Анкета на бабіна лета. Аліна Нагорная: «Мой найбольшы страх — прачнуцца ў Расеі»

  • ВА

Аліна Нагорная

У восеньскім праекце Свабоды мы прадстаўляем анкеты цікавых і вядомых людзей. Наша сёньняшняя рэспандэнтка — Аліна Нагорная.

Хто гэта?

Знаная грамадзкая дзяячка. Паліттэхноляг, трэнэрка па арганізацыі адвокасі і палітычных кампаній, прадстаўніца грамадзянскай ініцыятывы «Ўмовы для мовы», аўтарка дапаможніка «Абаронім мову!» Нарадзілася ў Слуцку ў незалежнай Беларусі ў ХХ стагодзьдзі. У ХХІ зразумела, што папраўдзе Беларусь не такая ўжо і незалежная і мае шмат праблемаў, якія трэба вырашаць. Як і яе папярэдніцы мінулых стагодзьдзяў — ад Соф’і Слуцкай да Анастасіі Слуцкай — вырашыла не чакаць ля Случы пагоды, а пачала браць справу ў свае рукі. У грамадзкай і палітычнай дзейнасьці робіць усё з пачуцьцём густу і прыгажосьці, бо яна яшчэ фатографка і фотамадэль.

Аліна Нагорная, 2018 год

1. Калі вы адчувалі найбольшае ў жыцьці шчасьце?

Адразу ўспамінаецца шмат момантаў: як скокнула з парашутам, як зрабіла ў Слуцку літаратурны клюб, каб было дзе і з кім абмеркаваць кнігі, як сустрэла свайго чалавека і закахалася, як дапамагла маці арганізаваць яе першую выставу, як навучылася плаваць, як правяла свой першы трэнінг, як атрымала з друкарні нашыя дапаможнікі «Абаронім мову!», як пабачыла Мёртвае мора, сапраўдны каньён, Амстэрдам... Я яшчэ не гатовая падводзіць рэйтынг шчасьлівых момантаў, адкажу дакладна праз гадоў 50.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На дапаможнік «Абаронім мову» Случак і Нагорная абвясьцілі тэрміновы збор грошай

2. Які ваш найбольшы страх?

Прачнуцца ў Расеі.

3. Які ваш самы раньні ўспамін?

Памятаю чырвоны касэтнік, які бабуля прывезла з Польшчы. Тата ставіў на ім Pink Floyd, Queen, «Кіно», і я танцавала. Мне было 2-3 гады.

4. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў сабе?

Залішні пэрфэкцыянізм. Напрыклад, ва ўнівэрсытэце, калі ў маім сшытку была памылка, я заводзіла новы. А калі гэта быў канспэкт і яго ў канцы сэмэстра трэба было паказваць выкладчыку, даводзілася перапісваць увесь сшытак. Працую над гэтай заганай.

5. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў іншых?

Абыякавасьць да сваёй краіны і памяркоўнасьць.

6. Якая ў вас была самая няёмкая сытуацыя ў жыцьці?

Канцэрт БНР100 у Слуцку. Было няёмка перад калегамі, якія насілі і ставілі банэры, а пасьля гэтыя банэры загадалі прыбраць са сцэны. Перад музыкамі, якія былі вымушаны ехаць на канцэрт зь перасадкамі, бо нашу машыну затрымалі. Перад сябрамі, якія былі са мной пасьля канцэрту і зь якімі нам давялося ўцякаць ад міліцыянтаў у цывільным на таксоўках, маршрутках і спадарожных машынах, бо мы хацелі пасьпець і на менскі канцэрт, а ў выніку іх затрымалі разам са мной за нібыта няправільны пераход дарогі і павезьлі ў слуцкі РАУС. Я разумею, што тут праблема не ў ва мне, а ў беззаконьні, якое адбываецца ў Беларусі, але мне ўсё адно няёмка.

7. Якая ў вас ёсьць самая дарагая вам рэч?

Ігар піша мне вершы на паштоўках. Вось гэтыя паштоўкі — самыя дарагія для мяне рэчы.

8. Якую б вы хацелі мець супэрздольнасьць?

Тэлепартавацца.

Зьміцер Герыловіч, Аліна Нагорная і Даніла Лаўрэцкі падчас дыскусіі «Як моладзь Беларусі ўяўляе сабе сваю будучыню» ў менскім Прэс-клюбе, сьнежань 2018 году

9. Што робіць вас няшчаснай?

Калі бачу несправядлівасьць і не магу ніяк паўплываць.

10. Якая ў вас самая непрыгожая звычка?

Пакідаю без папярэджаньня сустрэчы, размовы, арганізацыі і ініцыятывы, дзе ўсё робіцца толькі для задавальненьня ўласных амбіцыяў і атрыманьня асабістай выгоды. Але я лічу гэтую сваю звычку правільнай.

11. Якую вы маеце заганную прыемнасьць?

Вандраваць аўтаспынам.

12. У каго вам найбольш хацелася б папрасіць прабачэньня і чаму?

У блізкіх — за тое, што шмат часу аддаю справам.

Юрыст, «моўны інспэктар» Ігар Случак і Аліна Нагорная, 2018 год

13. Найлепшы пацалунак у вашым жыцьці?

Кожны шчыры і ўзаемны пацалунак — найлепшы.

14. Найбольшае ў жыцьці расчараваньне?

Здрада ў справах. Калі разам з кімсьці працуеш над ідэямі, значнымі для грамадзтва, чалавек гарыць імі, ледзь не па начох зьбірае нарады, а пасьля лянуецца даводзіць справы да канца. Цяпер такога ўжо няма, бо я вельмі ўважліва выбіраю, з кім супрацоўнічаць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ініцыятыўнай групе кандыдаткі адмовілі ў рэгістрацыі, не зразумеўшы Выбарчы кодэкс

15. Калі б вы маглі нешта зьмяніць у мінулым жыцьці, што б гэта было?

Падумаю пра гэта, калі мне падораць машыну часу.

16. Калі б вы маглі трапіць у мінуласьць, дзе б вы хацелі апынуцца?

Можа, схадзіла б на канцэрт Queen.

17. Калі вы былі найбліжэй да сьмерці?

Калі рабіла сальта разам з матацыклам пасьля няўдалага дрыфту.

18. Якая адна рэч павысіла б якасьць вашага жыцьця?

Штодзённы здаровы васьмігадзінны сон.

19. Ваша найбольшае дасягненьне?

Перамога над сваімі страхамі. Раней я баялася выступаць публічна, баялася задаваць пэўныя трэнды. А цяпер трэнінгамі, парадамі, дзеяньнямі і акцыямі я натхняю людзей, паказваю, што магчыма нешта зьмяняць да лепшага, трэба проста пачаць.

20. Што вам не дае спаць па начах?

Мары, думкі, ідэі.

21. Што вам запомнілася зь мінулага лета?

Зьдзейсьнілася мара: у нас зьявіўся ўласны дом. Летам мы зь сябрамі рабілі там рамонт, а ў перапынках ладзілі акцыі абароны моўных правоў і працавалі над выданьнем кніжкі маміных вершаў. Пакупаліся ўсяго два разы, таму набылі сабе квіткі ў Ізраіль і вырашылі зрабіць сабе лета ў сьнежні.

22. Што б вы хацелі, каб пра вас памяталі?

Абаронцы Случчыны ў 1920 годзе, як кажуць легенды, «ішлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына». Я б усё ж хацела, каб мяне згадвалі словамі «Жыла, каб жыла Бацькаўшчына». Чаго жадаю і ўсім беларусам.