24-25 кастрычніка адбудзецца візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Казахстан. Гэта першы візыт беларускага кіраўніка у гэтую краіну пасьля таго, як яе прэзыдэнтам стаў Касым-Жамрат Такаеў.
Параўнайма жыцьцёвыя шляхі цяперашніх кіраўнікоў Беларусі і Казахстану
Сын пісьменьніка
Касым-Жамрат Такаеў і Аляксандар Лукашэнка амаль раўналеткі.
Такаеў нарадзіўся ў 1953 годзе ў Алма-Аце, тагачаснай сталіцы КССР, у сям’і казаскага пісьменьніка, чальца прэзыдыюму Вярхоўнага Савету рэспублікі, і выкладчыцы інстытуту замежных моваў.
Аляксандар Лукашэнка нарадзіўся ў 1954 годзе ў вёсцы Копысь Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці, маці Екацярына Лукашэнка — сялянка, афіцыйнай інфармацыі пра бацьку няма.
Казахстанскі Макей
Такаеў скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносінаў, працаваў у савецкім пасольстве ў Сынгапуры, у цэнтральным апараце Міністэрства СССР, у 1984-1991 гадах працаваў у пасольстве СССР у КНР другім і першым сакратаром і дарадцам.
У 1992-1993 гадах у незалежным Казахстане — намесьнік міністра, першы намесьнік міністра, міністар замежных справаў. Кіраваў МЗС Казахстану да 1999 году, потым два гады быў старшынём ураду, потым яшчэ 5 гадоў быў ізноў міністрам замежных справаў.
У 2011-2013 гадах — дырэктар офісу ААН у Жэнэве, намесьнік генэральнага сакратара ААН.
Лукашэнка скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага пэдагагічнага інстытуту, а таксама завочна — эканамічны факультэт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках.
Самая высокая пасада да прыходу ў палітыку — дырэктар саўгасу «Гарадзец» Шклоўскага раёну Магілёўскай вобласьці.
Са сьпікераў — у прэзыдэнты
У 2013 годзе Такаеў стаў старшынём Сэнату — верхняй палаты парлямэнту Казахстану. Займаў гэтую пасаду амаль 6 гадоў, да сыходу ў адстаўку прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева. У чэрвені сёлета перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, набраўшы 70.96% галасоў.
Лукашэнка ў 1990 годзе быў абраны народным дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі. У 1993-1994 гадах узначальваў часовую камісію Вярхоўнага Савету па барацьбе з карупцыяй
У ценю папярэдніка
Першы прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў застаецца кіраўніком Рады бясьпекі краіны і старшынём кіроўнай партыі «Нур отан» (Сьвятло бацькаўшчыны), валодае шэрагам канстытуцыйных і нефармальных уладных паўнамоцтваў. Літаральна днямі прэзыдэнт Такаеў агучыў рашэньне аб пашырэньні паўнамоцтваў Назарбаева ў сфэры прызначэньня кадраў.
Расейскі доктар палітычных навук
У 2011 годзе Такаеў абараніў доктарскую дысэртацыю ў дыпляматычнай акадэміі МЗС Расеі.
Паліглёт
Такаеў свабодна валодае казахскай, расейскай, ангельскай і кітайскай мовамі, валодае таксама францускай
Сямейныя таямніцы
Такаеў у разводзе. Ад шлюбу з Надзеяй Такаевай мае аднаго сына, Тымура Такаева, буйнога прадпрымальніка ў нафтавай галіне.
Лукашэнка жыве асобна ад сваёй жонкі Галіны. Невядома, ці быў афіцыйна аформлены развод. Ад шлюбу з Галінай Лукашэнкай мае двух сыноў — Віктара і Дзьмітрыя. Мае таксама сына Мікалая. Віктар — памочнік прэзыдэнта Беларусі па нацыянальнай бясьпецы, Дзьмітры — старшыня прэзыдэнцкага спартовага клюбу, Мікалай — школьнік.
Казахстанская Плошча-2019
Пасьля выбараў у 2019 годзе, на якіх Такаеў быў абраны прэзыдэнтам, у шэрагу гарадоў краіны адбыліся масавыя акцыі пратэсту, у выніку якіх былі затрыманыя каля 4 тысячаў дэманстрантаў, пераважная частка якіх была потым вызваленая.
У Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году адбылася масавая акцыя пратэсту — Плошча-2010, каля 600 яе ўдзельнікаў былі затрыманыя, да крымінальнай адказнасьці былі прыцягнутыя экс-кандыдаты ў прэзыдэнты, двое — Андрэй Саньнікаў і Мікола Статкевіч — адбылі некалькі гадоў зьняволеньня.
Першыя крокі прэзыдэнта Такаева
Адным зь першых крокаў новага кіраўніка стала пераіменаваньне сталіцы краіны з Астаны ў Нурсултан, у гонар папярэдніка, Нурсултана Назарбаева.
Новы кіраўнік загадаў чыноўнікам ня вешаць ягоныя партрэты ў службовых кабінэтах, што было звычайнай практыкай пры Назарбаеве.
У сьнежні 2018 году Такаеў прапанаваў узмацніць крымінальную адказнасьць для наракадылераў да пажыцьцёвага зьняволеньня і нават сьмяротнага пакараньня.
Так сказаў Такаеў
- Я супраць слова «транзыт» (транзыт улады — РС), таму, калі я даваў інтэрвію расейскім СМІ, я трошкі патроліў «транзыт па-казаску». Што такое транзыт? Гэта значыць, што я транзытны пасажыр, ці што, або спадарожнік? Не. Я лічу сябе паўнакроўным прэзыдэнтам Рэспублікі Казахстан. Я не спадарожнік. Не зьбіраюся мяняць ні цягнік, ні самалёт, ні перасаджвацца на нейкі іншы сродак перасоўваньня. Таму «транзыт» — давайце скончым з гэтым словам. Выбары адбыліся — прэзыдэнт абраны.
- У ААН, калі я там працаваў, было прынята весьці сваю асабістую старонку (у Twitter — РС). Вядома ж, я прыкіпеў, можна сказаць, да гэтага віду сувязі. Twitter — гэта, па сутнасьці справы, асабістае тэлеграфнае агенцтва.
- Мы ня згодныя з тым, што хтосьці спрабуе прылічыць Казахстан да «рускага сьвету», бо ў нас ёсьць свой «казаскі сьвет»,
- Уладзімір Пуцін на мяне зрабіў вялікае ўражаньне сваёй такой ціхай фундамэнтальнасьцю.