Як «беларускі талер» шукалі ў Швайцарыі, а калі не знайшлі, увялі рубель

Кастусь Каліноўскі на купюры 10 талераў

25 гадоў таму Беларусь займела ўласную нацыянальную валюту — беларускі рубель. Расказваем цікавыя факты з гісторыі беларускіх грошай.

Кароткі зьмест

19 кастрычніка 1994 году Вярхоўны Савет 12-га скліканьня прыняў пастанову, якая замацавала беларускі рубель у якасьці адзінага законнага аплатнага сродку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Да круглай даты ў Музэі сучаснай беларускай дзяржаўнасьці, які разьмяшчаецца ў будынку прэзыдэнцкай адміністрацыі, адкрылася часовая экспазыцыя «Беларускі рубель. Гісторыя ў чвэрць стагодзьдзя». Але з прычыны рэжымнасьці аб’екту трапіць туды звычайнаму чалавеку няпроста.

Стэнд з эскізамі талераў

І шкада. Сярод купюраў, талёнаў, купонаў ды іншых сьведак фармаваньня фінансавай сыстэмы ёсьць адметная падборка грашовых знакаў, якія маглі істотна паўплываць на ступень самаідэнтыфікацыі беларусаў.

Напрыклад, упершыню публічна паказалі праектныя выявы талераў, якія меліся стаць валютай на пачатку 1990-х, але так і не былі надрукаваныя.

На грашах маглі быць Рагнеда і Ўсяслаў Чарадзей

Станаўленьне нацыянальнай валюты пачалося неўзабаве пасьля атрыманьня незалежнасьці — 25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет надаў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону. Тады кіраўніцтва Беларусі мела тры варыянты пераходу ад савецкіх рублёў на ўласныя грошы.

Канстанцін Астроскі на купюры 100 талераў

Па-першае, талеры, якія працягвалі традыцыі часоў Вялікага Княства Літоўскага і досыць доўгі час мелі хаджэньне ў Рэчы Паспалітай. Меркавалася, што на папяровых купюрах будуць адлюстраваныя гістарычныя асобы — Рагнеда, Усяслаў Чарадзей, Канстанцін Астроскі, Леў Сапега, Францішак Скарына і г. д. Разьменным наміналам плянаваўся «грош».

Нерэалізаваны праект рубля з выявамі вядомых асобаў

Па-другое, беларускія рублі пад знакам «Пагоні» з выявамі выдатных прадстаўнікоў найноўшай гісторыі — Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча ды іншых. У якасьці разьменнай манэты таксама прадугледжваўся грош.

Беларускія «зайчыкі»

Па-трэцяе, так званыя «зайчыкі». У 1992 годзе гэтыя «фанцікі» з выявамі жыхароў беларускіх лясоў, узятыя з энцыкляпэдыі «Жывёлы і птушкі Беларусі», сталі першымі разьліковымі білетамі нацыянальнай фінансавай сыстэмы. Праз гіпэрінфляцыю «вавёркі», «бабры», «ваўкі», «рысі», «ласі», «зубры» хутка выцясьнялі адзін аднаго. У выніку «зайцоў», якія абрасьлі шматлікімі кпінамі нават за межамі Беларусі, зьмянілі архітэктурныя помнікі.

Як вярталі аўтэнтычныя «талеры»

Арганізатары выставы пра гісторыю фармаваньня нацыянальнай валюты падкрэсьліваюць, што грошы — ня толькі важны эканамічны інструмэнт, а і адзін з галоўных атрыбутаў сувэрэннай дзяржавы. Але ці былі рэалізаваныя амбітныя задумы?

Яшчэ ў 1991 годзе Савет міністраў БССР даў дазвол на ўтварэньне беларускага Дзяржзнаку. У тым жа годзе мастак Уладзімер Крукоўскі падрыхтаваў канцэпцыю і абгрунтаваньне нацыянальных грошай: «талеры» у якасьці банкнотаў і «грошы» ў якасьці манэт.

Эскізы купюраў з выявамі нацыянальных герояў намаляваў Лявон Бартлаў, дызайнам манэт займаўся Леў Талбузін. Абодва сябры мастацкай суполкі «Пагоня».

