У Каталёніі — усеагульны страйк і масавыя дэманстрацыі

Каталёнскія дэманстранты блякуюць вуліцу ў Барсэлёне, 18 кастрычніка 2019

У Каталёніі сёньня праходзіць усеагульны страйк пратэсту супраць прысуду гішпанскага суду, які адправіў дзевяць былых лідэраў рэгіёну за краты паводле абвінавачаньняў у падбухторваньні да бунту ў сувязі з ня прызнаным Мадрыдам рэфэрэндумам аб незалежнасьці рэгіёну два гады таму.

У Барсэлёне пройдзе масавая дэманстрацыя, у якой, як чакаецца, возьмуць удзел сотні тысяч людзей.

Жыхары Каталёніі сыходзяцца ў сталіцу рэгіёну зь пяці розных кірункаў. Многія зь іх ідуць у горад пешшу, гэтыя дэманстрацыі атрымалі назву «Марш свабоды». Многія дарогі ў рэгіёне заблякаваныя, як і рух на шашы непадалёк ад памежных пераходаў у Францыю.

У апошнія дні ў Барсэлёне і іншых гарадах Каталёніі адбыліся сутыкненьні з паліцыяй. Сёньня акцыі пакуль праходзяць мірна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На пратэстах у Каталёніі дзясяткі чалавек пацярпелі, больш за 50 — затрыманыя

Былы кіраўнік каталёнскай адміністрацыі Карлес Пудждэмон 18 кастрычніка добраахвотна зьявіўся ў паліцыю Бэльгіі пасьля таго, як гішпанскі суд абвясьціў яго ў міжнародны вышук. Пакуль не паведамляецца, ці быў ён затрыманы. Пудждэмон пакінуў Гішпанію ў 2017 годзе, як Мадрыд пасьля рэфэрэндуму ў Каталёніі распусьціў парлямэнт аўтаномнага рэгіёну і ўвёў у ім наўпроставае кіраваньне.

Дзевяць паплечнікаў былога каталёнскага лідэра 14 кастрычніка былі асуджаныя на турэмнае зьняволеньне ад 9 да 13 гадоў за арганізацыю рэфэрэндуму.

Цяперашні кіраўнік адміністрацыі Каталёніі Кім Торэ пасьля гэтага заявіў пра неабходнасьць новага рэфэрэндуму аб незалежнасьці.