Дапамагае ў гэтым тое, што я ў маладосьці пачытаў творы Дэйла Карнэгі. Цяпер, не паверыце, дапамагае».

Сярго Сванідзэ і ягонае «атэлье на колах»

Паводле ягоных назіраньняў, у паводзінах кліентаў азлобленасьці няма, нягледзячы на няпростае жыцьцё.

«Наагул мне падаецца, што беларусы пафігісты, — падсумоўвае гутарку Сярго. — Яны задаволеныя тым жыцьцём, якое ёсьць. Далёка наперад не зазіраюць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зайздросьцяць, думаю, людзі». Як чыноўнік на пэнсіі стварыў фэрму і прадае «малочку» на 1000 рублёў у дзень
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пякарня Элгуджы. Як у Горадні робяць хачапуры і лавашы, што раскупляюцца без астачы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як бізнэсвумэн стварыла на 44 квадратах нерухомасьці «варушняк» для ўсяго гораду
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пісьменьніца-фантастка стала «дармаедкай». «Усё, што я хачу, — пісаць. Пакіньце мяне ў спакоі!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нас называюць сярэднявечнымі». Чаму сям’я з Магілёўшчыны адмаўляецца ад беларускага грамадзянства
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я сябе цалкам забясьпечваю». Гісторыя ткальлі ХХI стагодзьдзя
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як былы палітуцякач пабудаваў аграсядзібу, каб захаваць памяць пра вёску продкаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вясковы дзэн. Як «дармаеды» зь Менску пераехалі ў вёску і зарабляюць на збанках і мыле
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Браты з Горадні хочуць накарміць Беларусь нэапалітанскай піцай. З Пагоняй і Лукашэнкам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У беларусаў дзяржава ў галаве». Дзяўчына кінула працу архітэктара, каб мяць гліну
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Птушкабізнэс. Як у вёсцы зарабіць тры разы па пяцьсот, перажыўшы дзясяткі праверак
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лепшы, чым у Швайцарыі. Як у Лідзе вырабляюць крафтавы шакаляд сусьветнага ўзроўню
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Матрошка не расейская». Як беларуска вырабляе «касьмічныя» цацкі з дрэва для дзяцей і дарослых