Лявон Бартлаў, фота 2016 году

«Канцэпцыя ўвасабленьня была надзвычай сур’ёзная, да справы прыцягнулі самых дасьведчаных людзей. Навукоўцы падрыхтавалі гістарычныя абгрунтаваньні: што нясе з сабой кожная грашовая купюра; што чалавек, які бярэ ў рукі разьліковы білет, павінен адчуваць, — ня толькі ўручыў і за гэта нешта атрымаў, а нешта нашмат большае», — успамінае Лявон Бартлаў.

Кожны намінал талера меў тлумачэньне, чаму на купюры разьмешчаная выява таго ці іншага героя. Стартавалі ад велічыні ў 1 талер і далей для кожнага наміналу — аж да тысячнай купюры. Дробныя грошы — на кожны дзень.

Францішак Скарына на купюры вартасьцю 20 талераў

«Чужых не было», — удакладняе Лявон Бартлаў на пытаньне пра выдатных людзей, якім адводзілася месца на купюрах. Рагнеда і Ўсяслаў Чарадзей, асьветнікі Эўфрасіньня Полацкая і Францішак Скарына; дзеячы ВКЛ Леў Сапега і Канстанцін Астроскі; паўстанец Кастусь Каліноўскі; песьняры Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч; айцы БНР браты Луцкевічы. Усе тыя, хто спрычыніўся да пабудовы, умацаваньня і памнажэньня славы зямлі беларускай.

«Каб мы адважыліся на гістарычную назву, талер за прамінулыя 25 гадоў стаў бы ясным, лёгкім і зразумелым для ўсіх навокал. Гэта было б разумна, правільна, неабходна. А галоўнае, на гістарычна абгрунтаваным матэрыяле. Бо грошы, апроч асноўнай функцыі, павінны выконваць і асьветніцкую місію — каб чалавек, бачачы на купюры выяву выбітнага прадстаўніка нацыі, разумеў датычнасьць да гэтага народу», — кажа Лявон Бартлаў.

Талеры засталіся на ўзроўні ідэі

У талерах, працягвае ён, нацыянальная ідэя прасочвалася на ўсім працягу — ад ідэі да эскізу. І каб урадам было прынятае рашэньне рыхтаваць іх да выпуску, працэс пайшоў бы ў масы без аніякіх пярэчаньняў.

Беларусь засталася з «нэўтральным» рублём

Аднак талеры ў Беларусі так і не зьявіліся. 19 кастрычніка 1994 году дэпутаты Вярхоўнага Савету ўхвалілі пастанову, якая замацавала беларускі рубель у якасьці адзінага законнага плацежнага сродку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Дамінантай сталі выявы гістарычных і дзяржаўных аб’ектаў.

Людзям патлумачылі, што нэўтральны варыянт выбраны як «кампрамісны», паколькі ў грамадзтве няма дакладнага разуменьня, хто зь вядомых людзей варты гонару трапіць на купюры. Выглядае, што тая пазыцыя бярэцца за аснову і сёньня.

Выбітным асобам месца на грашах не знайшлося

Што тычыцца талераў ды рублёў у бел-чырвона-белым аздабленьні, дык іх актуальнасьць адпала сама сабой: пасьля рэфэрэндуму-1995 зьмяніліся дзяржаўныя сымбалі, гістарычныя сьцяг і «Пагоня» апынуліся па-за законам. Адметна, што тэставы наклад «патрыятычных рублёў» за часамі прэм'ера Вячаслава Кебіча быў нават надрукаваны ў Нямеччыне. Але яны шмат гадоў праляжалі ў сховішчы ў Мачулішчах, так і не ўвайшоўшы ў абарачэньне.

Дэпутат ад фракцыі апазыцыі Беларускага Народнага Фронту Юрась Беленькі балятаваўся на пасаду старшыні парлямэнцкай фінансавай плянава-бюджэтнай камісіі і прадказальна прайграў кадраваму партыйцу Раману Ўнучку. Тым ня меней менавіта ён прадстаўляў на разгляд праект закону «Аб банках і банкаўскай дзейнасьці» з нормамі нацыянальнай валюты.

