Выстава пра Люблінскую унію, падпісаную 450 гадоў таму, адкрылася ў горадзенскім Цэнтры гарадзкога жыцьця 21 кастрычніка.
Экспазыцыя складаецца з 14 стэндаў з фатаздымкамі Любліна — гораду, дзе Вялікае Княства Літоўскае і Карона Польская пагадзіліся абʼяднацца. На фота відаць месцы, зьвязаныя зь Люблінскай уніяй, паказаны іхні лёс.
На думку гаспадара Цэнтру гарадзкога жыцьця Паўла Мажэйкі, Люблінская унія — адзін з найважнейшых момантаў у эўрапейскай гісторыі. Сярод мэтаў выставы — паказаць беларусам, што ня варта баяцца лічыць гэтую дзяржаву сваёй.
«Гэта нашая дзяржава [Рэч Паспалітая], якую стварылі нашыя продкі, разьвівалі яе. І мы маем абсалютнае права да таго, каб карыстацца гэтай спадчынай і шанаваць яе. Люблін, як і Горадня, дыхае гісторыяй на кожным кроку. Мы хочам, каб людзі ўбачылі, як можна на гэтым рабіць імя свайму гораду, рабіць яго прыгажэйшым, прывабнейшым. Паказаць, як у суседняй дзяржаве адзначаюць і паважаюць гістарычныя падзеі», — кажа Павал Мажэйка.
Генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк заўважыў, што Люблінская унія — унікальны прыклад таго, што карыснага могуць зрабіць разам розныя народы.
«Люблінская унія паспрабавала зрабіць дзяржаву двух народаў, але насамрэч большай колькасьці народаў: беларусы, армяне, украінцы, габрэі... Не было пануючага народу. Люблінская унія, можа, апярэджвала сваю эпоху. Сёньня варта яе дацаніць. Бо гэта была спроба паразумецца і стварыць супольную дзяржаву для розных, часта спрэчных паміж сабой памкненьняў. Гэтая спроба была перакрэсьленая гісторыяй, але гэта ня значыць, што яна была кепская», — заўважыў Яраслаў Ксёнжэк.
Грэка-каталіцкі сьвятар айцец Андрэй Крот зьвярнуў увагу, што Люблінская унія стала штуршком для падпісаньня царкоўнай Берасьцейскай уніі ў 1596 годзе.
«Стала магчымым абʼяднаньне падзеленых цэркваў, нягледзячы на рознасьць, адметнасьць кожнай дзяржавы і кожнай канфэсіі», — сказаў айцец Андрэй Крот.
Выстава будзе працаваць да 12 лістапада.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ВКЛ было незалежным і ў Рэчы Паспалітай. І гэта ня міт. ВІДЭА