Японскі імпэратар Нарухіта афіцыйна ўзышоў на пасад. ВІДЭА

Японскі імпэратар Нарухіта падчас афіцыйнай цырымоніі

Японскі імпэратар Нарухіта 22 кастрычніка афіцыйна абвясьціў сваё ўзыходжаньне на пасад у цырымоніі пры ўдзеле лідэраў больш за 170 краінаў сьвету.

59-гадовы Нарухіта, які вучыўся ў Оксфардзе, атрымаў паўнамоцтвы імпэратара пасьля таго, адрачэньня ад пасаду яго бацькі, імпэратара Акіхіта, 30 красавіка.

Японцы назіраюць за цырымоніяй на экране

Імпэратрыца Масака, 55-гадовая жонка Нарухіта, зьяўляецца былым дыпляматам, вучылася ў Гарвардзе.

Імпэратрыца Масака

Падчас цырымоніі ўваходжаньня на пасад у Імпэратарскім палацы ў Токіё Нарухіта заявіў: «Я шчыра спадзяюся, што Японія будзе і ў далейшым разьвівацца і зробіць свой унёсак у сяброўства і мір міжнароднай супольнасьці, а таксама ў дабрабыт і росквіт людзей дзякуючы мудрасьці і няспынным намаганьням людзей».

Прэм’ер-міністар Японіі Сіндзо Абэ выступіў з прывітаньнем імпэратара, пасьля чаго пачуліся крыкі «Банзай», што азначае «Няхай жыве імпэратар».

Японія называе сябе найстарэйшай манархіяй сьвету, якой 2600 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Упершыню за 200 гадоў імпэратар Японіі адракаецца ад трона. ВІДЭА