Юрась Беленькі

Як кажа суразмоўца, галоўная праблема была ў тым, што найважнейшыя рашэньні, якія тычыліся функцыянаваньня дзяржавы ў новых умовах, прымаліся кулюарна, без шырокага абмеркаваньня, а часам наогул пад грыфам «сакрэтна». Канстатацыяй факту стала і гісторыя з абвяшчэньнем беларускага рубля — пасьля таго, як Расея дэ-факта выйшла з адзінай рублёвай зоны. Як удакладняе экс-парлямэнтар, пра тое, што нацыянальнай валютай будзе рубель, ён з калегамі даведаўся падчас сэсіі.

«На камісіі пытаньне нават не абмяркоўвалася. Усё пад грыфам сакрэтнасьці, толькі Ўнучко меў допуск (хоць і кандыдат эканамічных навук, але вядома, як першыя сакратары здабывалі званьні). Рассакрэцілі, як усё зрабілі. Падыходжу да старшыні: „Як жа так, а талер?!“ Адказ быў фэерычны: „У музэі грошай у Швайцарыі я запытаў, ці была такая валюта „беларускі талер“. І там сказалі, што не“. Я проста засьмяяўся, бо, каб прымаць такія рашэньні, трэба мець хоць мінімум базавых ведаў. Разумець, як раней называлася Беларусь, дзе эмітаваўся той жа талер».

Эскізы манэт талераў і грошаў аўтарства Льва Талбузіна

У кампаніі лідэраў па гіпэрінфляцыі

За справу ўзяліся людзі, якія ніколі не займаліся пытаньнямі бюджэтна-фінансавай палітыкі, грашова-крэдытанага абарачэньня, працягвае Юрась Беленькі. Зрэшты, працэс аб’ектыўны: паколькі дагэтуль эмісійны цэнтар знаходзіўся ў Маскве, па першым часе складана было адшукаць ня толькі талковых практыкаў, а хоць неяк абазнаных тэарэтыкаў. Так нечакана для сябе Нацыянальны банк узначаліў загадчык катэдры грашовага абарачэньня і крэдыту менскага «наргасу» Станіслаў Багданкевіч.

«Не было спэцыялістаў, чаму ў тэрміновым парадку і выпісалі Багданкевіча — прынамсі падкаваны ў тэорыі. Ён, калі зьявіўся ў Вярхоўным Савеце, хадзіў спалоханы, азіраўся па баках. Пры Янчуку (экс-міністар фінансаў. — РС) ускокваў, як хлопчык перад настаўнікам. Потым ужо крыху замацярэў... Я да таго, што не было такога, каб сабраліся людзі, абмеркавалі, узважылі, вывучылі гістарычны аспэкт і палітычны на пэрспэктыву. Бо ў такой сытуацыі важна было б мець гістарычную назву валюты як масток паміж мінуўшчынай і будучыняй».

На перакананьне Юрася Беленькага, тагачасная намэнклятура ў сілу сваёй абмежаванасьці не магла мысьліць такімі катэгорыямі, паколькі людзі былі выгадаваныя, атрымалі адукацыю і партыйную прышчэпку ў абсалютна іншай сыстэме ідэалягічных каардынатаў. Але менавіта за імі было канчатковае слова ў асноўных пытаньнях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Боны, талеры, пракапейкі: беларускія грошы, якіх не было і ня будзе

Ці мог лёс талера быць больш пасьпяховым, чым ягонага саветызаванага сабрата? Пытаньне збольшага рытарычнае. Як бы там ні было, за чвэрць стагодзьдзя Беларусь перажыла шэраг грандыёзных фінансавых абвалаў і, як вынік, тры маштабныя дэнамінацыі — у 1994, 2000 і 2016 гадах. Калі скласьці ўсе адрэзаныя нулі, будзем мець памер інфляцыі, параўнальны з самымі праблемнымі эканомікамі сьвету — прыкладна 200 000 000 рублёў за 1 даляр.