«Тату, яркія валасы, пірсінг». Беларуска кінула тэхнічную працу і адкрыла нефармальнае мадэльнае агенцтва

Ірына Бабарэка, заснавальніца агенцтва BOOM

Ірыне Бабарэцы 23 гады, сёньня яна гаспадыня мадэльнага агенцтва BOOM, дзе працуе 17 чалавек. Яны маюць тату, пірсінг і зусім не падобныя да подыюмных мадэляў.

У Ірыны 12 тату, яркія валасы, пірсінг. Яна выхоўвае дачку Алісу, якой цяпер годзік і месяц. У ейным мадэльным агенцтве, якому ў лістападзе спаўняецца 3 гады, 17 мадэляў незвычайнага выгляду. Свабода распытала заснавальніцу першага нефарматнага мадэльнага агенцтва пра стаўленьне людзей да тату, заробкі і магчымасьць рэзка зьмяніць жыцьцё.

«Адкрыла агенцтва на свой дзень нараджэньня»

— Што сёньня ўяўляе сабою вашае агенцтва BOOM?

— Зараз у нас здымкі пару разоў на тыдзень, гэта паказы могуць быць ці яшчэ нешта. Цяпер я ў дэкрэце, таму здымак менш стала. Я сама іх праводжу, бо няма часу на арганізацыю. Рэклямадаўцы нас знаходзяць праз інтэрнэт, праз знаёмых. У асноўным мы супрацоўнічаем з тымі, з кім ужо працавалі раней.

— Вы пачалі тры гады таму, як гэта было?

— У мяне проста былі тату, я нават ня думала пра нейкую мадэльную кар’еру. Мяне запрасілі ўзяць удзел у праекце «Creepy Sweets», гэта расейскае нефармальнае агенцтва. У выніку я напісала кіраўніцтву, што ня супраць пабыць у іх мадэльлю. У іх не было прадстаўніка тут, і я сказала, што магу паспрабаваць гэтым заняцца.

Нашы шляхі разышліся, я падумала адкрыць сваё ў Беларусі. Сьпярша ўсё гэта было неафіцыйна, але неўзабаве мы зарэгістраваліся. У дзень свайго дня нараджэньня я правяла ў Менгарвыканкаме паўдня, каб адкрыцца. На апошні заробак наняла юрыстаў, каб дапамаглі.

— Ці была мадэльная сфэра неяк зьвязаная з адукацыяй?

— Не, я адвучылася ў энэргетычным каледжы на тэхніка-будаўніка. Пасьля пайшла працаваць па разьмеркаваньні ў Акадэмію мастацтваў тэхнікам. Мне плацілі 250 рублёў, год пасьпела адпрацаваць, а пасьля даведалася, што як сірата магу не адпрацоўваць. У гэты ж дзень я напісала заяву на звальненьне. Уладкавалася ў друкарню, дзе плацілі ўжо 350 рублёў. Там я пратрымалася месяц ці два і паралельна пачала займацца адкрыцьцём агенцтва.




— Ці мелі вы нейкія навыкі фатаграфіі?

— Я сама фатаграфавалася з 14-15 гадоў на аматарскім узроўні. Але мне заўжды падабалася нешта арганізоўваць, нават дома я пляную дзень, не магу заснуць, калі не складу сьпісу, што буду рабіць, калі гатаваць, калі яшчэ нешта. У мяне такое было з 11 гадоў, таму арганізоўваць нескладана.

Цяпер складаней, бо малое дзіця, таму цяпер я займаюся арганізацыяй увечары, паклаўшы дачку спаць.

«Адразу знайшлася каманда»

— Ці лёгка знайшліся мадэлі?

— У самым пачатку я напісала ў суполку «Ищу.бай» «ЎКантакце», што шукаю людзей з тату для цікавага праекту. І ўсё неяк адразу пайшло, адразу знайшлася каманда і фатографы, якім цікава стала. У той час гэта вельмі хайпавала, а цяпер ужо такіх агенцтваў шмат панаадкрывалі.

— Адразу ўдалося пайсьці ў плюс ці працавалі «за ідэю»?

— У нас на гэтым складана зарабляць. Навошта чалавеку браць прафэсійную мадэль, калі можна знайсьці на вуліцы чалавека, які спадабаецца, ён яшчэ і за фотачкі заплаціць студыйныя. Я не скажу, што мы цяпер шмат зарабляем. Мадэль можа зарабіць 20-30 рублёў за гадзіну. Усе хочуць нешта за так, шукаюць выгаднага супрацоўніцтва, прапануюць сэртыфікаты за здымкі. Але ў гэтым ёсьць свае бонусы. Зарабляць крыху атрымліваецца, але складана гэта рабіць асноўнай працай.

