Вашынгтон плянуе перанакіраваць у Ірак тых вайскоўцаў, якіх ён выводзіць з паўночнага ўсходу Сырыі. Пра гэта заявіў міністар абароны ЗША Марк Эспэр.
Паводле яго словаў, гаворка ідзе пра больш за 700 вайскоўцаў. Яны будуць разьмешчаны на захадзе Іраку, дзе працягнуць змагацца з тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава».
Сырыйскае дзяржаўнае агенцтва SANA паведамляе, што амэрыканская транспартная калёна ў нядзелю, 20 кастрычніка, заехала на тэрыторыю Сырыі з боку Паўночнага Іраку. Яна завершыць эвакуацыю ваенных баз ЗША з тэрыторыі, дзе Турэччына праводзіць сваю ваенную апэрацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турцыя і курды абвінавачваюць адно аднаго ў парушэньні перамір’я ў СырыіУ калёне, па дадзеных агенцтва, каля 100 грузавікоў, іх суправаджае вайсковая ахова. Таксама паведамляецца, што напярэдадні амэрыканскі канвой выправіўся ў бок Іраку з сырыйскіх правінцый Алепа і Рака.
9 кастрычніка Турэччына пачала ваенную апэрацыю супраць курдаў на поўначы Сырыі. Анкара лічыць узброеныя курдзкія фарміраваньня тэрарыстамі. Вашынгтон, наадварот, лічыць курдаў сваімі саюзьнікамі ў барацьбе з «Ісламскай дзяржавай».
Аб вывадзе амэрыканскіх войскаў з поўначы Сырыі прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў напярэдадні пачатку турэцкай апэрацыі. Многія кангрэсмэны асудзілі рашэньне прэзыдэнта.
На гэтым тыдні Турэччына і ЗША дамовіліся аб прыпыненьні ваеннай апэрацыі Анкары на поўначы Сырыі. Часовае спыненьне агню павінна было працягнуцца 120 гадзін, каб курдзкія ўзброеныя фармаваньні змаглі пакінуць раён ваенных дзеяньняў. Аднак напярэдадні абодва бакі канфлікту на поўначы Сырыі — Турэччына і сырыйскія курды — абвінавацілі адзін аднаго ў парушэньні рэжыму спыненьня агню.