— Як ставяцца рэклямадаўцы?

— Ёсьць тыя, хто асьцерагаецца, не адказвае на лісты ці не перазвоньвае. Некаторыя пагаджаюцца, калі прапаную першыя здымкі бясплатныя, а пасьля ўжо за грошы.

«Буду шчасьлівая, калі да нас прыйдуць дзяды і бабкі з тату»

— Што трэба, каб стаць у вас мадэльлю?

— Мець нефарматны выгляд: тату, пірсінг, яркі колер валасоў. Нядаўна я задумалася: а што калі будуць прыходзіць і людзі без тату, але зь нефармальным выглядам. У нас ёсьць хлопец, які ня мае тату, і я б не сказала, што ён альтэрнатыўны зусім, але ў яго такая харызма і такое імкненьне разьвівацца ў гэтай сфэры, што зь ім прыемна працаваць.

Зараз, дарэчы, шмат заявак ад хлопцаў, каб да нас прыйсьці.

— А ці ёсьць абмежаваньні ў вазе, узросьце?

— Калі ўсё арганічна і прыгожа, то чаму б і не. Калі б да нас прыйшлі бабкі і дзяды з татухамі, я б ім сама здымкі кожны дзень арганізоўвала, бо такое рэдка знойдзеш.

— Калі ў вас зьявілася першае тату?

— Гадоў у 15-16, напэўна. Цяпер іх ці то 12, ці то 14, ня памятаю.

— У колькі гадоў дазволіце дачцэ тату, калі яна захоча?

— Гадоў з 16 без праблем, але я сама дапамагу выбраць майстра і гэта будзе пад маім кантролем.



— Ці часта хлопцы назаляюць у сацсетках?

— Чорны сьпіс дапамагае. А так праблем асаблівых няма. Бывае, што ў мяне там вісіць тысяча паведамленьняў, я адказваю на важныя, а не на «Здароў, як жыцьцё?»

— У што мусіць вырасьці праект?

— Мне ня столькі гэта важна як бізнэс, як разьвіць тату-сфэру ў Беларусі, каб на гэта коса не глядзелі. Бо нават цяпер сутыкаюся з нэгатывам. Аднойчы я ехала ў аўтобусе, каля мяне сядзеў п’яны мужык і запытаўся: «За масьці адкажаш?» Пасьля аднаго з інтэрвію пісалі, што я сапсавала цела, што гэта непрыгожа. Хацелася б зьмяніць гэтае стаўленьне. Цяпер для мяне гэта больш хобі, чым бізнэс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыгажуні ля Лукашэнкі. Як рыхтуюць эскорт для ўлады

— Ці вы робіце сацыяльныя праекты?

— Так, мы рабілі праекты супраць хатняга гвалту і ў абарону жывёлаў: фатаграфаваліся з коцікамі з прытулку. Гэта рабілася так, па схільнасьці. І цяпер ёсьць нейкія ідэі таксама.

«Гэта для мяне выхад з зоны камфорту, бо я сьціплы»

Данік супрацоўнічае з BOOM больш за месяц. Ён проста напісаў Ірыне і трапіў у каманду. У яго тату на руках, на торсе і шыі, пірсінг на твары.

«Я сарамлівы чалавек, а гэта для мяне як выхад з зоны камфорту. Пакуль мне падабаецца. А так я працую кладаўшчыком і раблю пірсінг, але гэта хобі. У Беларусі гэтым не заробіш, а ў іншых краінай можна, я думаю. Рэакцыя на тату розная: могуць сказаць, што добра выглядаеш, а могуць пакруціць пальцам каля скроні. Але каб проста біцца за гэта ішлі, то не».

«Татуіровак ня маю, але заўжды хацелася нечага яскравага»

Валянціна Мілеўская ў BOOM некалькі месяцаў. У яе няма тату, але заўжды была прага да нефармальнага. Валянціна мае свой рок-гурт Incerto, дзе сьпявае і піша песьні па-беларуску.

«Мне заўжды хацелася нечага такога яскравага. Я сама напісала, спыталася пра шанец. Ірына мяне пафатаграфавала, празь дзень я атрымала адказ, што падыходжу. Нядаўна трапіла на паказ, які нават паказалі па тэлевізіі. Гэта такі старт».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хочаце добрую працу? Не забудзьцеся пра сцэну і танцы